23 кастрычнiка 2019, Серада, 4:24
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

«Белсат»: Мільённыя хабару ідуць праз спортклуб Лукашэнкі?

30
«Белсат»: Мільённыя хабару ідуць праз спортклуб Лукашэнкі?
Иллюстрационное фото

Як улады спрабуюць адабраць кавалак зямлі ў жыхаркі Менска.

Кавалак зямлі на вуліцы Ціміразева ў Менску, дзе стаіць дом Ніны Мігачовай, выкарыстоўваючы розныя падставы, хочуць адабраць мясцовыя ўлады. Першая спроба адбылася яшчэ восем гадоў таму. Тады зямлю хацелі забраць нібы пад пашырэнне вось гэтае дарогі. Амаль пяць гадоў ішлі разборы ў судах, але Ніна змагла абараніць свой дом, піша «Белсат».

«Выявілася, што зруйнаванню не падлягае, бо не было дзяржаўнае патрэбы», – кажа спадарыня Ніна.

Нягледзячы на тое, што паводле дакументаў дом пад руйнаванне не падпадаў, гаспадарам доўга не давалі дазволу на любыя інфраструктурныя працы, напрыклад, газарамонтныя. Навіна пра тое, што дом ізноў забіраюць, прыйшла летась. Забудоўнік прапанаваў спадарыні Ніне кампенсацыю, якую яна лічыць неадпаведнаю.

«Нам не прапанавалі ніводнага варыянту кватэры, – распавядае ўласніца прыватнага дому. – «Будінвест-Ратамка» ацаніла нашыя 75 «квадратаў» у цэнтры гораду на $5800».

Менгарвыканкам стаў на бок забудоўніка, але наша гераіня і гэтым разам змагла абскардзіць пастанову ў судзе.

«Кажуць, што гэты надзел канфіскоўваецца для дзяржаўнай патрэбы. А насамрэч – аддаецца камерцыйнай фірме для пабудовы шматпавярховікаў», – сцвяржае Ніна.

Ніна правяла ўласнае расследаванне і змагла атрымаць дакумент, які, на ейную думку, робіць больш зразумелым лаяльнасць гарадскіх уладаў да прыватнага забудоўніка.

«У адным з пунктаў чытаю: 50 даляраў ЗША за кожны пабудаваны квадратны метр ад агульнай плошчы кватэраў жылых дамоў пералічыць на развіццё спорту і фізкультурна-аздараўленчага руху ў краіне праз прэзідэнцкі спартовы клуб», – распавядае жанчына.

Калі ўлічыць, што на гэтым месцы збіраюцца пабудаваць шматкватэрнікі, то сума можа ісці на мільёны даляраў.

Былы дэпутат парламенту і юрыст Сяргей Скрабец зазначае, што гэта адна з карупцыйных схемаў, якая існуе ў нашай краіне.

«Кіруе прэзідэнцкім спартовым клубам сын Аляксандра Лукашэнкі Дзмітрый. Не сакрэт, што гэты клуб існуе на спонсарскія грошы, а спонсарства ў нашай краіне даўно перастала быць добраахвотным. На самай справе, гэта не з’яўляецца злачынствам паводле нашых законаў, кожная фірма самастойна вырашае, каму яна хоча пералічваць і якія грошы. Але гэта схаваная форма карупцыі», – тлумачыць Сяргей Скрабец.

Аднак у любым выпадку Сяргей Скрабец раіць спадарыні Ніне дабівацца справядлівае кампенсацыі.

«Звяртацца да нашых заканадаўчых актаў, да пастаноў Менгарвыканкаму, у якіх кажацца, што ёй абавязаныя падаць такія ж жылыя метры, якія ў яе забіраюць, і ў тым жа раёне», – раіць юрыст.

Наша гераіня кажа, што баіцца ўжо не толькі за свае маёмасныя правы.

«Цяпер я асцерагаюся за сваё жыццё. У дом былі пранікненні, скралі ноўтбук і некалькі іншых рэчаў. І рэагаванне міліцыі практычна адсутнічае. І звярнуцца мне па дапамогу, каб мяне абаранілі і захавалі маё жыццё, няма да каго», – кажа Ніна Мігачова.