25 красавiка 2024, Чацвер, 13:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прадпрымальнік: Людзі бяруць рэчы напавер пад запіс у сшытак

42
Прадпрымальнік: Людзі бяруць рэчы напавер пад запіс у сшытак

Да чаго прывялі «сюрпрызы» ўладаў для ІП.

У Беларусі амаль палова індывідуальных прадпрымальнікаў збіраецца закрыць свой бізнэс цягам найбліжэйшага часу. Многія з іх гатовыя з'ехаць з краіны. Такія звесткі былі атрыманыя падчас апытання амаль тысячы прадпрымальнікаў.

Пракаментаваць сітуацыю, якая склалася сайт Charter97.org папрасіў прадпрымальніка і прадстаўніка Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу ў Слоніме Віктара Марчыка:

- Я даслоўна сёння быў на нашым слонімскім рынку, дзе размаўляў з прадпрымальнікамі. Хачу адзначыць, што на рынку было пуста. Я прайшоўся па ім і наогул не знайшоў пакупнікоў. Прадпрымальнікі проста сядзяць, вядуць размовы паміж сабой на бытавыя тэмы. Пра якісьці прыбытку гаворкі не ідзе.

Многія маладыя ІП, якія нядаўна адкрыліся, былі вымушаныя закрыцца. У асноўным гандляваць на рынках засталіся тыя, хто на пенсіі або каму да яе недалёка. Яны яшчэ імкнуцца трымацца, бо дзявацца ім няма куды - на працу іх ужо ніхто не возьме. У нас у краіне масавае беспрацоўе, а калі і ёсць нейкая вакансія, то з такім мізэрным заробкам, што яго дастаткова толькі на аплату камуналкі.

Сёння сітуацыя выглядае так, што нават у выходныя дні існуе вялікая праблема з пакупнікамі. Яны ёсць, але гэта не тое, што было раней. Пакупніцкая здольнасць людзей адчувальна ўпала. Увогуле, у буднія дні ў ІП у касах па нулях, а калі ў выходныя прададуць 2-3 рэчы, то гэта шчасце. У асноўным жа, людзі бяруць рэчы напавер пад запіс у сшытку. Натуральна, што не кожны аддае, прадпрымальнік вельмі рызыкуе, а інакш не атрымліваецца. Калі не даць напавер то ўвогуле можна нічога не прадаць.

- Вы адзначылі закрыццё маладых ІП. Сапраўды, даследаванне паказала, што «прадпрымальніцкі сектар старэе», а моладзь неактыўна ідзе ў прадпрымальнікі. Чаму?

- У гэтым сваю ролю адыгралі пастаянныя «сюрпрызы» ад уладаў у выглядзе ўказаў, дэкрэтаў, законаў, якія не дапамагаюць малому і сярэдняму бізнэсу развівацца, а наадварот яго знішчаюць. Хоць, па тэлевізары так прыгожа балбочуць пра «карысць для ІП». Напраўду гэтага няма. Моладзь усё бачыць і не хоча рызыкаваць.

- З якімі праблемамі, на ваш погляд, сутыкаюцца сёння прадпрымальнікі?

- Не варта забываць пра «знакаміты» ўказ №222. Ён паклаў прадпрымальнікаў «на лапаткі».

Асобна яшчэ хачу адзначыць азіяцкія танныя крамы. Нашы ІП загнаныя ў такую пастку, што ім трэба браць тавар менавіта з накладнымі. Ён выходзіць лепшай якасці, але і каштуе значна даражэй, а паколькі заробкі ў людзей, асабліва ў рэгіёнах, нізкія, то яны б і хацелі купіць больш якасную адзежу ці абутак, але не могуць сабе гэта дазволіць. У выніку, ідуць у сэканд-хэнды або азіяцкія крамы. Там рэчы на адзін раз, але танней.

Сёння ісці ў прадпрымальніцтва - гэта укладваць грошы ў нікуды. Стратна. Прадпрымальнікі, якія даўно ў бізнэсе, з 90-ых гадоў, проста гібеюць на рынку і праядаюць тое, што зарабілі раней.

- Апытанне паказала, што 92% прадпрымальнікаў мяркуюць, што ІП раздробнага гандлю знішчаюцца, як клас. Ці згодныя вы з гэтым?

- Згодзен. Лукашэнка ўжо даўно казаў, што калі-небудзь пацісне руку апошняму прадпрымальніку. Пакуль што яму гэтага не ўдалося дабіцца, бо прадпрымальнікі ўсё ж такі імкнуцца змагацца за сваімі правы і хоць маленькіх перамог, але дамагаліся. Менавіта барацьба дазволіла нашым ІП дацягнуць да сённяшняга дня.

З Савецкага Саюза беларускія ўлады ўзялі самае горшае. Той, хто наверсе - мае ўсё, а той, хто ўнізе - не мае нічога. Вышэйшыя цягнуць з ніжніх. Атрымліваецца, што прадпрымальнікі плацяць падаткі, застаючыся ў каласальных стратах. На мой погляд, гэта робіцца адмыслова, каб здушыць малы і сярэдні бізнэс, бо Лукашэнка хоча кантраляваць усё і ўсіх. ІП - больш незалежная праслойка грамадства, а правадыру гэта нявыгадна. Але яго планам па знішчэнні не наканавана ўсё ж спраўдзіцца. Не той час, не тая сітуацыя.

- У сітуацыі, якая склалася, што б вы хацелі сказаць сваім калегам-прадпрымальнікам?

- Мы можам абараніць сябе. Я са свайго досведу магу сказаць, што толькі супольная кансалідацыя сіл і масавыя акцыі пратэсту даюць вынік. У гэтым выпадку ўлады вымушаны прыслухоўвацца да нас. Калі яны бачаць, што людзі ўсхваляваныя, то ідуць на саступкі. Падкрэслю, трэба ўмець абараніць.

Часам сітуацыя даходзіць да таго, што трэба дзейнічаць смела. Аж да змены ўлады ў краіне.

Асобна хачу сказаць пра масавыя праверкі Дзяржстандарту у выніку якіх у ІП па ўсёй Беларусі сёння адбіраюць тавар.

Дык вось, дарагія калегі, калі на Плошчы будзе стаяць не 100-200, а 30 тысяч прадпрымальнікаў, то тады мы развяжам усе пытанні. Яшчэ нам трэба спыніць усе выплаты ў бюджэт і паглядзець на вынік!

Уладам патрэбныя грошы. З дапамогай масавых праверак яны набіваюць сабе кішэні. Ім выгадна прысуджаць ІП велізарныя штрафы, канфіскоўваць наш тавар, які потым прадаюць у дзяржаўных крамах. Улады выкарыстоўваюць простую схему: прадпрымальнікі за свой кошт закупілі тавар, яго адабралі, прадалі і грошыкі паклалі ў сваю кішэню. Бандытызм на дзяржаўным узроўні! Гэта трэба спыняць.

Ведаеце, калі б я апынуўся перад Лукашэнкам, то сказаў бы яму: «Годзе! Не бойся, аддавай уладу, сыходзь. У краіне ўсё пагаршаецца, ты ж бачыш. У цябе ўжо няма сіл. Успомні, ты ж абяцаў у 1994 годзе «рабіць усё для людзей», дык і зрабі для людзей. Не для сябе, свайго асяроддзя, а для простых беларусаў. Проста ідзі. Беларусі патрэбныя сумленныя выбары, на якіх мы самі абяром, які лідар нам патрэбны».

Напісаць каментар 42

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках