24 красавiка 2024, Серада, 11:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Незалежная журналістка з Віцебска: Нас аштрафавалі за тое, што размаўлялі з людзьмі

3
Незалежная журналістка з Віцебска: Нас аштрафавалі за тое, што размаўлялі з людзьмі

Двум віцебскім журналістам прысудзілі $609 штрафаў.

Судовы працэс над незалежнымі журналістамі Аленай Шабуняй і Вячаславам Лазаравым праходзіў у Наваполацкім гарадскім судзе. Суддзя Зінаіда Балаболава прызнала абодвух журналістаў вінаватымі ў «незаконным вырабе» і «распаўсюдзе прадукцыі СМІ» на падставе артыкула 22.9 КоАП, паведамляе «Радыё Рацыя».

Падставай для судовага разбіральніцтва стаў відэасюжэт, паказаны ў перадачы на тэлеканале «Белсат». Там распавядалі пра аварыю на наваполацкім прадпрыемстве «Палімір» і пра ўчынак работніка Андрэя Швілпа, які выратаваў сваіх калег, але потым быў асуджаны за прычыненне шкоды вытворчасці. Ён прысутнічаў на судзе ў якасці сведкі, і мяркуе, што журналістаў пакаралі незаслужана:

- Яны прыехалі і проста спыталі мяне, якая была сітуацыя падчас аварыі і чаму я не згодны з прысудам. Усё! Іх жа абвінавачваюць у нейкіх правапарушэннях, абавязалі выплаціць грошы. За што? За тое, што яны мне дапамаглі? За тое, што данеслі праўдзівую інфармацыю? Гэта абсалютна незразумела.

З пастановай суда не згодныя і калегі-журналісты, якія прысутнічалі на працэсе, і самі аштрафаваныя. Караць трэба не іх, мяркуе Алена Шабуня:

- Вядома, гэта дзікія штрафы, і, я мяркую, проста ні за што! Так, мы размаўлялі з людзьмі і яны расказвалі нам пра праблемы, якія ёсць у нашай краіне. Як можна за гэта штрафаваць? Трэба штрафаваць тых, хто гэтыя праблемы стварыў і не жадае паляпшаць жыццё беларусаў. Вось іх трэба штрафаваць!

Віктар Стукаў, кіраўнік полацка-наваполацкай суполкі «БАЖ»:

- Тое, што рабілі гэтыя журналісты - гэта звычайная праца журналістаў. Больш за тое: згодна з нашай Канстытуцыяй, кожны чалавек можа ствараць такія матэрыялы, бо ў кожнага ў кішэні тэлефон з камерай, і можа адпраўляць іх у сацыяльныя сеткі або ў нейкі сродак масавай інфармацыі, беларускі ці замежны. Хіба гэта можна забараніць?

Аштрафаваныя журналісты і іх калегі заўважылі мноства парушэнняў і ў працы міліцыянтаў, якія рыхтавалі матэрыялы адміністрацыйных спраў, і ў дзеяннях суддзі ў часе працэсу. Алена Шабуня і Вячаслаў Лазараў збіраюцца абскардзіць пастанову аб пакаранні штрафамі ў Віцебскім абласным судзе.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках