25 красавiка 2024, Чацвер, 7:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Мама-328» Юлія Астроўка: Жадання займацца вострымі тэмамі ў UNICEF у Беларусі пакуль няма

2
«Мама-328» Юлія Астроўка: Жадання займацца вострымі тэмамі ў UNICEF у Беларусі пакуль няма
Фота: DW

Магчыма, актыўнасць беларусаў зменіць сітуацыю.

Юлія Астроўка, маці асуджанага непаўналетняга Эміля Астроўкі, за якога заступілася Amnesty International, распавяла пра паход да кіраўніка прадстаўніцтва Дзіцячага фонду ААН (UNICEF) у Беларусі.

Эміль Астроўка ўтрымліваецца ў Бабруйскай выхаваўчай калоніі №2 для непаўналетніх злачынцаў, якую роўна месяц таму наведала дэлегацыя ЮНІСЕФ у суправаджэнні пасла Вялікабрытаніі Фіёны Гіб. Пасля гэтага маці Эміля - адная з актывістак руху «Маці 328» Юлія - сустрэлася з чыноўнікам з ААН. Пасля размовы з ім яна пагадзілася даць інтэрв'ю Магілёўскаму часопісу аб правах чалавека mspring.online.

- Юлія, наколькі складана было трапіць на прыём да кіраўніка прадстаўніцтва ЮНІСЕФ у Беларусі, і ці валодаюць, па-вашаму, чыноўнікі ААН сітуацыяй?

- Я і мае калегі з руху «Маці-328» сталі пісаць лісты і звароты ў ЮНІСЕФ дзесьці з восені мінулага года, калі мы даведаліся, што выкарыстанне артыкула 328 КК да непаўналетніх парушае Канвенцыю ААН аб правах дзіцяці. Відавочна, лісты даходзілі, але ніякіх адказаў на іх не было. Пасля таго як стала вядома, што дэлегацыя ЮНІСЕФ наведала Бабруйск, я адразу ж патэлефанавала ў офіс гэтай арганізацыі і запісалася на прыём. Як высветлілася, мяне там ужо ведалі і памяталі са зваротаў.

Шчыра кажучы, у мяне склалася дзіўнае адчуванне ад візіту. Мне прызначылі дату прыёму на 13 траўня. І высветлілася, што на гэтую ж дату запрасілі яшчэ сям'ю Шаркоўскіх, чый кейс таксама зацікавіў міжнародныя арганізацыі. Гэта значыць, з лістапада месяца на нас не звярталі ўвагі, а было, як мінімум, 26 зваротаў з апісаннем спраў і з экспэртызамі. Цяпер раптам прынялі толькі дваіх. Спадар Рашэд Мустафа Сарвар (кіраўнік прадстаўніцтва Дзіцячага фонду ААН (UNICEF) у Беларусі) больш слухаў і ківаў галавой. А вось ягоны памочнік, які прадставіўся Дзмітрыем (Дзмітрый Шылін, старшы каардынатар у пытаннях абароны дзяцінства — рэд.), больш вёў размову і даваў адказы.

- Месяц таму дэлегацыя ЮНІСЕФ наведала ВК-2 у Бабруйску. Вы абмяркоўвалі ўмовы ўтрымання непаўналетніх там?

- Так, вядома. І яны сказалі, што там усё выглядае нядрэнна. Праўда, абмовіліся, што на «промку» іх не павялі. Яны адзначылі, што ў ВК-2 ёсць бібліятэка, розныя бытавыя выгоды і гэтак далей. А я на гэта адказала, што ў дзяцей там усяго гадзіна асабістага часу, таму тая бібліятэка мала каму патрэбна.

Яшчэ ёсць вельмі важны момант. ЮНІСЕФ не хацела рабіць там ніякія праекты і не збіраецца нічога фінансаваць. Як сказаў Зміцер, гэта навіна, якую чамусьці самастойна распісалі беларускія дзяржаўныя СМІ. Дэлегацыя ЮНІСЕФ наведала калонію ў рамках праграмы для аднаўленя правасуддзя і рэсацыялізацыі непаўналетніх. А дзяржаўныя СМІ заявілі, што ААН прафінансуе тры праекты для ВК-2: медыяцэнтр з тэлестудыяй, псіхалагічную лабараторыю і дыстанцыйны доступ да Нацыянальнай бібліятэкі.

- Ці ведае Рашэд Мустафа Сарвар аб парадках, якія пануюць у выхаваўчай калоніі №2?

- Я распавяла яму пра тое, што былі факты, калі дзяцей білі, пра гатавальнік вады, якім не даюць карыстацца і аб усіх іншых выпадках здзекаў з дзяцей. Спадар Рашэд Мустафа Сарвар толькі слухаў і ківаў.

Затое вельмі дзіўна, як я мяркую, выказаўся ягоны памочнік Зміцер. Ён выпусціў фразу, што не заўсёды шум і публічнае паведамленне інфармацыі дапаможа. Калі чалавек, які працуе ва ўстанове ААН дае параду маўчаць, гэта выклікае падазрэнне. У адказ я адназначна сказала, што маці не будуць маўчаць, калі гаворка ідзе пра іх дзяцей.

- Што наконт парушэння Рэспублікай Беларусь Канвенцыі аб правах дзіцяці пры выкарыстанні артыкула 328 КК да непаўналетніх? Вы казалі пра гэта?

- Ну, вядома ж. І тут было поўнае разуменне. ЮНІСЕФ мяркуе, што Канвенцыя ААН аб правах дзіцяці адназначна не выконваецца ў Беларусі, і беларускае прадстаўніцтва Дзіцячага фонду ААН у рамках свайго мандата будзе спрабаваць урэгуляваць сітуацыю з уладамі. Як я зразумела, рыхтуецца сустрэча ў МУС на гэтую тэму. Будзе ісці гаворка аб захаванні Пекінскіх правілаў і аб захаванні мінімальнага пакета правілаў абыходжання з непаўналетнімі.

- Якія ў вас адчуванні ад гутаркі?

— Я не засталася ўражаная сустрэчай. І, магчыма, мае суразмоўцы таксама не вельмі задаволеныя. Напрыканцы было відаць, што ўсе раззлаваліся, хоць кіраўнік прадстаўніцтва ЮНІСЕФ, як дыпламат, стараўся не праяўляць эмоцый.

Але ёсць з чым параўнаць. «Маці 328» сустракаюцца і з пасламі розных краін, і з прадстаўнікамі міжнародных арганізацый - і ўсе яны імкнуцца неяк дапамагчы, прапануюць нейкія дзеянні, спачуваюць і праяўляюць спачуванне. У ЮНІСЕФ я гэтага не ўбачыла. Хоць мы разумеем, што праца Дзіцячага фонду ААН - гэта немалыя грошы, і, на мой погляд, аддача магла б быць большай. Відаць, што вялікага жадання займацца вострымі тэмамі там пакуль няма. Магчыма, актыўнасць «Маці 328» зменіць сітуацыю. Бо ў нас іншага шляху проста няма.

Для даведкі: Дзіцячы Фонд ААН (ЮНІСЕФ) быў заснаваны неўзабаве пасля заканчэння Другой сусветнай вайны — у 1946 годзе. Гэта найбуйнейшая ў свеце арганізацыя, якая дзейнічае пад эгідай Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, якая абараняе правы дзяцей у больш чым 190 краінах і тэрыторыях. Больш за ўсё намаганняў накіраваны на самых уразлівых-дзяцей ва ўзросце да 8 гадоў; дзяцей з інваліднасцю; тых, хто застаўся без бацькоўскага клопату; падлеткаў, якія знаходзяцца ў канфлікце з законам; дзяцей і жанчын, якія перажылі гвалт.

У канцы сакавіка праваабарончая арганізацыя Amnesty International пачала кампанію тэрміновага дзеяння з патрабаваннем абараніць правы непаўналетніх Эміля Астроўкі і Васіля Саўчанкава. У 2018 годзе гэтыя сямнаццацігадовыя школьнікі былі прысуджаныя да 10 гадоў пазбаўлення волі кожны. На думку праваабаронцаў, гэта занадта жорсткае пакаранне для падлеткаў. У 2015 годзе ў Беларусі дэкрэтам прэзідэнта была ўведзеная крымінальная адказнасць паводле артыкула 328-ы КК «Незаконнае абарачэнне наркатычных сродкаў» з 14 гадоў. Максімальнае пакаранне да 25 гадоў пазбаўлення волі.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках