24 красавiка 2024, Серада, 20:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Найбуйнейшы незалежны НПЗ у Расеі спыніў працу

3
Найбуйнейшы незалежны НПЗ у Расеі спыніў працу
Фота: annpz.ru

Падатковы манеўр у нафтавай галіне дасягнуў першых вынікаў.

Падатковы манеўр у нафтавай галіне, які з 2018 года праводзіць урад РФ, дасягнуў першых істотных вынікаў, піша finanz.ru.

Анціпінскі нафтаперапрацоўчы завод у Цюменскай вобласці - найбуйнейшы ў краіне НПЗ, якія не ўваходзяць ні ў адну з вертыкальна інтэграваных сыравінных карпарацый, - спыніў працу.

«Транснафта» спыніла пастаўкі нафты на завод і выключыла яго з плана адгрузкі на травень, паведаміў раніцай у чацвер ТАСС афіцыйны прадстаўнік карпарацыі Ігар Дзёмін.

Увечары таго ж дня завод адключылі ад доступу да таргоў на Санкт-Пецярбуржскай міжнароднай таварна-сыравіннай біржы (СПбМТСБ). НПЗ не выканаў абавязацельствы: падпісаўшы ўгоды на продаж 1,02 тысячы тон дызельнага паліва, не змог паставіць прадукцыю, патлумачылі на біржы.

Фактычна прадпрыемства выведзенае з эксплуатацыі цалкам, распавялі «Ведомостям» крыніцы, у ліку якіх контрагент, чыноўнік і чалавек, блізкі да крэдытораў завода.

У красавіку ў кампаніі амаль цалкам вычарпаўся абаротны капітал, і нафту закупляць няма за што.

У канцы 2018 года кампаніі дапамог Ашчадбанк, які выдаў НПЗ 10 млрд рублёў крэдыту і накіраваў свайго прадстаўніка на прадпрыемства - Максіма Андрыясава, якому было даручана вывесці НПЗ з крызісу.

Але ў студзені-сакавіку завод працаваў на траціну магутнасці, і даходаў не выстарчыла, каб аплачваць пазыку. У пачатку траўня VTB Commodities Trading («дачка» ВТБ) падала пазоў да НПЗ у Высокі суд Лондана з патрабаваннем замарозіць актывы прадпрыемства на 225 млн еўраў.

«Прадпрыемства прыбытковае, але прыбытку не выстарчае, каб вяртаць пазыкі», - кажа галоўны эканаміст Vygon Consulting Сяргей Яжоў.

Фінансавыя праблемы НПЗ, уласнікі якога актыўна ўкладваліся ў мадэрнізацыю, што дазволіла пачаць выпуск бензіну класа Euro 5 у аб'ёме 800 тысяч тон на год, абвастрыліся пасля таго, як урад павялічыў падатковую нагрузку на галіну і адначасова запатрабаваў замарозіць раздробныя кошты.

У красавіку стала вядома, што завод можа быць прададзены дзяржаўнай нафтагазавай кампаніі Азербайджана SOCAR, якая атрымае 100% актываў цяперашняга ўласніка НПЗ - New Stream Group Дзмітрыя Мазурава, у тым ліку нафтавыя радовішчы ў Арэнбургскай вобласці (Магутаўскае, Варанцоўскае і частка Грамячэўскага).

Адначасова, як меркавалася, пакупнік возьме на сябе абавязак New Stream Group, які складае 3 млрд даляраў. Але перамовы сарваліся.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках