20 красавiка 2024, Субота, 8:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мухтар Аблязаў: Усе дыктатарскія рэжымы будуць імкліва абрынацца

21
Мухтар Аблязаў: Усе дыктатарскія рэжымы будуць імкліва абрынацца
МУХТАР АБЛЯЗАЎ
ФОТА: FACEBOOK

Падзеі развіваюцца вельмі дынамічна.

9 чэрвеня ў Казахстане пройдуць датэрміновыя прэзідэнцкія выбары. Нурсултан Назарбаеў, які кіраваў краінай 29 гадоў, у сакавіку гэтага года абвясціў аб сыходзе з пасады прэзідэнта краіны, падпісаўшы указ аб складанні паўнамоцтваў. Аднак улада ў Казахстане па-ранейшаму канцэнтруецца ў ягоных руках.

Аб магчымым сцэнары развіцця сітуацыі ў краіне ў сувязі з будучымі выбарамі сайту Charter97.org распавёў лідар апазіцыйнага руху «Дэмакратычны выбар Казахстану», экс-міністр энэргетыкі, індустрыі і гандлю Мухтар Аблязаў.

- Як вы ацэньваеце сітуацыю ў Казахстане напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў? У краіне ўсё часцей праходзяць акцыі пратэсту.

- У Казахстане нарастаюць пратэстныя настроі. Прыкмет гэтага вельмі шмат. Калі летась мы першыя, менавіта як палітычная арганізацыя «Дэмакратычны выбар Казахстана», пачалі арганізоўваць акцыі пратэсту, то ўжо з пачатку гэтага года людзі самаарганізоўваюцца і выходзяць на вуліцы. Асабліва актыўныя маці, якія сутыкаюцца з сур'ёзнымі праблемамі. Яны сотнямі выходзяць да гарадскіх адміністрацый, пратэстуюць ля рэзідэнцыі прэзідэнта. Раней ішлі да Нурсултана Назарбаева, а цяпер да Касыма-Жамарта Такаева. Напрыклад, учора ў Казахстане быў форум, на якім прысутнічаў Назарбаеў, і жанчыны выйшлі да яго з патрабаваннем вырашыць іх праблемы.

Увогуле, цяпер вельмі моцна нарастае пратэстная маса, і 9 чэрвеня, калі мы плануем правесці акцыі ва ўсёй краіне, адбудзецца, напэўна, выбух, а далей пратэсты будуць толькі нарастаць.

- Ці ёсць у апазіцыі шанцы на ўдзел у прэзідэнцкай выбарчай кампаніі?

- У прэзідэнцкіх выбарах апазіцыя не ўдзельнічае. Назарбаеў ужо даўно так арганізоўваў перадвыбарчы працэс, што ніхто з апазіцыі не можа ў ім удзельнічаць. Апазіцыянераў загадзя «выбіваюць», саджаюць у турму, пераследуюць, абвінавачваюць у крымінальных і адміністрацыйных парушэннях. Увогуле, усяляк перашкаджаюць удзелу ў прэзідэнцкіх выбарах.

У прэзідэнцкіх выбарах аб'яднаная апазіцыя апошнім разам удзельнічала ў 2005 годзе. З тых часоў апазіцыю пазбавілі гэтага права, таму мы абвясцілі агульнанацыянальны байкот і плануем 9 чэрвеня вывесці тысячы людзей на вуліцы. Мы будзем патрабаваць правядзення дэмакратычных выбараў і таго, каб уся палітычная верхавіна пакінула ўладу. Вось такая ў нас задача.

Гэтыя выбары мы не ўважаем за легітымныя. Тым больш, што ў заканадаўства ўнесеныя такія папраўкі, якія не дазваляюць усім грамадзянам удзельнічаць у выбарах. Па-першае, няма такога паняцця, як самавылучэнец, якое існуе ва ўсім свеце.

Цяперашняе заканадаўства выглядае так, што ў выбарах можа ўдзельнічаць толькі чалавек, які не менш за 5 гадоў адпрацаваў на дзяржаўнай службе. Па-другое, кандыдата ў прэзідэнты вылучае партыя ці агульнарэспубліканскае аб'яднанне. У нашай краіне ўсе гэтыя агульнарэспубліканскія аб'яднанні і партыі пад кантролем улады.

Няма ніводнай зарэгістраванай партыі ў краіне, якая не была б прэзідэнцкай, таму фактычна 99 адсоткаў выбаршчыкаў пазбаўленыя права ўдзельнічаць у выбарах. Парушаная Канстытуцыя, якая прадугледжвае, што ва ўсіх грамадзян роўныя правы.

Удзел у выбарах толькі тых, хто быў дзяржслужбоўцам, гэта пазбаўленне незалежнага чалавека магчымасці быць абраным. Гэта супярэчыць не толькі Канстытуцыі, але і ўсім міжнародным дамовам, якія падпісаў Казахстан, а, як вядома, міжнародныя дамовы стаяць вышэй, чым унутраныя законы краіны.

Таму, падкрэслю, мы ўважаем выбары за незаконныя і 9-10 чэрвеня выводзім нашых грамадзян на акцыі пратэсту ва ўсёй краіне.

- Які план у Назарбаева? Каго ён мае намер зрабіць сваім пераемнікам?

- План у Назарбаева вельмі просты. Ён хоча, каб прэзідэнтам стаў Такаеў - былы старшыня Сената, а затым, праз некаторы час, каб улада была перададзеная ягонай дачцэ.

Як толькі Такаева абвясцілі выканаўцам абавязкаў прэзідэнта, кіраўніком Сената і другім чалавекам у дзяржаве стала дачка Назарбаева Дарыга. Назарбаеў хоча, каб Такаеў стаў фармальным прэзідэнтам на пяцігадовы тэрмін, а праз кароткі час паводле якіх-небудзь прычын, напрыклад, па стане здароўя, аддаў уладу. Тады, паводле Канстытуцыі, гэтыя пяць гадоў можа кіраваць дачка Назарбаева, бо яна старшыня Сената.

Мы хочам перашкодзіць планам Назарбаева. Наогул, ён хацеў бы, каб у прэзідэнцкіх выбарах удзельнічала толькі ягоная дачка, але мы мінімум за год выкрылі ўсе ягоныя планы і паднялі голас грамадскасці. Людзі пачалі выказваць пратэст, заяўляць, што не прымуць на пазіцыі прэзідэнта дачку Назарбаева. Вось ён і наважыў такую «пракладку» зрабіць: паставіць Такаева прэзідэнтам краіны, а ўсіх патэнцыйных канкурэнтаў ліквідаваць.

У краіне няма ніводнай зарэгістраванай апазіцыйнай партыі. За пусты плакат, з якім чалавек выходзіць на плошчу, арыштоўваюць. Калі ён на футболцы піша слова «праўда», то яго арыштоўваюць. Гэта не жарты, а факты, якія зусім нядаўна мелі месца ў Казахстане.

- Ці засталіся ў Казахстане незалежныя медыі і грамадзянская супольнасць?

- Незалежных медыяў не засталося. Грамадзянская супольнасць як такая ёсць. Пытанне - наколькі яна незалежная. Цяпер вельмі шмат моладзі выходзіць у футболках са словамі «праўда», пустымі плакатамі - так яны выказваюць свой пратэст. Я мяркую, што менавіта цяпер у нас развіваецца незалежная грамадзянская супольнасць.

Назарбаеў - махляр. Ён хоча ўстанавіць манархічны лад, каб улада перадавалася па спадчыне толькі ягоным сямейнікам. Але моладзь і грамадства агулам абураныя. 9 чэрвеня пакажа, ці шмат такіх людзей.

- Раскажыце пра ўзначалены вамі рух «Дэмакратычны выбар Казахстану».

- У лістападзе 2001 года мы з таварышамі, якія былі губернатарамі абласцей, віцэ-прэм'ерамі, дэпутатамі, бізнэсоўцамі і грамадскімі дзеячамі абвясцілі аб стварэнні «Дэмакратычнага выбару Казахстана». Тады мы меркавалі, што будуць праведзеныя выбары ў мясцовыя ўлады на ўсіх узроўнях, што ў прэзідэнта не будзе такіх звышпаўнамоцтваў, парламент будзе абірацца народам, урад будзе зацвярджаць парламент. Уласна, мы прапаноўвалі падзел уладаў, каб не было дыктатара.

Праз гэта мяне і майго таварыша пасадзілі ў турму. Мяне на шэсць гадоў, а Галымжана Жакіянава, які быў губернатарам Паўладарскай вобласці, на сем гадоў.

Рух быў раздушаны, але потым рэанімаваны. Пасля таго, як я больш за год адседзеў у турме, у 2003 годзе мы зноўку стварылі рух.

У траўні 2004 года нам удалося стварыць партыю, праз паўгода яна была забароненая, як «экстрэмісцкая». Гэта была доўгая барацьба, і цяпер мы зноў у сеціве абвясцілі аб стварэнні руху «Дэмакратычны выбар Казахстану» і пачалі збіраць прыхільнікаў. За 42 дні мы сабралі 100 тысяч чалавек, якія ўліліся ў нашу арганізацыю праз Інтэрнэт. Тады казахстанская ўлада на чале з Назарбаевым зноў абвясціла, што «Дэмакратычны выбар Казахстана» - «экстрэмісцкая» арганізацыя, не зарэгістраваная ўнутры краіны, але гэта нас не спыняе, у нашых шэрагах шмат прыхільнікаў, іх дзясяткі тысяч, і мы маем намер дамагчыся мірнай змены рэжыму ўлады, як гэта адбылося ў Арменіі. Нас падтрымала Еўропа: 14 сакавіка гэтага года Еўрапарламент прызнаў ДВК апазіцыйнай мірнай палітычнай арганізацыяй.

Прэзідэнцкія выбары мы выкарыстоўваем, як падставу для арганізацыі масавых пратэстаў і будзем дабівацца поўнай змены рэжыму. Мы хочам пабудаваць парламенцкую рэспубліку без пасады прэзідэнта, калі народ на адкрытых выбарах абірацьме дэпутатаў, якія далей прызначацьмуць урад і міністраў. У Канстытуцыі не будзе пасады прэзідэнта.

1 траўня тысячы людзей выйшлі на мітынгі і скандавалі «Парламенцкая рэспубліка!». Цяпер гэта стала масавай ідэяй, таму «Дэмакратычны выбар Казахстана» будзе рэалізоўваць гэтую палітычную платформу для пабудовы парламенцкай рэспублікі без пасады прэзідэнта.

- Якая цяпер эканамічная сітуацыя ў краіне?

- Ведаеце, эканамічная сітуацыя дрэнная, але, напэўна, калі зазірнуць у афіцыйную прэсу, то там будуць выхваляцца ростам эканомікі на 2-3 адсоткі на год. Хоць раней было па 10 адсоткаў. Пасля дэвальвацыі нацыянальнай валюты, якая ўдвая абясцэнілася, сітуацыя ў краіне значна пагоршылася.

Назарбаеў ва ўладзе знаходзіцца з 1989 года, ужо 30 гадоў. Народ канчаткова стаміўся ад ягонага кіравання і эканамічных праблем: татальнай карупцыі, ціску з боку сілавых структур, спусташэння бізнэсу. Узбагачаецца толькі верхавіна. Калі ўлада належыць аднаму чалавеку, то ўся эканоміка таксама канцэнтруецца ў ягоных руках. Назарбаеў - самы багаты чалавек. Ягонае багацце ацэньваецца мінімум на 200 мільярдаў даляраў, багатымі з'яўляюцца ягоныя блізкія сваякі, асяроддзе і тыя, хто яго падтрымлівае.

Сітуацыя наступная: палітычная верхавіна валодае ўсімі багаццямі краіны, яны супермільярдэры, а раз у народа няма ўлады, то ён жабрак. Імклівае расслаенне прывяло да таго, што цяпер назапашаны гіганцкі пратэстны патэнцыял з боку народа і мы чакае што гэта, нарэшце, прывядзе да змены рэжыму. Гэта значыць, фактычна адбудзецца сацыяльны выбух. Мы чакаем яго цягам гэтага года. Усе падзеі адбудуцца менавіта сёлета.

- Дыктатуры ў Казахстане і Беларусі вельмі падобныя. Як мяркуеце, іх канец таксама будзе аднолькавы?

- Сусветная тэндэнцыя ўжо відавочная. Дзякуючы Інтэрнэту інфармацыя цяпер распаўсюджваецца вельмі хутка, людзі навучаюцца, ёсць сацыяльныя сеткі, а дыктатарскія рэжымы падаюць, як картачныя домікі.

Ніхто цяпер на планеце не будзе трываць таго, што адбываецца ў дыктатарскіх краінах. Калі раней дыктатары перадавалі ўладу ў спадчыну або найбліжэйшаму атачэнню, маглі знаходзіцца ва ўладзе дзясяткі гадоў, то цяпер гэтаму прыйшоў канец.

Усе дыктатарскія рэжымы будуць імкліва руйнавацца. Паглядзіце, гэта адбылося ў Арменіі, Грузіі, Украіне, Кыргызстане. Я цяпер кажу пра постсавецкую прастору.

А калі ўзяць тое, што нядаўна адбылося ў Алжыры? Там дыктатар быў вымушаны сысці ў адстаўку. цяпер ідуць гарачыя падзеі ў Венесуэле. Нядаўна яшчэ ў шэрагу афрыканскіх краін адбыліся рэвалюцыі.

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках