29 сакавiка 2024, Пятніца, 9:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як у 1944-м дэпартавалі крымскіх татараў

13
Як у 1944-м дэпартавалі крымскіх татараў
ФОТА: EPA/UPG

18 траўня споўніцца роўна 75 гадоў з пачатку дэпартацыі крымскіх татараў.

Аперацыя высялення карэннага народа Крыму пачалася а 4 гадзіне раніцы і заняла два дні. Чалавеку давалі ад некалькіх хвілін да паўгадзіны на зборы, пасля чаго на грузавіках везлі да чыгуначных станцый, адтуль эшалоны пад канвоем адпраўляліся да месцаў ссылкі ў Цэнтральную Азію, паведамляе «Настоящее время».

Афіцыйна дэпартацыя абгрунтоўвалася фактамі нібыта масавага ўдзелу крымскіх татараў у калабарацыянісцкіх фармаваннях, якія выступалі на баку нацысцкай Германіі падчас Другой сусветнай вайны і супрацоўніцтва з акупацыйнымі ўладамі. У тэлеграме НКВД на імя Сталіна было ўказана, што высяляюцца больш за 180 тысяч чалавек.

Паводле звестак Нацыянальнага руху крымскіх татараў, усяго з Крыма выслалі больш за 420 тысяч чалавек.

Карэспандэнт пагутарыў з тымі, хто нарадзіўся ў дэпартацыі і чыіх дзяцей цяпер на анэксаваным паўвостраве расейскія ўлады абвінавачваюць у тэрарызме, падазраючы ў супрацоўніцтве з рэлігійнай арганізацыяй «Хізб-ут-Тахрыр», якая ў Расеі прызнаная тэрарыстычнай. Цяпер паводле гэтай справы арыштаваныя ці ўжо асуджаныя 58 чалавек. Для крымскіх татараў гэта новая хваля рэпрэсій.

Зарэма Мамутава:

- Я нарадзілася ва Узбекістане ўжо ў дэпартацыі, недзе гадоў праз 11 пасля таго, як дэпартавалі нашых бацькоў. Мама часта ўспамінала, як яе бацьку расстралялі немцы, ён быў старшынём калгасу. У 1944 годзе бабулю і маму з сястрой дэпартавалі. У вагоны для быдла загружалі, штабялямі ўкладвалі. Падчас паездкі ў вагоне бабуля памерла.

А ў 2016 годзе прыйшлі да нас, а 6-й раніцы, таксама ўварваліся ў дом, узламалі дзверы. З крыкам, у масках прыйшлі. І я адразу прадставіла, што перажыла мая мама, мая бабуля і цётка.

Ліля Зекір’яева:

- Маёй маме цяпер 92 гады. [Яе дэпартавалі] ў 1937 годзе, ёй было 11 гадоў. Яе маму, яе брата раскулачылі ў 1937-м. Іх адправілі ў горад Надзеждзінск Свярдлоўскай вобласці. Мама расказвала, што яна сіратой была, што сёння то да адных пойдзе ў госці, то да іншых - прымалі яе начаваць. У яе дом адабралі, сады былі ў дзядулі - усё забралі ў іх.

Яна потым жыла ў свайго дзядзькі. Вучылася ў школе добра. У 1944-м сям'ю яе дзядзькі гэтак жа, як усіх крымскіх татараў, у вагонах для быдла прывезлі ў Сярэднюю Азію. Цэлы месяц яны ехалі туды. Вельмі шмат памерла людзей у дарозе. Яна кажа, вельмі шмат людзей хавалі.

Прывезлі ва Узбекістан, кінулі ў нейкім полі, нікога не было на гэтым полі, толькі сабакі вылі. І кожны дзень людзі паміралі, збіралі гэтых людзей і ў адной вялікай яме хавалі. Гэта яна распавядала.

Задзіе Саліева:

- Мама часта расказвала, як яны, «Студэбэкеры», прыехалі а 4 гадзіны раніцы, абудзілі, забралі. І змясцілі іх у школу. Яны адну ноч начавалі ў школе. Пад рулямі аўтаматаў - іх ахоўвалі, яны не маглі ў дом пайсці нешта ўзяць: галодныя, халодныя. Яны думалі, іх расстраляюць. Старэйшая цётка, яна была больш шустрая, змагла ў дом увайсці. Пайшла ў дом, а там ужо адзін жаўнер - савецкі жаўнер - ходзіць і ўсё руйнуе, шукае нешта.

Мой бацька быў сагнаны фашыстамі ў Аўстрыю, яго не было. І вось яе з трыма дзецьмі выслалі ва Узбекістан, у Самаркандскую вобласць. Там такі пасёлак быў, які амаль на 90% складаўся з крымскіх татар.

Была масавая смяротнасць: малярыя і тыф касілі людзей. Сем'ямі паміралі. Па-першае, не было жылля, холад і голад. Прымушалі там укараніцца, давалі надзелы, давалі усё, каб толькі не патрабавалі вяртання назад.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках