19 красавiка 2024, Пятніца, 1:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расею пазбавяць долі на газавым рынку

1
Расею пазбавяць долі на газавым рынку

ЕЗ хоча імпартаваць больш звадкаванага прыроднага газу з ЗША, каб дыверсіфікаваць пастаўкі энэрганосьбітаў.

На гэтым тыдні сотні галіновых інсайдэраў накіроўваюцца ў Амстэрдам на «найбуйнейшае ў Еўропе мерапрыемства ў газавай галіне», 25-ю штогадовую газавую канферэнцыю «Флейм» (Flame), піша журналіст Хэйлі Зарэмба для inosmi.ru.

Месца правядзення канферэнцыі вельмі падыходнае, бо Нідэрланды з'яўляюцца свайго кшталту ўвасабленнем цяперашняга стану галіны звадкаванага прыроднага газу ва ўсёй Еўропе. У свой час Нідэрланды былі найбуйнейшым у Еўропе пастаўшчыком прыроднага газу. Цяпер аб'ёмы здабычы сур'ёзна скараціліся, бо краіна становіцца ўсё больш залежнай ад прыроднага газу, імпартаванага з іншых краін.

Ажыццёўлены Нідэрландамі пераход ад энэргетычнай аўтаноміі да залежнасці ад імпарту з такіх краін, як Расея (якая ўжо задавальняе велізарныя патрэбы Еўрапейскага Звязу ў паліве прыкладна на 40%), краіны Паўночнай Афрыкі, Катар і ЗША, актуальны і для еўрапейскага кантынента агулам. Гэтая тэндэнцыя не толькі захаваецца, але і пагоршыцца.

Нідэрланды неўзабаве стануць нэта-імпарцёрам прыроднага газу. Гронінгенскае газавае радовішча ў Нідэрландах - некалі найбуйнейшае ў Еўропе - ужо ў значнай меры выпрацаванае і будзе поўнасцю закрытае да 2030 года ў рамках ужытых галандскім урадам захадаў прадухілення землятрусаў, выкліканых выведкай газу ў гэтым раёне.

Нават пасля адносна мяккай зімы агенцтва «Блумберг» (Bloomberg) паведамляе, што «еўрапейскі імпарт ЗПГ у першым квартале павялічыўся больш чым удвая [...], што, са слоў Аластэра Максвела (Alastair Maxwell), галоўнага фінансавага дырэктара кампаніі GasLog Ltd. , уладальніка танкера ЗПГ, сведчыць аб «рэальным базавым попыце». Далей Максвел патлумачыў журналістам Bloomberg, што «хоць пакупнікі скарысталіся зніжэннем коштаў, каб павялічыць закупкі, прычынай росту аб'ёмаў закупак было і скарачэнне здабычы ў рэгіёне». Пакуль на фоне значнага скарачэння здабычы прыроднага газу ў Еўропе нізкія кошты прыроднага газу (шмат у чым дзякуючы глабальнаму лішку прапановы) з'яўляюцца для кантынента адзіным выратаваннем. Аднак у пачатку лета попыт на прыродны газ у Азіі будзе расці, і, магчыма, будуць адпаведна расці і кошты газу.

Тым часам праз рост залежнасці Еўразвязу ад Расеі паміж Еўропай, Масквой і Вашынгтонам узніклі палітычныя складанасці. ЗША заклікалі Еўразвяз аслабіць сваю залежнасць ад расейскай нафты. «ЗША заяўляюць, што залежнасць небяспечная, і заклікаюць Еўразвяз будаваць больш тэрміналаў для дастаўкі газу, які здабываецца на фоне сланцавага буму, каб падтрымаць актыўныя спробы блока дамагчыся дыверсіфікацыі паставак», - паведамляе Bloomberg.

Дарэчы, як раз на гэтым тыдні міністр энэргетыкі ЗША Рык Перы (Rick Perry) абвясціў, што ў панядзелак у Брусэлі ён падпісаў дзве экспартныя замовы на пастаўку звадкаванага прыроднага газу ў рамках пагаднення, якое да 2020 года забяспечыць патэнцыйны аб'ём экспарту ЗША ў Еўропу да 112 мільярдаў кубаметраў на год.

Гэта ў два з лішнім разы перавышае цяперашні гадавы аб'ём экспарту. У сваім звароце да журналістаў у Брусэлі Пэры з відавочным перабольшаннем параўнаў павышэнне аб'ёмаў паставак амерыканскага прыроднага газу на еўрапейскія рынкі з прыбыццём амерыканскіх войскаў у час Другой сусветнай вайны. Ён заявіў, што «ЗША зноў нясуць на еўрапейскі кантынент свайго кшталту свабоду [...], але не ў выглядзе маладых амерыканскіх жаўнераў, а ў выглядзе звадкаванага прыроднага газу».

Заказы на экспарт звадкаванага прыроднага газу на гэтым тыдні паступаюць услед за супольнай заявай пра абавязкі нарошчваць стратэгічнае энэргетычнае супрацоўніцтва паміж ЕЗ і ЗША, зробленай летась прэзідэнтам Еўрапейскай камісіі Жанам-Клодам Юнкерам і прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам. Ініцыятыва павышэння аб'ёмаў закупак ЗПГ з ЗША, рэалізаваная на гэтым тыдні, была ўжо замацаваная ў заяве, зробленай у ліпені мінулага года. «Еўрапейскі Звяз хоча імпартаваць больш звадкаванага прыроднага газу (ЗПГ) з ЗША, каб дыверсіфікаваць пастаўкі энэрганосьбітаў», - гаворыцца ў прэс-рэлізе.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках