28 сакавiка 2024, Чацвер, 14:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

За два тыдні Мадура прадаў золата з рэзерваў на $570 мільёнаў

3
За два тыдні Мадура прадаў золата з рэзерваў на $570 мільёнаў

Золатавалютныя рэзервы Венесуэлы ўжо скараціліся да 29-гадовага мінімуму.

За апошнія два тыдні Венесуэла прадала золата з запасаў Цэнтральнага банка на $570 млн. Аб гэтым паведамляе Bloomberg (пераклад - «Гордон»).

Паводле звестак крыніц, 10 траўня банк прадаў блізу 9,7 тоны золата, праз тры - яшчэ чатыры тоны. Такім чынам, золатавалютныя рэзервы Венесуэлы скараціліся да 29-гадовага мінімуму і склалі $7,9 млрд.

Крыніцы агенцтва адзначаюць, што атрыманыя сродкі пойдуць на імпарт тавараў праз адно з замежных гандлёвых прадстаўніцтваў Венесуэлы.

Хто менавіта стаў пакупніком золата, не ўдакладняецца.

У Цэнтральным банку Венесуэлы інфармацыю аб продажы рэзерваў каментаваць адмовіліся.

Узурпатар Мадура прадае золата прыватным кампаніям у Аб'яднаных Арабскіх Эміратах і Турцыі, бо санкцыі Захаду ўсё больш адсякаюць фінансавыя магчымасці ўладаў краіны ад сусветнай фінансавай сістэмы, нагадвае Bloomberg.

Афіцыйны прадстаўнік Дзярждэпартаменту ЗША заявіў, што амерыканскія ўлады асуджаюць спробы Мадуры і ягоных прыхільнікаў скрасці рэсурсы ў венесуэльскага народа, і заклікаў кампаніі, банкі і іншыя арганізацыі не купляць золата ў Венесуэлы.

Легітымны прэзідэнт Хуан Гуайдо спрабуе замарозіць банкаўскія рахункі і золата, якое належыць Венесуэле за мяжой, у тым ліку 31 тону золата ў Банку Англіі на суму блізу $1,3 млрд.

Нагадаем, у Венесуэле прадаўжаецца палітычны крызіс. 10 студзеня 2019 года Нікалас Мадура, які ўзначальвае краіну з 2013 года і набраў больш за ўсіх галасоў на выбарах 2018 года, прынёс прэзідэнцкую прысягу. 15 студзеня падкантрольны апазіцыі парламент прызнаў Мадуру ўзурпатарам.

23 студзеня кіраўнік парламента Хуан Гуайдо абвясціў сябе выканаўцам абавязкаў прэзідэнта краіны.

ЗША, большасць краін Лацінскай Амерыкі і Еўразвяза прызналі Гуайдо часовым прэзідэнтам, Расея падтрымала Мадуру.

Санкцыі ЗША ў дачыненні да Венесуэлы дзейнічаюць з 2014 года. У студзені 2019-га амерыканскія ўлады абвясцілі аб іх узмацненні - яны ўвялі абмежаванні ў дачыненні да венесуэльскай дзяржаўнай кампаніі PDVSA.

У красавіку 2019-га ЗША ўвялі санкцыі супраць дзвюх венесуэльскіх нафтавых кампаній і 35 суднаў, а таксама ў дачыненні да Цэнтральнага банка Венесуэлы. 11 траўня пад абмежаванні патрапілі дзве кампаніі, якія ўваходзяць у нафтавы сектар Венесуэлы, і іх нафтавыя танкеры.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках