29 сакавiка 2024, Пятніца, 0:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Жыць на Марсе і не гарэць: на што здольныя самыя ўстойлівыя расліны Зямлі

2
Жыць на Марсе і не гарэць: на што здольныя самыя ўстойлівыя расліны Зямлі

Некаторыя віды раслін могуць выжываць насуперак перашкодам.

Некаторыя расліны настолькі ўстойлівыя і моцныя, што могуць спакойна выжываць пры экстрэмальных тэмпературах і пры мінімальнай колькасці кіслароду, паведамляе расейская служба BBC.

Гэтыя дзіўныя паказчыкі стойкасці прыцягнулі ўвагу навукоўцаў, якія даследуюць вырошчванне гародніны і садавіны ва ўмовах змены клімату і адаптацыю раслінных культур да гэтых зменаў.

Але што ж менавіта робіць адну расліну больш жывучай, чым іншую?

Батанік Джэймс Вонг наважыў вывучыць гэтае пытанне і ў працэсе вывучэння выявіў дзіўныя факты аб самых прыстасаваных раслінах нашай планеты.

1. Старажытныя расліны маглі б выжыць на Марсе

Фото: getty images

Ці зможа гэты лішайнік гэтак жа свабодна расці на марсіянскай паверхні?

Навукоўцы з Нямеччыны мяркуюць, што яны выявілі два віды раслін, якія настолькі жывучыя, што могуць папросту расці нават на Марсе.

Нядзіўна, што самыя вынослівыя ўзоры - лішайнікі і цыянабактэрыі са Швайцарыі і Антарктыды – уважаюцца за адных з першых відаў раслін, якія з'явіліся на зямлі.

Навукоўцы імітавалі марсіянскія ўмовы (у тым ліку сонечную радыяцыю, рэзкія ваганні тэмпературы, экстрэмальную сухасць і нізкі атмасферны ціск), каб праверыць, ці змогуць гэтыя старажытныя і ўстойлівыя культуры адаптавацца да іх.

Які ж быў вынік?

Гэтыя расліны не толькі выжылі, але і развіваліся: у іх прадаўжаўся фотасінтэз і іншыя раслінныя працэсы.

2. Кланаванне - ключ да даўгалецця

Фото: getty images

Каб дасягнуць яшчэ большага даўгалецця, некаторыя дрэвы выкарыстоўваюць хітры трук: кланаванне

За самае старое ў свеце дрэва ўважаецца калючая хвоя ва Усходняй Каліфорніі: у 2012 годзе яе ўзрост ацэньваўся на 5062 гады.

Каб дасягнуць яшчэ большага даўгалецця, некаторыя дрэвы выкарыстоўваюць хітры трук: кланаванне.

Так-так, яны клануюць самі сябе і жывуць у так званых кланальных калоніях - гэта генетычна ідэнтычныя дрэвы, звязаныя такой жа каранёвай сістэмай.

Кланальныя калоніі могуць існаваць некалькі тысяч гадоў. Напрыклад, узрост калоніі Панда ў амерыканскім штаце Юта ацэньваецца ў 80 тысяч гадоў, а калонія дубоў у даліне Джурупа ў Каліфорніі яшчэ старэйшая - ёй амаль 13 тысяч гадоў.

3. «Жывыя камяні» і багаты ўраджай

Фото: getty images

Літапсы часам называюць «жывымі камянямі». Дастаткова зірнуць на іх, каб зразумець сэнс гэтай мянушкі: яны больш падобныя на гальку, чым на жывую матэрыю.

Аднак гэтыя дзіўныя арганізмы родам з Паўднёвай Афрыкі напраўду маскіравалыя расліны, якія ўяўляюць сабой ключ да атрымання багатых ураджаяў.

Гэтыя расліны здольныя выжываць у экстрэмальных умовах пустыні і ў скалах, выкарыстоўваючы своеасаблівы камуфляж, каб не быць з'едзенымі.

Хоць асноўная частка гэтых раслін знаходзіцца пад зямлёй, літапсы маюць напаўпразрысты верхні пласт, які паглынае сонечнае святло і ператварае яго ў энэргію.

Навукоўцы спадзяюцца, што вывучэнне здольнасці літапсаў выкарыстоўваць зыркае надземнае і цьмянае падземнае святло можа дапамагчы людзям павысіць эфектыўнасць ураджаяў у будучыні.

4. Змены клімату і какава замест кавы

Фото: getty images

Павышэнне тэмпературы паветра можа прывесці да знікнення найбольш папулярных відаў кававых зерняў, аднак ім на змену можа прыйсці больш жывучая культура - какава.

Навукоўцы ўстанавілі, што кававыя дрэвы арабіка пакутуюць ад занадта гарачага надвор'я і больш моцна схільныя да ліставой іржы, хваробы, якая знішчае кававыя плантацыі Цэнтральнай Амерыкі ў апошнія гады.

Па меры павышэння тэмператур плантацыям у нізінах становіцца ўсё складаней вырабляць якасную каву, што можа пазбавіць сродкаў да існавання тысячы людзей.

Таму фермеры ў Нікарагуа, Гандурасе і Сальвадоры паступова пераходзяць на вырошчванне какава - больш устойлівых дрэў, якія адаптуюцца да гарачага клімату.

Так што не здзіўляйцеся, калі праз некалькі гадоў у адзін цудоўны дзень замест традыцыйнага ранішняга эспрэса вам прынясуць кубак гарачага шакаладу.

5. Некаторыя дрэвы не гараць у агні

Фото: getty images

Эўкаліптавыя дрэвы не толькі вельмі жывучыя - яны яшчэ і небяспечныя.

Яны належаць да так званых пірафітаў (ад старажытнагрэцкага «вогненная расліна): ім не страшны агонь, а часам ён ім нават неабходны для размнажэння і выжывання.

Гэтыя дрэвы часта самі правакуюць пажары, бо ўтрымліваюць гаручыя алеі і смолы, а таксама скідаюць сухое лісце і кару, якая можа папросту загарэцца і прывесці да разбуральных пажараў.

Аднак калі лес ахоплены полымем, дрэвы накшталт эўкаліпта і некаторыя віды хвоі выжываюць.

Жар ад агню актывуе іх насенныя струкі, і пакуль іншыя расліны з цяжкасцю аднаўляюцца, іх маладыя парасткі выдатна растуць на выпаленай зямлі.

Акрамя таго, знікненне большасці буйных дрэў дае гэтым маладым дрэўцам магчымасць займець больш сонечнага святла.

6. Расліны адаптуюцца да радыяцыі

Фото: getty images

Многія расліны выжываюць пасля буйных ядзерных катастроф, аднак іх плады і карані непрыдатныя для ежы

Радыяцыя разбурае жывыя клеткі і пашкоджвае ДНК, таму вы можаце падумаць, што расліны проста не могуць выжыць пасля ядзернай катастрофы.

Аднак навукоўцы, якія вывучалі наступствы аварыі на Чарнобыльскай АЭС у 1986 годзе, высветлілі, што гэта не заўсёды так.

На доследах са льном і соевымі бабамі яны ўстанавілі, што расліны могуць біялагічна адаптавацца да жыцця ў забруджаным асяроддзі.

Навукоўцы мяркуюць, што гэтая здольнасць перажыць ядзерныя інцыдэнты магла сфармавацца мільёны гадоў таму, калі на планеце быў больш высокі ўзровень радыяцыі.

7. Насенне можа жыць 32 тысячы гадоў

Фото: getty images

У сховішча Каралеўскіх батанічных садоў К’ю захоўваюцца ўзоры блізу 10% сусветных дзікіх раслін

Расейскім навукоўцам удалося вырасціць даўно зніклы від расліны, выкарыстоўваючы насенне, закапанае вавёркай 32 тысячы гадоў таму.

Сляды смалёўкі вузкалістовай (травяністай расліны з паўночных шыротаў) часоў ледніковага перыяду былі знойдзеныя на беразе замерзлай ракі ў Сібіры.

Даследчыкі ўзялі тканку з насення і выкарыстоўвалі яе, каб вырасціць новыя расліны, якія затым пачалі распаўсюджвацца самастойна.

Экспэрты спадзяюцца, што гэта толькі першы досвед аднаўлення зніклых відаў раслін, насенне якіх захоўваюцца ва ўмовах арктычнай вечнай мерзлаты.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках