24 красавiка 2024, Серада, 10:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пасля надзвычайнага здарэння ў Магілёве дзясяткі цыганоў застаюцца ў ІЧУ

Пасля надзвычайнага здарэння ў Магілёве дзясяткі цыганоў застаюцца ў ІЧУ
ФОТА: "РАДЫЁ СВАБОДА"
ВУЛІЦЫ Ў РАЁНЕ ЧАПАЕЎКІ Ў МАГІЛЁВЕ, ДЗЕ ЖЫВУЦЬ ЦЫГАНЫ

Дзякуючы публікацым у СМІ ім дазволілі атрымліваць перадачы.

У Магілёўскім ізалятары часовага ўтрымання застаюцца ў няволі больш за 60 цыганоў. Іх затрымалі ўвечары 16 траўня і афіцыйна абвінавачваюць у хуліганстве. Але затрыманне звязанае з выкраданнем і забойствам у той вечар супрацоўніка магілёўскага ДАІ Яўгена Патаповіча, перадае «Радыё Свабода».

Паводле інфармацыі тэлеграм-канала NEXTA, міліцыянт паведаміў, што ён выкрадзены людзьмі «цыганскай або каўказскай знешнасці». Афіцыйнай інфармацыі на гэты конт, аднак, не агучвалася. Цела 22-гадовага Патаповіча было знойдзена за паўгадзіны да таго, як адбыліся масавыя арышты цыган.

У магілёўскім пасёлку Чапаеўка ў зняволенні амаль усе мужчыны-цыганы

За кратамі - толькі мужчыны, жыхары магілёўскіх пасёлкаў Чапаеўка і Грабенева. Гэта паселішча, у якіх кампактна пражываюць цыганы.

Як паведаміла журналістам адна з жыхарак Чапаеўкі, з 17 траўня ў ізалятары пачалі прымаць перадачы для зняволеных цыган. Са слоў жанчыны, гэта адбылося пасля таго, як пра арышты напісалі журналісты. Яна адзначае, што прынамсі дваіх зняволеных забралі з ізалятара ў лякарню. Суразмоўніца сцвярджае: іх моцна збілі, калі затрымлівалі.

Пра гвалтоўныя затрыманні казалі журналістам 17 траўня цыганы з пасёлка Чапаеўка. Згодна з імі, узброеныя супрацоўнікі міліцыі ў масках урываліся ў дамы і «клалі гаспадароў на падлогу не звяртаючы ўвагі на ўзрост». Мужчын збівалі. Патрабавалі, каб яны «выдалі тых, хто мае дачыненне да выкрадання міліцыянта». Патрабавалі, каб «цыганскай поштай» тыя перадалі пра гэта цыганам з іншых гарадоў. Нагодай для гвалту стала, нібыта, аўто выкрадальнікаў бачылі на мясцовых вуліцах.

Са слоў цыганак, якіх адпусцілі з міліцыі дадому, арыштаваных трымалі ў актавай зале Ленінскага РАУС Магілёва. Усе прайшлі асабісты кантроль. Некалькі гадзін ім не давалі вады. У міліцыі жанчын пратрымалі сем гадзін і вызвалілі а 5-й раніцы 17 траўня. Дадому дабіраліся пешшу, каля трох кіламетраў.

Мужчыны засталіся ў РАУС. Пазней жанчыны даведаліся, што з міліцыі мужчын перавезлі ў ізалятар часовага ўтрымання. Некалькі гадзін жанчынам адмаўляліся казаць, што мужчыны ўтрымліваюцца там.

«Мы запалоханыя. Не ведаем, што рабіць далей. У каго прасіць дапамогі. З намі абышліся так толькі таму, што мы цыганы і нас, проста, хочуць зжыць са свету. Нам няма куды падацца», - сказала адна з жыхарак Чапаеўкі.

Цыганкі кажуць, што будуць змагацца за сваіх мужчын. Не выключаюць, што могуць наважыцца на абарону сваіх парушаных правоў у судзе.

Цыганскі барон Леанід Казіміраў кажа, што яму не ўдаецца высветліць дакладнай колькасці затрыманых. З ягоных падлікаў у няволі могуць утрымлівацца больш за тры дзясяткі чалавек. Ім інкрымінуецца хуліганства, альбо яны падазраюцца ва ўчыненні нейкага правапарушэння. Калі іх варта чакаць на волі, ён не ведае.

«З кожным праводзіцца пэўная работа супрацоўнікамі органаў. Таму нейкі час яны будуць яшчэ ўтрымлівацца ў ізалятары», - кажа суразмоўца.

Цыганы, якім удалося пазбегнуць арышту, цяпер хаваюцца, таму што дома «знаходзіцца небяспечна».

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках