19 чэрвеня 2019, Серада, 23:15
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Што мы ведаем і не ведаем пра «брудную» нафту

5

Толькі факты.

Калумніст Office Life Віталь Чуясаў падводзіць папярэднія вынікі, магчыма, самага гучнага міжнароднага эканамічнага скандалу гэтага года - паставак забруджанай расейскай нафты праз трубаправод «Дружба».

ТОЛЬКІ ФАКТЫ

19 красавіка канцэрн «Белнафтахім» заявіў, што ў нафтаправодзе «Дружба», праз які расейская нафта паступае на Мазырскі НПЗ (МНПЗ) і наваполацкі «Нафтан», а таксама ідзе транзітам у Еўропу, якасць сыравіны не адпавядае нарматывам: зафіксаваныя шматразовыя (у дзясяткі разоў) перавышэнні ўтрымання хлорарганічных злучэнняў.

20 красавіка на МНПЗ выйшла з ладу адна з секцый перапрацоўчага абсталявання. Камісія, якая вывучала інцыдэнт, звязала паломку з якасцю сыравіны, якая прывяла да паскоранай карозіі цеплаабменных трубак. Завод працягнуў перапрацоўку нафты, але павялічыў дабаўку рэагентаў, якія змяншаюць карозію.

21 красавіка на «Нафтане», куды яшчэ не дабралася забруджаная нафта, праходзіць пасяджэнне рэспубліканскага штаба ў прадухіленні калапсу ў нацыянальнай нафтаперапрацоўцы. Менск просіць расейскую кампанію - аператара трубаправодаў «Транснафта» пастаўляць чыстую нафту на «Нафтан» праз альтэрнатыўны нафтаправод «Сургут - Полацк». Аднак яго магутнасці стае толькі для частковай загрузкі прадпрыемства. 24-га сюды пачынае паступаць чыстая нафта.

Расейскае Мінэнэрга прызнала факт забруджвання расейскай нафты, якая пастаўляецца за мяжу па нафтаправодзе «Транснафта», дыхлорэтанам. Яго выкарыстоўваюць для ачысткі нафтапрадуктаў ад парафінаў для павышэння аддачы нафтавых свідравін. Аднак пасля яго выкарыстання сыравіну перад перапрацоўкай трэба дадаткова чысціць.

«Транснафта» правяла ўнутранае расследаванне і выявіла, што забруджванне адбылося на ўчастку Самара - Унеча. Тут размешчаны адзін з перавалачных вузлоў, якія збіраюць нафту ад розных здабывальных кампаній і павінны праводзіць яе перадтаварную падрыхтоўку, уключаючы праверку па асноўных параметрах і ўтрыманню прымесяў. Па хлорарганічных злучэннях такая праверка павінна была праводзіцца перыядычна - раз на дзесяць дзён. Пасля інцыдэнту расейскія ўлады прымаюць пастанову рабіць гэтую праверку па кожнай адгружанай партыі.

24 і 25 красавіка Польшча і Украіна прыпыняюць транзіт расейскай нафты па «Дружбе».

2 траўня на тэрыторыю Беларусі пачынае паступаць чыстая нафта. Забруджаная нафта, якая выцясняецца ёю, зліваецца ў ёмістасці для захоўвання і пачынае вывозіцца назад у Расею ў чыгуначных цыстэрнах. Там яна будзе разбаўляцца чыстай нафтай да нарматыўных кандыцый у тэрміналах Наварасейска.

Расейскі следчы камітэт распачынае крымінальную справу ў дачыненні да ўладальнікаў і мэнэджараў кампаніі-ўладальніка самарскага тэрмінала. Некалькі чалавек арыштоўваюць, дваім атрымліваецца схавацца, і яны аб'яўлены ў вышук. Паводле папярэдняй версіі следства, кіраўнікі кампаніі наўмысна дапусцілі пастаўку ў нафтаправод неабчышчанай сыравіны, каб замаскіраваць крадзеж нафты на 1 млн расейскіх рублёў (прыкладна $15 тыс.). Следчыя выяўляюць на тэрмінале незваротна сапсаваныя рэзервуары, праз якія злівалі сумесь.

11 траўня «Белнафтахім» паведамляе аб адпаведнасці сыравіны, якая паступае з Расеі, нарматывам па хлорарганіцы, а Украіна аднаўляе транзіт расейскай нафты ў Еўропу.

ЧАГО МЫ ДАКЛАДНА НЕ ВЕДАЕМ

Мы не ведаем дакладнага аб'ёму забруджанай нафты, якая была перапрацаваная МНПЗ з рызыкай для абсталявання і якая была злітая з «Дружбы» на тэрыторыю Беларусі. Ацэнкі вельмі розныя. Калі ўлічваць, што на 2019 г. паміж Беларуссю і Расеяй узгоднены аб'ём транзіту сумаю 50 млн тон, то ў сярэднім за дзень праз «Дружбу» прапампоўваецца блізу 140 тысяч тон.

Асноўная спецаперацыя па ачыстцы трубаправода доўжылася 14 дзён - да 2 траўня, калі з Расеі пачала паступаць чыстая нафта. Атрымліваем як мінімум 2 млн тон бруднай сыравіны. Што з ім рабіць - пакуль незразумела. Самы просты «рэцэпт» - разводзіць чыстай нафтай да патрэбных кандыцый.

Мы пакуль не можам ацаніць суму шкоды, нанесенай МНПЗ, які быў вымушаны працаваць на бруднай нафце. Да канца яго можна будзе ацаніць толькі, калі прадпрыемства спыніцца на планавую прафілактыку.

Мы дакладна не ведаем, якія наступствы знаходжання бруднай нафты ў трубах «Дружбы». Нягледзячы на запэўніванне расейскіх спецыялістаў аб тым, што дыхлорэтан раскладаецца толькі пры высокіх тэмпературах у працэсе нафтаперапрацоўкі (150-200 градусаў), а па нафтаправодзе сумесь рухаецца ў межах 40 градусаў, у рэальнасці можа быць усё што заўгодна, асабліва з улікам таго, што трубы «Дружбы» ляжаць у зямлі з 60-х гадоў ХХ стагоддзя. Зноў жа патрэбна экспертная ацэнка, заснаваная не на здагадках хімікаў, а на экспертных заключэннях па выніках палявых замераў.

Мы не ведаем дакладных умоў кантракта паміж беларускімі НПЗ і «Транснафтай» што да штрафных санкцый у выпадку паставак на заводы сыравіны, якая не адпавядае стандартам якасці. Заводы былі вымушаныя знізіць аб'ёмы перапрацоўкі ў гэтыя некалькі тыдняў - гэта так; але наколькі яны былі зніжаны канкрэтна - мабыць, даведаемся толькі з адпаведных юрыдычных прэтэнзій у адрас «Транснафты», якая выказала гатоўнасць кампенсаваць шкоду (недаатрыманы прыбытак). Або так і не даведаемся - калі развязанне канфлікту усё ж такі будзе пераведзенае ў палітычную плоскасць і выплата будзе праводзіцца не грашыма, а, напрыклад, той жа злітай бруднай нафтай, якая можа дастацца Беларусі з вызначаным дысконтам (з якім - гэта ўжо пытанне перамоў) .

Мы пакуль не ведаем рэальных матываў людзей, якія злілі ў магістральны трубаправод брудную нафту ў Самары. Не аддаваць справаздачы ў дачыненні да наступстваў сваіх дзеянняў яны не маглі з улікам маштабаў дыверсіі. А агучаная расейскім СК лічба крадзяжоў на нафтавым тэрмінале - $15 тысяч, дзеля чаго нібыта задумалі гісторыю, выглядае неяк непраўдападобна. Што ж, будзем чакаць сканчэння следства.

А пакуль версій шмат. Напрыклад, былы кіраўнік «ЮКАСа» (раней гэта прадпрыемства называлася «Самаранафтагаз», а потым перайшло пад кантроль «Раснафты») Міхаіл Хадаркоўскі піша, што на самарскіх радовішчах з парафіністай нафтай хлорарганіка можа даць прыстойную прыбаўку.

Далей здагадкі: на хлорарганіку нафту не правяраюць. На вузле ўліку ў Самары (маленькім і сельскім) могуць празяваць заход нафты з вялікай доляй прымешку, а могуць прыняць наўмысна, бо спрачацца з сечынскім («Раснафта» ўзначальвае Ігар Сечын. – Заўвага рэд.) сабе даражэй. Кампаніі выгадна не да канца ачысціць нафту, бо ўлік ідзе па аб'ёме.

Хадаркоўскі мяркуе, што ў выніку проста «знойдуць стрэлачніка».

Так што ставіць кропку ў гэтай гісторыі пакуль рана. Відавочна, разбор зацягнецца яшчэ як мінімум на некалькі месяцаў, на працягу якіх усе павінны прыйсці ў сябе і перавесці эмоцыі ў лічбы.