19 красавiка 2024, Пятніца, 4:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кіраўнік МЗС Арменіі: Ад беларускай зброі гінуць нашы суайчыннікі

11
Кіраўнік МЗС Арменіі: Ад беларускай зброі гінуць нашы суайчыннікі
ЗАГРАБ МНАЦАКАНЯН
ФОТА: AYSOR.AM

Ці ёсць у Ерэвана аргументы абмежаваць такога кшталту бізнэс?

З шасці краін-удзельніц Усходняга партнёрства толькі на тэрыторыі Беларусі няма канфлікту. Ва Украіне ідзе вайна на ўсходзе краіны, справакаваная Расеяй. У Малдове дагэтуль не ўрэгуляваны Прыднястроўскі канфлікт, які пачаўся яшчэ ў савецкі час. Арменія і Азербайджан вядуць супрацьстаянне вакол Нагорнага Карабаха. У той жа час афіцыйны Менск не стаіць у баку і пастаўляе зброю Азербайджану. Што пра гэта думаюць у Ерэване?

«Белсат» апублікаваў інтэрв'ю журналіста Сяргея Пелясы з міністрам замежных спраў Арменіі Заграбам Мнацаканянам.

- Спадар міністр, усе ўдзельнікі Усходняга партнёрства і сябры Еўразвяза прыехалі на гэтыя святочныя мерапрыемствы з нейкімі прапановамі. Польшча, напрыклад, прапаноўвала больш пайсці ў бок інстытутаў - стварыць сакратарыят, альбо каб краіны Усходняга партнёрства паміж сабой стварылі нейкую структуру без Еўразвязу. З чым Арменія прыехала на гэты саміт, з якімі прапановамі?

- У Польшчы былі дастаткова цікавыя прапановы, якія ў нейкай ступені павінны быць ацэненыя, і мы павінны лепш зразумець і ацаніць, наколькі яны будуць спрыяць эфектыўнаму развіццю гэтага працэсу. Што тычыцца Арменіі, для нас самае галоўнае палягае ў тым, што паняцце «Еўропа» і паняцце «супрацоўніцтва ў рамках Еўропы» – яны маюць вельмі шмат слаёў і выяўляюцца па-рознаму. Для нас самае важнае ў тым, наколькі мы можам выкарыстоўваць гэтае супрацоўніцтва для таго, каб умацоўваць непасрэдна нашы нацыянальныя інтарэсы і ўмацоўваць тое, што тычыцца архітэктуры нашай бяспекі і ўмоў для развіцця краіны. Мы сёння гаворым пра Еўропу цяперашняга часу, але Еўропа ведала розныя этапы свайго развіцця - яна мела дастаткова цяжкія часы ў гісторыі.

Мы мелі да гэтага непасрэднае дачыненне. Даслоўна некалькі дзён таму мы адзначалі чарговую гадавіну Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, перамогу ў Другой сусветнай вайне, і вядома ж, мы, усе народы, і цывілізацыйна, і з пункту гледжання каштоўнасцяў, і з пункту гледжання бяспекі - мы маем агульныя мэты, агульныя задачы. Выкарыстанне назапашанага досведу і супрацоўніцтва спрыяла пэўнаму поспеху, дастаткова заўважнаму поспеху ў кантэксце стабільнасці, бяспекі і дабрабыту ў Еўропе. Гэты досвед сапраўды мае важнае значэнне. Канфрантацыйнасць у Еўропе для нас застаецца празмерна адчувальным і цяжкім пытаннем. Вельмі часта кажуць аб геапалітыцы ва ўсім гэтым.

Што тычыцца Арменіі і таго, што адбываецца ў Арменіі, тое, што было ў Арменіі летась у красавіку-траўні, аксамітная рэвалюцыя - гэта выбар народа, гэта наша ўнутраная справа. Тое, што мы робім у Арменіі, - гэта тычыцца нас, яно не мае якога-небудзь геапалітычнага падтэксту і кантэксту. Геапалітыкі тут абсалютна няма. З іншага боку мы перыядычна чуем каментары, якія тычацца пэўных геапалітычных рызык. У нас ёсць свае геапалітычныя рызыкі - пытанні, якія маюць для нас найважнейшае экзістэнцыяльнае значэнне. Тое, што адбываецца ў дачыненнях альбо адсутнасці гэтых дачыненняў з Турцыяй, - гэта для нас геапалітычная рызыка. Пабудова нашай сістэмы бяспекі, архітэктуры нашай бяспекі, яе кансалідаванасць - яна дыктуе тое, як мы будуем наш замежнапалітычны курс.

- Спадар міністр, дзіўна, што сярод шасці краін Усходняга партнёрства ёсць дзве дзяржавы, гэта Арменія і Беларусь, якія ўдзельнічаюць, у рознай ступені, у еўраазіяцкіх інтэграцыйных праектах з Расеяй. І сёння, напрыклад, міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей казаў, што трэба інтэграваць інтэграцыі, гэта значыць, аб'ядноўваць Еўразвяз з тымі структурамі, якія там ёсць, у якіх удзельнічае Арменія і Беларусь разам з Расеяй. Як у Арменіі гэта бачаць?

- Мы з Беларуссю працуем у рамках нашых інтэграцыйных працэсаў - гэта і АДКБ, гэта і Еўразійскі саюз. Гэта выбар Арменіі - працаваць такім чынам, каб трымаць кансалідаванымі нашы нацыянальныя інтарэсы. Еўропа – гэта для нас дастаткова шырокае паняцце. Тут і Беларусь, і Арменія маюць непасрэднае дачыненне.

Нашы інтэграцыйныя працэсы – яны не адарваныя ад агульнаеўрапейскага парадку, наколькі мы можам узаемадапаўняць гэты парадак для таго, каб умацоўваць агульную сістэму бяспекі і агульны парадак развіцця на агульнаеўрапейскім кірунку. Пытанне, як мы можам супастаўляць такія працэсы для таго, каб зніжаць рызыкі канфрантацыі і карыстацца тым станоўчым парадкам, які зыходзіць з інтэграцыйных працэсаў, працэсаў кааперацыі і супрацоўніцтва. Гэта адкрытае пытанне, не вельмі лёгкае пытанне, асабліва ў варунках цяперашняй позвы. Мы разумеем гэта. Але гэта не азначае, што мы адмаўляемся бачыць перавагі кааперацыі.

Я сёння казаў падчас панэлі, што не трэба забываць, што 75 гадоў таму на гэтым кантыненце, нашым кантыненце, была зусім іншая сітуацыя. Мы ўсе бачылі і ведаем перавагі супрацоўніцтва. Не забыць тое, што было, і нагадваць сабе, якія альтэрнатывы можа несці ў сабе канфрантацыя, асабліва ў сённяшнія дні, - больш чым дарэчы.

- Пытанне, якое тычыцца продажу зброі Беларуссю Азербайджану. Я сустракаў такія каментары з азербайджанскага боку і нават з боку беларускіх каментатараў, што, маўляў, Беларусь прадае ракетныя сістэмы для таго, каб на Паўднёвым Каўказе стварыць баланс. Вы верыце ў гэта?

- Не, мы гэта не прымаем, гэта непрымальнае. Мы з'яўляемся хаўруснікамі ў рамках АДКБ і маем абавязацельствы ў рамках АДКБ. Тое, што тычыцца беларускай зброі ў Азербайджане, прашу ўлічыць, што ад гэтай зброі гінуць нашы суайчыннікі. Для вас гэта бізнэс, для нас гэта зброя, якая забівае нашых людзей. Таму гэтая адчувальнасць у нас была і застаецца вельмі высокай. Гэта значыць, не адчувальнасць, а проста непрымальнасць.

- Ці ёсць нейкія аргументы пераканаць Беларусь абмежаваць такога кшталту бізнэс?

- Аргументы такія: адсутнасць бяспекі ў Паўднёва-Каўказскім рэгіёне будзе мець вельмі моцныя наступствы. Гэта датычыцца інтарэсаў значна шырэйшых, чым наш рэгіён. Гонка ўзбраенняў у нашым рэгіёне не спрыяе стабільнасці. Мы застаёмся прыхільнікамі строга мірнага ўрэгулявання нагорна-карабахскага канфлікту, і ў нас ёсць вельмі ясна выяўленыя пазіцыі ў гэтым сэнсе. Самае галоўнае, гэта не проста нейкае аморфнае пытанне, а пытанне, якое тычыцца экзістэнцыяльнай бяспекі нашых людзей. Мы маем дастаткова цяжкую гісторыю, звязаную з гэтым канфліктам: у 90-я гады былі сітуацыі, калі Нагорнага Карабаха магло проста не быць, у пачатку 90-х 40% Нагорнага Карабаха было акупавана Азербайджанам і 40% нашага насельніцтва зазнала этнічныя чысткі. Арменія была і застаецца гарантам бяспекі Нагорнага Карабаха.

Карабах змог абараніць сябе. Сёння склалася сістэма бяспекі, якая ажыццяўляецца выключна сіламі Нагорнага Карабаха. Я яшчэ раз паўтару: Арменія была і застаецца гарантам бяспекі Нагорнага Карабаха. Для нас гэта экзістэнцыяльнае пытанне, калі мы маем сітуацыю, калі забойца чалавека армянскай нацыянальнасці становіцца героем Азербайджана, калі мы маем сітуацыю, калі ставяцца ўльтыматумы і потым робяцца спробы агрэсіі, як гэта было ў красавіку 2016-га года. Для нас усё гэта яшчэ раз пацвярджае, што гэтае пытанне тычыцца строга экзістэнцыяльнай бяспекі канкрэтных людзей.

Гэта канкрэтныя людзі, яны маюць імёны і прозвішчы. Гэта не нейкая абстракцыя для нас. Патэнцыял абароны кажа пра тое, што, так, будуць наступствы, і яны будуць тычыцца ўсіх. У гэтым сэнсе няма альтэрнатывы міру, няма альтэрнатывы мірнаму ўрэгуляванню гэтага канфлікту, і ўсялякае спрыянне эскалацыі сітуацыі – яно не ў інтарэсах міру. Гэта пытанне адказнасці.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках