20 лiпеня 2019, Субота, 19:54
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

За каго на «Еўравізіі» галасавалі беларусы?

8

Дыскваліфікацыя беларускага журы стала для расейцаў непрыемным сюрпрызам.

Фінал галоўнага песеннага конкурсу Еўропы прайшоў 18 траўня ў Тэль-Авіве. Пераможцам стаў Дункан Лоўрэнс з Нідэрландаў з кампазіцыяй Arcade - ён атрымаў 492 балы. Прадстаўніца Беларусі Зена (Зіна Купрыяновіч) заняла перадапошняе, 25-е месца, піша pressball.by.

Беларусь прагаласавала на міжнародным вакальным конкурсе «Еўравізія-2019», не аддаўшы ніводнага бала Расеі, якую прадстаўляў Сяргей Лазараў . Пры абвяшчэнні адзнак усе 12 балаў (максімум) былі аддадзеныя артысту Кобі Марымі , які рэпрэзентаваў Ізраіль.

Ацэнку Беларусі агучвала ўладальніца тытулаў «Міс Беларусь 2018» і «Міс свету Еўропа 2018» Марыя Васілевіч .

Зрэшты, «галасаванне» ад Беларусі было даволі ўмоўным. Прафесійнае беларускае журы ў ім удзелу не брала, бо было дыскваліфікаванае за заўчаснае разгалашэнне сваіх сімпатый (гэта забаронена рэгламентам). Якім чынам размеркаваліся «беларускія» галасы, не зусім зразумела. Так «Аргументы і факты» паведамляюць са спасылкай на прэс-службу «Еўравізіі», што «балы ад беларускага журы ў фінале размеркавалі на аснове галасавання гледачоў».

Разам з тым пераможца конкурсу вызначаецца не толькі журы, але і галасаваннем тэлегледачоў розных краін. Тут абышлося без нечаканасцяў. Беларуская тэлеаўдыторыя аддала 12 балаў расейскаму ўдзельніку. Пра гэта паведаміў у эфіры каментатар «Еўравізіі», вядоўца «Белтэлерадыёкампаніі», Яўген Перлін .