У Магілёве пачалі вызваляць цыганоў, затрыманых у дзень забойства супрацоўніка ДАІ
- 19.05.2019, 18:03
- 14,610
Вызваленыя з ізалятара распавялі, што ім інкрымінавалі «дробнае хуліганства».
З Магілёўскага ізалятара часовага ўтрымання пачалі вызваляць прадстаўнікоў цыганскай меншасці, піша «Радыё Свабода».
Са слоў журналістаў «Свабоды», больш за 60 цыганоў былі затрыманыя ўвечары 16 траўня і абвінавачаныя ў хуліганстве. Затрымання нібыта былі звязаныя з выкраданнем і забойствам у той вечар супрацоўніка магілёўскага ДАІ Яўгена Патаповіча.
Міліцыянт быццам бы паведаміў, што ён выкрадзены людзьмі «цыганскай або каўказскай знешнасці». Афіцыйнай інфармацыі на гэты конт, аднак, не агучвалася. Цела 22-гадовага Патаповіча было знойдзена за паўгадзіны да таго, як адбыліся масавыя затрыманні цыган.
- Вызваленыя з ізалятара распавялі, што ім інкрымінавалі «дробнае хуліганства». Ці склалі пратаколы - не памятаюць. Запалоханыя. Учора забралі аднаго ў лякарню. Цяпер на волю выйшлі блізу 20 чалавек, - распавяла Радыё «Свабода» крыніца.
Размаўляць з журналістамі мужчыны не хочуць.
У ІЧУ знаходзіліся толькі мужчыны, жыхары магілёўскіх пасёлкаў Чапаеўка і Грабянёва, дзе кампактна пражываюць цыганы.