29 сакавiка 2024, Пятніца, 5:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Народная Грамада: Тое, што адбываецца сёння, недапушчальнае для краіны

Народная Грамада: Тое, што адбываецца сёння, недапушчальнае для краіны

Наш грамадзянскі абавязак - выступіць у абарону цыганскай дыяспары.

Партыя «Народная Грамада» выступіла з заявай у сувязі з затрыманнямі ў цыганскай дыяспары пасля гібелі афіцэра ДАІ:

«Увечары 16 траўня адбылося забойства супрацоўніка ДАІ падчас выканання службовых абавязкаў. Паводле першапачатковай арыенціроўкі міліцыя шукала чорную «Волгу» з расейскімі нумарамі і, як мяркуецца, (!) траіх цыган, якія ў ёй знаходзіліся на момант учынення гэтага злачынства.

Нягледзячы на тое, што ўсё гэта было толькі адной з версій, прычым не прыярытэтнай у праваахоўных органаў, пачаліся аблавы, ператрусы дамоў, дзе жывуць цыганы, збіццё і затрыманні людзей гэтай нацыянальнасці. Факты зафіксаваныя ў лякарнях, куды па дапамогу вымушаныя былі звярнуцца жорстка збітыя праваахоўнікамі людзі. Куды ісці людзям прасіць абароны, калі тыя, хто павінны абараняць, чыняць расправу на той толькі падставе, што загінуў іх супрацоўнік? Людзі баяцца знаходзіцца ў сябе дома таму, што ў кожны момант можа ўварвацца патруль міліцыі і без падачы якіх-небудзь дакументаў і абвінавачванняў зладзіць ператрус, збіць толькі таму, што тут жывуць цыганы. Усё гэта адбываецца ў цэнтры Еўропы, у спакойнай і талерантнай Беларусі, дзе стагоддзямі жылі разам людзі розных нацыянальнасцяў і канфесій.

Падчас Другой сусветнай вайны мы страцілі кожнага трэцяга жыхара. Многіх толькі таму, што яны былі той нацыянальнасці, якой нацысты не давалі права на жыццё.

Гісторыя паўтараецца, калі з яе не вынятыя ўрокі. Наш абавязак, як грамадзян гэтай краіны, не дапусціць скочвання краіны да дзікасці і вярнуць дзеянні праваахоўных органаў у рэчышча закона.

Тое, што адбываецца сёння, недапушчальнае для краіны, якая хоча быць у ліку нармальных цывілізаваных краін міжнароднай супольнасці.

Сітуацыя абвастраецца тым, што цыганам няма куды звярнуцца па дапамогу, сваёй нацыянальнай дзяржавы ў іх няма. Беларусь, якая цягам многіх стагоддзяў была бяспечнай і роднай для многіх народаў, не павiнна раптоўна стаць краінай, дзе небяспечна жыць таму, што народ з'яўляецца нацыянальнай меншасцю. Ім няма куды і няма чаго сыходзіць. Наш грамадзянскі абавязак выступіць у абарону цыганскай дыяспары», - гаворыцца ў заяве партыі.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках