19 красавiка 2024, Пятніца, 11:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чаму Зяленскі стаў выклікам для Лукашэнкі

38
Чаму Зяленскі стаў выклікам для Лукашэнкі
УЛАДЗІМІР ЗЯЛЕНСКІ
ФОТА: SERGII KHARCHENKO/NURPHOTO/GETTY IMAGES

Дыктатар адчувае сябе палітычным дыназаўрам.

У ацэнцы ўступлення на пасаду Уладзіміра Зяленскага палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі ў экспрэс-каментары «Салiдарнасцi» адзначыў, што перад новым прэзідэнтам Украіны «неараная цаліна, шмат праблем - унутраных і вонкавых».

- Зяленскі паказаў, што ён умее выступаць публічна, - сказаў экспэрт. - Сёння ён таксама выглядаў дасціпна і элегантна. Але справа ў тым, што крэсла прэзідэнта - гэта не выступы ў шоў. Хоць, вядома, піяр - гэта важны складнік. І сама перамога Зяленскага на выбарах шмат у чым была наканаваная тым, што ён умела выкарыстоўваў новыя тэхналогіі, свежы імідж.

Але далей яму будзе вельмі цяжка, бо ва ўнутранай палітыцы патрэбныя рэформы, трэба змагацца з карупцыяй, трэба паказваць Захаду, што ён не толькі добра валодае рыторыкай, але і гатовы мяняць менталітэт грамадства. Бо карупцыя - гэта не толькі верхавіна і алігархі, яна глыбока пранікла ва ўкраінскае грамадства.

На думку Класкоўскага, яшчэ адна звышцяжкая задача для новага прэзідэнта Украіны - развязаць праблему Данбаса і Крыма.

- Нягледзячы на тое, што Зяленскі пра гэта даволі бадзёра выказваўся, тут ягоныя магчымасці абмежаваныя. І нават сённяшняе нежаданне Пуціна павіншаваць Зяленскага з інаўгурацыяй ужо гаворыць пра многае. Гэта сведчыць аб тым, што на канструктыўны лад Масква не настроена, - мяркуе суразмоўца.

Палітычны аглядальнік мяркуе, што ў найбліжэйшыя месяцы Зяленскі будзе, у першую чаргу, засяроджаны на гэтых праблемах. А пра беларускі вектар яму «нават не будзе калі падумаць». Агулам жа ў беларуска-ўкраінскіх стасунках будзе панаваць прагматызм. І нейкіх рэзкіх рухаў украінскае кіраўніцтва ў дачыненні да беларускага рэжыму рабіць не будзе, мяркуе экспэрт.

- Што да Лукашэнкі, то яго, у першую чаргу, напружваюць не нейкія «фінты» Зяленскага і ягонай каманды... Яго больш напружвае тое, што Украіна паказала прыклад дэмакратычных выбараў. А ў Беларусі гэтага няма і блізка, - мяркуе Класкоўскі - Беларусь ужо даўно не адчувала, не перажывала гэта адчуванне. І вось гэтая цікавасць да гэтай палітыкі, думаю, сёння больш за ўсё напружвае беларускую ўладу. І ў гэтым ёсць выклік для Лукашэнкі.

Калі Зяленскі будзе прадаўжаць практыкаваць такі стыль стасункаў (дасціпны, нешаблонны), а ягоная каманда будзе бліскаць крэатывам і нестандартнымі хадамі, то агулам будзе ўзмацняцца адчуванне, што ўсе гэтыя выскачкі (такія як Пашынян у Арменіі або Зяленскі ва Украіне) ужо адціскаюць кагорту старых постсавецкіх лідараў.

І гэтая новая генерацыя палітыкаў напружвае Лукашэнку. У гэтай сітуацыі ён ужо адчувае сябе палітычным дыназаўрам - і з кожным годам гэта адчуванне будзе ўзмацняцца.

Напісаць каментар 38

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках