19 лiстапада 2019, aўторак, 22:16
Дзень другі
Рубрыкі

«Гары Потэр» выйдзе па-беларуску

1
«Гары Потэр» выйдзе па-беларуску

Культавы раман Джоан Роўлінг «Гары Потэр і філасофскі камень» па-беларуску выйдзе ўпершыню.

Праваўладальнікі падпісалі кантракт і ўзгаднілі прозвішча перакладчыка. Пра гэта tut.by паведаміў Андрэй Янушкевіч, дырэктар выдавецтва «Янушкевіч», дзе ў снежні 2019 года і будзе апублікаваная кніга.

- Мы пастараемся зрабіць лепшае выданне, чым у нашых суседзяў, бо маем магчымасць улічыць іх памылкі і пралікі, прыслухацца да заўваг чытацкай аўдыторыі, якая прачытала ў свой час кнігу на іншых мовах. Я ў захапленні ад працы перакладчыцы Алены Пятровіч — гэта найвышэйшы ўзровень падыходу да справы. Для нас вялікі гонар выканаць гэтую пачэсную місію — выпусціць кнігу пра ўжо сапраўды легендарнага Гары Потэра на роднай мове, - кажа Андрэй Янушкевіч.

Перакладчыца Алёна Пятровіч - прафесійная лінгвістка з навуковай ступенню кандыдата навук, выкладчыца філалагічнага факультэта БДУ. Яна перакладае з ангельскай і польскай моў. Дзякуючы ёй па-беларуску выйшлі апавяданні Артура Конан Дойла і Эдгара Алана По, вершы Джэймса Морысана, кнігі «Падарожжы з Герадотам» Рычарда Капусцінскага і «Насыпаць горы» Малгажата Шэйнэрт. Больш за дзесяць гадоў займаецца выпускам онлайн-часопіса перакладной літаратуры «Прайдзісвет».

Пакуль гаворка ідзе пра пераклад першага рамана з серыі, якая налічвае восем кніг.

Па-ангельску першую кнігу пра Гары Потэра выдалі ў 1997 годзе. Гісторыя пра юнага чараўніка пабіла ўсе магчымыя рэкорды і стала бэстсэлерам ва ўсім свеце. Яе пераклалі больш чым на 80 моў. Прададзена ўжо больш за 500 мільёнаў асобнікаў. Па ўсіх кнігах серыі ў Галівудзе знятыя шырока вядомыя блокбастары.