17 чэрвеня 2019, панядзелак, 3:06
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Магілёўскія праваабаронцы звярнуліся ў пракуратуру праз масавую аблаву на цыганоў

ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА
КРЫНІЦА: MSPRING.ONLINE

Яны папрасілі прыняць захады для наступнай адстаўкі начальніка УУС Магілёўскага аблвыканкама.

Праваабаронцы «Магілёўскай вясны» Аляксей Колчын, Барыс Бухель і Аляксандр Буракоў накіравалі ў абласную пракуратуру скаргу на дзеянні кіруючага складу абласнога Упраўлення ўнутраных спраў і супрацоўнікаў праз масавыя затрыманні людзей з цыганскай дыяспары, паведамляе mspring.online.

У сваёй скарзе праваабаронцы заявілі пра дыскрымінацыйны характар масавых затрыманняў у месцах кампактнага пражывання нацыянальнасці рома, а таксама распавялі пра шматлікія паведамленні аб парушэнні правоў цыган, у тым ліку збіццё, катаванні і абразы.

- На працягу ўсіх выходных мы атрымлівалі паведамленні пра збіццё, катаванні, абыходжанне, якое прыніжае чалавечую годнасць у дачыненні да тых, каго затрымалі пасля забойства інспектара ДАІ Яўгена Патаповіча. На працягу ўсяго часу мы пераконвалі рома ў неабходнасці падачы скаргаў на неправамерныя дзеянні міліцыі, аднак яны баяцца наступнай расправы з боку МУС, - паведаміў праваабаронца Аляксандр Буракоў.

З ягоных слоў, масавае затрыманне людзей толькі праз прыналежнасць да этнасу і наступнае жорсткае абыходжанне з імі - гэта дыскрымінацыя. Паводле закона, сцвярджае ён, за гэта ўстаноўленая крымінальная адказнасць:

- Згодна з ч.2 арт. 130 Крымінальнага кодэкса РБ, дзеянні, накіраваныя на развязванне нацыянальнай варожасці або на прыніжэнне нацыянальнага гонару і годнасці, спалучаныя з гвалтам ці ўчыненыя службовай асобай з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін ад трох да дзесяці гадоў.

Праваабаронцы прызнаюць, што калі б пацярпелыя ад дзеянняў міліцыі рому пасылалі скаргі на парушэнні пад сваімі імёнамі і прозвішчамі, эфект мог бы быць большым. Аднак тыя занадта баяцца наступстваў:

- На жаль, нам не ўдалося пераканаць пацярпелых у тым, што публічнасць на сённяшні дзень - гэта галоўны сродак абароны для іх. Разам з тым, мы спадзяемся, што з цягам часу знойдуцца людзі, якія адкрыта ад свайго імя раскажуць, як усё адбывалася, - сказаў Буракоў.

Міліцыя ж, на думку праваабаронцаў, сваімі дзеяннямі стварыла міжэтнічную напружанасць і спрыяла як пагаршэнню іміджу цэлай нацыянальнасці, так і іміджу МУС:

- Відавочна, што гэта вельмі тапорная праца - проста прыехаць у месцы кампактнага пражывання цыганоў і замесці ўсіх. Як мне здаецца, тут лёгка прагледжваецца стаўленне сілавы структуры да цэлай нацыянальнасці. Гэта дыскрэдытацыя саміх органаў унутраных спраў. Асабліва сёння, калі Следчы камітэт заявіў, што ніякія нібыта «цыганы на чорнай «Волзе» ні пры чым і Яўген Патаповіч мог проста ўчыніць суіцыд.

Колчын, Буракоў і Бухель папрасілі абласную пракуратуру разабрацца ў дзеяннях міліцыі і прыцягнуць да адказнасці вінаватых. Акрамя таго, яны папрасілі прыняць захады для наступнай адстаўкі начальніка УУС Магілёўскага аблвыканкама.