25 красавiка 2024, Чацвер, 18:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Берасці настаўніцу з 24-гадовым стажам аштрафавалі за «кармленне галубоў»

15
У Берасці настаўніцу з 24-гадовым стажам аштрафавалі за «кармленне галубоў»

Людміла Карчэўская жыве за 800 метраў ад скандальнага завода.

Удзельніцу пратэстнага руху супраць акумулятарнага завода ў Берасці Людмілу Карчэўскую аштрафавалі на 20 базавых адзінак (510 рублёў) за ўдзел у «кармленні галубоў» 14 красавіка, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

Вёў адміністрацыйны працэс суддзя Ленінскага суда Аляксандр Семянчук. Сведкам з боку міліцыі быў Аляксей Федарэнка. Паводле ягоных слоў, Карчэўская пляскала ў ладкі і крычала «Не заводу!».

Жанчына, у сваю чаргу, адзначыла, што падчас акцыі ніякіх палітычных лозунгаў не агучвала, не крычала «Не заводу!», не пляскала, а значыць Федарэнка хлусіць.

СВЕДКІ-МІЛІЦЫЯНТЫ АЛЯКСАНДР БУКАТА І АЛЯКСЕЙ ФЕДАРЭНКА

«Так, я прыходжу на плошчу нядзелямі. У мяне 5 унукаў, адна жыву ў непасрэднай блізкасці, 800 метрах ад завода. Мяне хвалюе іх здароўе, здароўе ўсіх берасцейцаў. У нас шмат людзей памірае ад раку. Калі паміраюць старыя - зразумела, але калі дзеці - не павінна так быць! Я прыходжу на плошчу, каб даведацца, што адбываецца з гэтым заводам, бо афіцыйныя крыніцы і ўлады праўды не гавораць», - сказала на судзе Людміла Карчэўская, настаўніца з 24-гадовым стажам.

Карчэўская спытала суддзю, ці бачыў ён на відэа, каб яна пляскала ў ладкі і крычала. Суддзя Семянчук адказаў, што не бачыў, аднак верыць сведку-міліцыянту.

У выніку Аляксандр Семянчук прызнаў Людмілу Карчэўскую вінаватай ва ўчыненні правапарушэння, прадугледжанага ч.3 арт.23.34 КоАП («Удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве»), паўторна цягам года. І пастанавіў пакараць пенсіянерку штрафам на 20 базавыя адзінкі.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках