23 красавiка 2024, aўторак, 19:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Былы следчы і міліцыянт распавялі пра недапасаванні ў версіі пра самагубства інспектара ДАІ

Былы следчы і міліцыянт распавялі пра недапасаванні ў версіі пра самагубства інспектара ДАІ

Чаму аргументы СК выклікаюць сумневы.

Пракаментаваць новую версію следчых у справе смерці Яўгена Патаповіча «Белсат» папрасіў былога следчага пракуратуры і падпалкоўніка міліцыі ў запасе.

Былы следчы пракуратуры Фрунзенскага раёна Менска Алег Воўчак звяртае ўвагу на блытаніну ў афіцыйнай версіі следства.

«Спачатку яны кажуць, што ён пры выкананні службовых абавязкаў выехаў на ДТЗ, потым усё змяняецца: на нейкай спадарожнай машыне ён едзе ўчыняць суіцыд. Надзеў кайданкі, зняў штаны - і пайшоў з жыцця. Калі судзіць паводле каментароў у сацыяльных сетках, у афіцыйную версію не верыць нават 1%», - кажа Воўчак.

На думку спецыяліста, самагубства міліцыянта выглядае вельмі складана:

«З маёй следчай практыкі ў пракуратуры магу сказаць, што суіцыды простыя: застрэліўся, скінуўся з балкона і гэтак далей. Мне даводзілася расследаваць такія справы. Звычайна самазабойцы доўга рыхтуюцца, яны хвалююцца і таму не могуць рабіць складаных камбінацый».

Экспэрт заўважае, што суіцыды ў Беларусі часта становяцца дэманстратыўнымі, калі людзі сыходзяць з пэўным рытуалам - і нагадвае справу Коржыча.

Аляксандр Коржыч - вайсковец тэрміновай службы вучэбнага цэнтра ў Печах. 3 кастрычніка 2017 года ягонае цела знайшлі ў падвале будынка медыцынскай роты ў пятлі з рамяня з перавязанымі шнурком з абутку нагамі і нацягнутай на галаву цішоткай. На думку суда, жаўнер засіліўся сам.

Са слоў былога следчага, адным з найважнейшых довадаў самагубства былі б парахавыя газы на руках і адзенні загінулага. Але пра гэта нічога не кажуць, дадае ён.

«Мяркую, яны зразумелі, што справа будзе нераскрытай, - кажа Воўчак. - Упэўнены, у нас ёсць добрыя судовыя экспэрты, спецыялісты і навуковыя супрацоўнікі, якія ведаюць, як збіраць рэчавыя доказы, але за тры дні яны нічога не знайшлі. Месца здарэння добра пачышчанае - гэта значыць, працавалі прафесіяналы».

Чарговай праблемай Воўчак называе пытанне кампенсацыі сваякам загінулага.

«Пахаванне адбылося так, як быццам ён быў пры выкананні службовых абавязкаў. І адкруціць гэта цяжка. Сваякі могуць цяпер падаць пазоў, і, думаю, яны павінны абараніць імя свайго сына. Ім трэба наняць смелых адвакатаў, якія будуць адпрацоўваць версію забойства пры выкананні службовых абавязкаў. Калі яны давядуць гэта нават пры ўмове, што забойства не раскрытае, сваякі не толькі абароняць імя сына, але і атрымаюць сур'ёзную кампенсацыю», - прадаўжае наш суразмоўца.

Апошняе пытанне, якое чакае адказу - аблавы на цыганоў ва ўсёй краіне.

«Хто прынясе прабачэнні цыганам за незаконнае затрыманне? Хто з дзяржчыноўнікаў панясе адказнасць за гэтую справу?» - пытаецца Воўчак.

Следству не вераць, бо не вераць міліцыі

Падпалкоўнік міліцыі ў адстаўцы і старшыня АГП Мікалай Казлоў мяркуе, што людзі не вераць у афіцыйную версію следства, бо міліцыя не здабыла давер у грамадства.

«Нешта канкрэтнае з нагоды гібелі маладога лейтэнанта я сказаць не магу, але ведаю, што сумневы ў людзей праз кіданне следчых ад адной версіі да іншай - гэта дзякуючы рэпутацыі міліцыі, якую яна зарабіла за апошнія гады. Гэта ўсё выклікае недавер, падазрэнні, канспіралагічныя версіі. Што б ні казаў афіцыйна Следчы камітэт, МУС ці Шуневіч, усё зазнае сумнеў. Таму што яны столькі разоў падманвалі, што паверыць з паўслова мы ўжо не можам», - кажа Мікалай Казлоў.

Цела 22-гадовага лейтэнанта міліцыі Яўгена Патаповіча знайшлі 16 траўня блізу 20:45 у лясным масіве ў Магілёўскім раёне. Міліцыя ўвяла план «Сірэна», але падазраваных не знайшла.

Следчы камітэт пачаў крымінальную справу паводле артыкула 362 Крымінальнага кодэкса (забойства супрацоўніка органаў унутраных спраў у сувязі з выкананнем імі абавязкаў у ахове грамадскага парадку).

20 траўня на сустрэчы з журналістамі прадстаўнікі СК і МУС паведамілі журналістам, што галоўная версія следства - суіцыд.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках