28 сакавiка 2024, Чацвер, 13:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У цыганскім паселішчы Магілёва пасля аблаў памерла жанчына

У цыганскім паселішчы Магілёва пасля аблаў памерла жанчына
Фота: svaboda.org

Бабуля абараняла ўнукаў ад АМАПу.

У магілёўскім паселішчы Грэбянёва мясцовыя цыганы развітваюцца з 67-гадовай Лідзіяй Юрчанкай. Хворая на анкалогію жанчына памерла праз тры дні пасля ўварвання ў яе дом узброеных амапаўцаў. Прычынай смерці стаў адрыў тромба, паведамляе «Радыё Свабода».

Бараніла ўнукаў

Сваякі намагаюць, што нябожчыца не змагла перажыць стрэсу. Позна ўвечары 16 траўня ў яе дом уварваліся амапаўцы, і яна, як магла, абараняла сваіх непаўналетніх чатырох унукаў. Дзяцей і гаспадыню паклалі тварам уніз на падлогу. У той момант у хаце не было мужчын.

«Бабуля прасіла, каб не палохалі дзяцей, - распавядае пра перажытае чатырнаццацігадовая ўнучка памерлай. - На гэта адзін з амапаўцаў адказаў: «Сука, закрый рот, ці я цябе парву на кавалкі». Калі мой брат папрасіў бабулю супакоіцца, каб з ёй не зрабілі чагосьці дрэннага, то на яго амапавец накіраваў зброю і загадаў: «Закрыць рот».

Са слоў дзяўчыны, ейная сястра пачала задыхацца, але амапаўцы не давалі выклікаць хуткую дапамогу. Усё ў доме плакалі. У двары міліцыянты «усё перавярнулі і дзе былі замкі, пазрывалі іх». Са слоў дарослых, амапаўцы ў пасёлак прыехалі на некалькіх БТР-х.

Яны кажуць, што дзеці цяпер баяцца хадзіць у школу і з трывогай ўспрымаюць грукат машын.

«Лекары перасцерагалі ад хваляванняў»

Наступныя два дні жанчына скардзілася сваякам на болі ў сэрцы. Казала, што за сваё жыццё з такім абыходжаннем не сутыкалася. Згадвала апавяданні сваёй маці аб аблавах паліцаяў падчас нацысцкай акупацыі і параўноўвала іх з перажытым цяпер. Раіла родным, каб «яны ўцякалі з Беларусі, бо тут ім жыцця не будзе».

«Лекары перасцерагалі яе ад хваляванняў. Папярэджвалі, што аслаблены анкалогіяй арганізм можа не вытрымаць. А пасля ўварвання амапаўцаў у яе падскочыў ціск. Яго збілі таблеткамі», - кажа ўнучка.

Нябожчыцу не вазілі ў морг, згодна з цыганскімі традыцыямі рабіць ускрыццё - грэх.

Пра тое, што прычынай смерці стаў адрыў тромба, яе сваякі кажуць са слоў медыкаў, якія канстатавалі смерць. Згодна з імі, лекар хуткай дапамогі запэўніў, што тромб адарваўся праз стрэс. У пасведчанні аб смерці яе прычына пазначаная кодам 125.1А, што азначае «атэрасклератычная хвароба сэрца».

Анкалогію ў Лідзіі Юрчанка выявілі 8 гадоў таму. Ускладненняў не фіксавалася, гавораць яе родныя. Памерла яна ў калідоры, седзячы на канапе.

Пахаваюць яе 22 траўня на Грэбянёўскі могілках. Праводзіць нябожчыцу прыйдзе ўвесь цыганскі пасёлак.

Медык-экспэрт: «Сасудзістыя захворванні стрэсазалежныя»

«Вядома ж, калі ў дом урываюцца, то чалавек апынаецца ў стане стрэсу», - кажа магілёўскі медык, які пагадзіўся на ўмовах ананімнасці пракаментаваць гісторыю са смерцю жыхаркі Грэбянёва.

Паводле ягоных слоў, сасудзістыя хваробы стрэсазалежныя. «Інфаркты, інсульты стрэсамі могуць быць справакаваныя, і імавернасць катастрафічнага зыходу для хворага вельмі высокая», - тлумачыць суразмоўца.

Разам з тым экспэрт перасцерагае ад паспешлівых высноў, бо сітуацыя, на ягоную думку, патрабуе спецыяльных экспэртыз з мэтай высветліць прыроду з'яўлення тромба. Нюансаў тут вельмі шмат, кажа ён.

«Але, паўтаруся, вострыя сасудзістыя хваробы могуць быць справакаваныя стрэсамі», - рэзюмуе медык.

Што рабілі амапаўцы ў пасёлках кампактнага пражывання цыганоў

16 траўня былі затрыманыя дзясяткі цыганоў у магілёўскіх пасёлках іх кампактнага пражывання: Грэбянёва і Чапаеўкі. Узброеныя амапаўцы з'явіліся неўзабаве пасля таго, як праваахоўнікам стала вядома аб выкраданні і смерці магілёўскага супрацоўніка ДАІ Яўгена Патаповіча.

У дамы цыганоў міліцыянты ўрываліся сілай. Гаспадароў збівалі. Потым везлі ў раённыя аддзелы міліцыі.

19 траўня іх вызвалілі з ізалятара часовага ўтрымання. Кожны быў дапытаны паводле справы аб забойстве Патаповіча. Некаторыя сцвярджаюць, што з іх спрабавалі выбіць сведчанні. Цыганоў утрымлівалі пад вартай, як дробных хуліганаў.

Са слоў старшыні грамадскага аб'яднання «Беларуская дыяспара цыганоў» Алега Казлоўскага, міліцыянты прыходзілі да цыганоў ва ўсіх рэгіёнах Беларусі.

Цыганы з магілёўскага пасёлка Чапаеўка звярнуліся да памочніка Лукашэнкі Магілёўскай вобласці Міхаіла Русага, каб той абараніў іх ад «ціску і пагроз з боку праваахоўных органаў».

Афіцыйная пазіцыя ў пытанні пераследу цыганоў

Афіцыйная інфармацыя аб дачыненні прадстаўнікоў цыганскага меншасці да забойства міліцыянта не агучвалася. Такая інфармацыя фігуравала ў перадсмяротным паведамленні калегам у Viber лейтэнанта Патаповіча, пра што стала вядома з тэлеграм-канала NEXTA.

Факт масавага затрымання прадстаўнікоў цыганскай дыяспары не прызнаюць ні Следчы камітэт, ні Міністэрства ўнутраных спраў. Там сцвярджаюць, што з цыганамі, магчыма, праводзілі гутаркі.

20 траўня начальнік галоўнай следчай управы СК Яўген Архірэеў паведаміў, што галоўная версія смерці лейтэнанта Патаповіч - суіцыд.

21 траўня першы намеснік міністра ўнутраных спраў Іван Падгрускі на пытанне БелаПАН, ці не думае ён, што МУС павінна папрасіць прабачэння ў цыганоў, адказаў: «Можа быць, і трэба. Не ведаю, ці будзем».

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках