19 красавiка 2024, Пятніца, 14:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

За 2 дні 20 мітынгаў: У Берасці дамагаюцца правядзення масавай акцыі супраць завода АКБ

5
За 2 дні 20 мітынгаў: У Берасці дамагаюцца правядзення масавай акцыі супраць завода АКБ
Фота: DW

Чарговыя паведамленні аб правядзенні мітынгаў пададзеныя на пачатак чэрвеня.

У пачатку тыдня праваабаронца Раман Кісляк занёс у Берасцейскі гарвыканкам 20 апавяшчэнняў аб правядзенні ў парку воінаў-інтэрнацыяналістаў мітынгаў супраць акумулятарнага завода: па 10 мітынгаў 1 і 2 чэрвеня, піша «Брестская газета».

Яшчэ 3 заявы на правядзенне аналагічных мерапрыемстваў у вёсцы Тэльмах Берасцейскага раёна ён адправіў у райвыканкам. Нягледзячы на шматлікія забароны, актывіст прадаўжае дамагацца правядзення мітынгу. Напрыклад, мітынгі ў парку-воінаў інтэрнацыяналістаў, што планаваліся ў траўні, былі забароненыя на падставе «мерапрыемстваў супраць кляшчоў».

«Пяць дзён мы шукалі ў парку «паляўнічых на кляшчоў». На жаль, мы іх там не ўбачылі. Атрымліваецца зусім нядобра; і мерапрыемстваў супраць кляшчоў не было, і нашы мітынгі «Берасцейцы супраць свінцу» чарговым разам былі сарваныя. Зразумела, што і на гэты раз яны знойдуць прычыны адмовіць. Але чым далей, тым ім усё складаней і складаней», - мяркуе Кісляк.

Больш за год у Берасці і раёне доўжыцца пратэст мясцовых жыхароў супраць з'яўлення акумулятарнага завода побач з горадам. На іх думку, прадпрыемства будуецца з парушэннямі і будзе шкодным для экалогіі і здароўя людзей. З 4 сакавіка мінулага года на плошчы Леніна ў Берасці праціўнікі будаўніцтва завода кормяць галубоў і тым самым выказваюць свой пратэст. Двойчы маўклівыя акцыі пратэсту пераходзілі ў мітынгі - за ўдзел у іх былі аштрафаваныя дзясяткі людзей. Адзіны дазволены мітынг супраць завода прайшоў у Берасці больш за год таму і сабраў блізу 2 000 чалавек.

Паводле афіцыйнай інфармацыі, акумулятарны завод «АйПаўэр», які першапачаткова планавалі запусціць яшчэ ў жніўні мінулага года, цяпер працуе ў рэжыме пусканаладкі. Актывісты заяўляюць, што гэта не пусканаладачныя работы, а паўнавартасны вытворчы працэс. З 3 траўня каля прадпрыемства арганізаванае кругласутачнае дзяжурства - барацьбіты за экалогію па чарзе знаходзяцца побач з прадпрыемствам і здымаюць на фота і відэа тое, што яны ўважаюць за парушэнні. Потым інфармацыя перадаецца ў адпаведныя органы і службы.

Улады заяўляюць, што завод бяспечны і кажуць, што ў выпадку парушэнняў прадпрыемства будзе закрытае.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках