25 красавiка 2024, Чацвер, 14:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ЗША рыхтуюць санкцыі ў дачыненні да чальцоў урада Венесуэлы

ЗША рыхтуюць санкцыі ў дачыненні да чальцоў урада Венесуэлы

ЗША падазраюць шэраг чыноўнікаў Венесуэлы ў адмыванні грошай для рэжыму Мадуры.

Злучаныя Штаты рыхтуюць санкцыі і крымінальныя справы ў дачыненні да шэрагу чальцоў венесуэльскага ўрада. Іх падазраюць у адмыванні грошай для кіраўніка Венесуэлы Нікаласа Мадуры і ягонага кабінета міністраў, паведамляюць суразмоўцы агенцтва Reuters, знаёмыя са станам спраў, у аўторак, 21 траўня. Паводле іх інфармацыі, для адмывання выкарыстоўвалася венесуэльская харчовая праграма CLAP, заснаваная ў красавіку 2016 года, піша DW.

У падрыхтоўцы санкцый удзельнічаюць Рада нацыянальнай бяспекі ЗША, Дзярждэпартамент, а таксама міністэрствы юстыцыі і фінансаў. Чакаецца, што абмежавальныя захады будуць ужытыя ў найбліжэйшыя тры месяцы.

Тэрміновая дапамога неабходная амаль 25% венесуэльцаў

Паводле звестак ААН, амаль чвэрць з 30 мільёнаў венесуэльцаў маюць патрэбу ў тэрміновай дапамозе. Блізу 3,7 мільёна жыхароў краіны знясіленыя з прычыны недастатковага харчавання, не менш за 22 адсоткі дзяцей да 5 гадоў пакутуюць ад хранічнага недаядання, гаворыцца ў адной з нядаўніх справаздач арганізацыі.

У красавіку Мадура пасля доўгіх адмоў паведаміў пра гатоўнасць прыняць гуманітарную дапамогу Міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа. 16 красавіка ў аэрапорце Каракаса прызямліўся самалёт з грузам тэрмінова неабходных медыкаментаў і медыцынскіх матэрыялаў.

Хуан Гуайдо супраць Нікаласа Мадуры

Венесуэла знаходзіцца ў глыбокім палітычным і сацыяльным крызісе. Пасля ўступлення Нікаласа Мадуры на пасаду кіраўніка дзяржавы на другі тэрмін у студзені 2019 года ў краіне аднавіліся актыўныя палітычныя пратэсты. Старшыня парламента паўднёваамерыканскай краіны Хуан Гуайдо абвясціў сябе часовым выканаўцам абавязкаў прэзідэнта. Легітымнасць ягонага лідэрства прызналі больш за 50 дзяржаў свету.

Перамовы для ўрэгулявання крызісу

Раней у траўні ў Осла прайшлі першыя перамовы што да венесуэльскага канфлікту пры пасярэдніцтве нарвежскага ўрада. Прыхільнікі часовага прэзідэнта зрабілі асаблівы акцэнт на адсутнасці наўпроставых кантактаў паміж прадстаўнікамі Мадуры і Гуайдо.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках