19 чэрвеня 2019, Серада, 21:04
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

У Аўстрыі пасля скандалу з «расейскай бізнэсвумэн» прызначылі ўрад меншасці

У верасні будуць праведзеныя датэрміновыя выбары.

Урад меншасці на чале з канцлерам Аўстрыі Себасцьянам Курцам быў прыведзены да прысягі ў сераду, пасля таго, як кааліцыя Курца з крайне правай «Партыяй свабоды» распалася праз карупцыйны скандал.

Пра гэта паведамляе "Европейская правда" са спасылкай на DPA.

Міністры ад «Народнай партыі» Курц і незалежны міністр замежных спраў Карын Кнэйсль захавалі свае пасады, у той час як міністры «Партыі свабоды» былі замененыя малавядомымі экспэртамі і высокапастаўленымі дзяржаўнымі службоўцамі, а не палітыкамі.

Аднак, незразумела, як доўга зможа працаваць цяперашні ўрад, бо ў наступны панядзелак невялікая левая партыя «Jetzt» плануе правесці галасаванне за недавер у парламенце.

Сацыял-дэмакраты і «Партыя свабоды» не выключаюць, што падтрымаюць вотум недаверу і адстаўку Курца замест таго, каб дазволіць яму кіраваць краінай да датэрміновых выбараў.

На цырымоніі прывядзення да прысягі прэзідэнт Аляксандр Ван дэр Бэлен заклікаў часовы кабінет міністраў умацаваць давер і знайсці кампрамісы з парламентам.

«Актыўная і спелая дэмакратыя - гэта не проста прасоўванне ўласных пазіцый і праграм», - сказаў ён.

Палітычны крызіс у Аўстрыі выбухнуў у пятніцу, калі нямецкія выданні Süddeutsche Zeitung і Spiegel апублікавалі відэазапісы сустрэчы, якая адбылася ў ліпені 2017 года на Ібіцы. Паводле гэтых запісаў, віцэ-канцлер Аўстрыі, кіраўнік ультраправай «Партыі свабоды» Штрахе сустракаўся з расейкай Аленай Макаравай, пляменніцай алігарха з атачэння Пуціна. Яна нібыта планавала інвеставаць не зусім легальныя сродкі ў Аўстрыі.

17 траўня віцэ-канцлер прызнаў сапраўднасць запісаў і падаў у адстаўку, а свае дзеянні назваў «п'янай гісторыяй».

У нядзелю было абвешчана аб правядзенні датэрміновых выбараў у верасні праз распад урадавай кааліцыі. Дакладная дата выбараў пакуль невядомая.