27 чэрвеня 2019, Чацвер, 16:23
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Загад забраць ФК «Дынама-Менск» у Чыжа паступіў пасля разгромнага пройгрышу піцерскаму «Зеніту» ў Лізе Еўропы

11
ЮРЫ ЧЫЖ

Мэр Менска прасіў Чыжа перадаць акцыі «Дынама» бязвыплатна.

Пацвердзілася інфармацыя аб тым, што загад забраць футбольны клуб «Дынама-Менск» у бізнэсоўца Юрыя Чыжа паступіў пасля разгромнага пройгрышу піцерскаму «Зеніту» ў Лізе Еўропы.

Пра гэта паведамляе pressball.by са спасылкай на tut.by.

Эканамічны суд Менску разгледзеў пазоў галоўнага ўпраўлення спорту і турызму Менгарвыканкама да ЗАТ «ФК Дынама-Менск». Начальніца юрыдычнай службы холдынгу «Трайпл», якому належыць 53% акцый «Дынама», Таццяна Васілеўская распавяла пра тое, як быў запушчаны працэс «адціскання» футбольнага клуба.

Высветлілася, у канцы жніўня 2018 года падкантрольны Юрыю Чыжу «Трайпл» атрымаў ліст за подпісам тагачаснага мэра Менска Андрэя Шорца з указаннем перадаць бязвыплатна ва ўласнасць горада ўсе акцыі «Дынама».

«Трайпл» адказаў, што лічыць справядлівым продаж акцый, аргументаваўшы гэта значнымі ўкладзенымі сродкамі. «Толькі на куплю акцый мы патрацілі больш за 1 млн даляраў, плюс выплацілі больш за 2 млн даляраў даўгоў. Назвалі кошт продажу - 1 млн рублёў. Адказу не атрымалі», - сказала Васілеўская.

У лютым 2019 года «Трайпл» накіраваў усім акцыянерам ЗАТ «ФК» Дынама-Менск «пісьмовыя прапановы па продажы акцый.

«Неўзабаве мы даведаліся, што Мінфінам накладзеная забарона на распараджэнне гэтымі акцыямі. У Дэпартаменце па каштоўных паперах Мінфіна растлумачылі, што забарона накладзеная ў інтарэсах Рэспублікі Беларусь», - сказала галоўная юрыстка «Трайпла».

Раней з'яўлялася неафіцыйная інфармацыя аб тым, што паваротным момантам для «Дынама» і Юрыя Чыжа стаў леташні пройгрыш «Зеніту» ў Санкт-Пецярбургу - 1:8.

Гульня адбылася 16 жніўня 2018 гадоў у рамках кваліфікацыйнага раўнду Лігі Еўропы.