25 чэрвеня 2019, aўторак, 19:45
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Менская настаўніца прыдумала трэнажор для чытання і выйграла прэстыжны конкурс

1
Любовь Сардалишвили / embassybel.ru

Беларуска стала найлепшай сярод 20 удзельнікаў з 9 краін свету.

Настаўніца пачатковых класаў сталічнай сярэдняй школы №94 Любоў Сардалішвілі выйграла гран-пры педагагічнага конкурсу «Бурштынавая сава-2019», які праходзіў у Калінінградзе. Сярод удзельнікаў былі прадстаўнікі Расеі, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Польшчы, Нямеччыне і нават ЗША, паведамляе Еўрарадыё.

На першым этапе Любоў Сардалішвілі паказала ўласную напрацоўку, прысвечаную «выкарыстанню інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій для ўдасканалення навыкаў чытання малодшых школьнікаў». Фішкай гэтай працы было выкарыстанне ўласна распрацаваных трэнажораў, якія могуць навучыць дзяцей чытаць лепш, чым друкаваныя падручнікі.

Любоў Сардалішвілі разам з вучнямі/архіўныя фота, VK.COM

Першы этап быў паспяхова пройдзены, а ў Калінінградзе трэба было правесці майстар-клас перад сябрамі журы.

«Я паказвала майстар-клас па трэнажорах, але ўпрыгожыла іх нашым беларускім арнаментам. Для правядзення майстар-класа я спецыяльна ўзяла такі невялікі беларускі куфар, з якога даставала розныя сімвалы. Напрыклад, невялікі яблык з беларускай стужкай, які сімвалізаваў веды. Свечка, якая пралівала святло на новыя веды, таксама была са стужкай. Былі і невялікія падарункі, таксама з нацыянальнымі стужкамі.

Канкурэнцыя была сур'ёзная, можаце ўявіць самі - у фінале было 20 удзельнікаў з 9 краін свету, нават з Чыкага прыехалі. Людзі ўсе, безумоўна, дасведчаныя, са сваім бачаннем і ідэямі. Таму было вельмі прыемна перамагчы ў такім спаборніцтве».

Настаўніца прадоўжыць удзельнічаць у прафесійных конкурсах. Тым больш што ў яе ёсць цэлы шэраг цікавых ідэй. А дзеці абавязкова будуць падтрымліваць Любоў Сардалішвілі - убачыўшы тую самую статуэтку «Бурштынавай савы», яны адразу ж захацелі набыць такія ж.

Гэта ўжо не першы раз, калі «бурштынавую саву» атрымлівае беларуская настаўніца. У 2017 годзе ўзнагароду здабыла настаўніца сталічнай гімназіі №1 Наталля Трухан, а у 2018 годзе прадстаўніца той жа гімназіі Ірына Туравец заняла трэцяе месца.