Вядомая ўкраінская журналістка Яніна Сакалова прызналася, што адолела рак
6- 22.05.2019, 20:39
- 16,900
Яна анансавала стварэнне праекта, прысвечанага барацьбе з анкалагічнымі захворваннямі.
Вядомая ўкраінская журналістка і тэлевядоўца Яніна Сакалова прызналася, што апошнія сем месяцаў змагалася з ракам і перамагла яго, піша «Новое время».
«Не, гэта не мантаж. Менавіта так я выглядаю цяпер. Сем месяцаў назад я даведалася, што ў мяне РАК. За 7 месяцаў я яго перамагла», - напісала яна ў сваім Facebook.
Сакалова таксама апублікавала сваё фота без валасоў.
«Публічнае і рэальнае жыццё часта вельмі кантрасныя. Пакуль грамадства абмяркоўвала скандальны эфір з Прыходзька ў лістападзе, які мы запісалі загадзя, я ляжала ў рэанімацыі, падключаная да апаратаў, нашпігаваная катэтарамі па ўсім целе і з дзіркамі ў жываце», - напісала яна.
Сакалова расказала, што за сем месяцаў перажыла 30 прамянёвых тэрапіі і 4 курсы хіміятэрапіі.
«Я страціла валасы, бровы, вейкі, ува мне мінус пару органаў, але вялізная любоў у сэрцы», - падкрэсліла тэлевядоўца.
Яніна Сакалова дадала, што хоча дапамагчы ўкраінцам, у якіх рак, палегчыць жыццё і быць шчаслівымі.
Яна таксама анансавала стварэнне тэматычнага мультымедыйнага праекта Я, Ніна.
«Вы не ўбачыце там стомленай асуджанасці і шкадавання. Мы зробім фільм, выпусцім кнігу і песню, якая будзе гімнам любові. Так, менавіта любові. Таму што выратаванне ад раку - гэта любоў», - рэзюмавала Сакалова.