20 чэрвеня 2019, Чацвер, 9:25
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

У Гомелі міліцыя ўварвалася да кіраўніцы цыганскай арганізацыі

ФОТА: "РАДЫЁ СВАБОДА"

На цыганоў у Беларусі абвешчанае сапраўдная паляванне.

У Гомелі, пасля смерці магілёўскага афіцэра ДАІ, ціску з боку міліцыі падвергліся мясцовыя цыганы. Была затрыманая і кіраўніца ўстановы адаптацыі цыган "Рамана Дром» («Цыганская дарога») Вольга Нячаева , паведамляе «Радыё Свабода».

«Мае дзяды ваявалі супраць нацыстаў. А як назваць гэтыя дзеянні міліцыі? Нацызм у мірны час?» — плача шматдзетная маці. У яе з мужам — 8 дзяцей і 13 унукаў.

З яе слоў, ранкам 17 траўня яна пачула, што нехта шкрабае ў дзверы. Адчыніла.

«Мяне ўціснулі ў сцяну і ўварваліся ў кватэру. Трое ў міліцэйскай форме. Ніхто не прадставіўся, нічога не тлумачылі. Пайшлі на кватэры, хамілі, пагражалі. Пачалі апытваць 15-гадовую дачку — без майго дазволу. Пыталіся ў яе вагу, рост. У мужа — мянушку. Гэта што ўвогуле такое? Нам забаранялі размаўляць на роднай цыганскай мове», — узгадвае падзеі таго дня Вольга.

«Ты што — надта граматная? Паедзеш у аддзел!»

Яна спрабавала запярэчыць міліцыі, але атрымала ў адказ: «Ты што — надта граматная? Шмат ведаеш? Зараз у аддзел забяром!».

Жанчына патэлефанавала ў «102», каб паскардзіцца на ўварванне ў жытло невядомых, якія не прадставіліся, не патлумачылі прычын візіту. У дзяжурцы адказалі, што «вам дастаткова, што людзі ў міліцэйскай форме».

Міліцыянт запатрабаваў у Вольгі пашпарт з крыкам: «Дакументы на стол!». «Я не пагадзілася — гэта мой пашпарт, прапанавала паглядзець у маіх руках. Тады мне заламалі рукі і забралі яго», — дадае кіраўніца арганізацыі.

«Маглі б і мордай аб стол вас»

Пасля пагроз яе забралі ў Цэнтральны РАУС — для «гутаркі». Патрабавалі здаць адбіткі пальцаў. Затым заявілі, што яе тэлефон крадзены.

«Тэлефон на той момант ляжаў у камеры захоўвання аддзелу міліцыі. Я кажу, што вы не ведаеце нават маркі тэлефона — ён жа ў камеры, а заяўляеце, што ён крадзены», — кажа Вольга.

У выніку ў яе забралі тэлефон і яшчэ некалькі гадзін «марынавалі».

«Затым прыйшоў той, нахабны, які быў у маёй хаце, і заявіў: «Што, мы сябе некарэктна паводзілі? А маглі б АМАП выклікаць і мордай у стол вас!», — гаворыць жанчына.

Пасля «гутаркі» ў міліцыі яна пайшла ў пракуратуру і напісала заяву з просьбай правесці праверку законнасці дзеянняў супрацоўнікаў РАУС.

«Дзеянні міліцыі насілі дыскрымінацыйны характар»

22 траўня Вольга звярнулася да праваабаронцаў па дапамогу.

«Мы дапамаглі скласці заяву на імя начальніка Цэнтральнага РАУС, каб Вользе Нячаевай вярнулі тэлефон, які ў яе незаконна забралі. Заўтра будзем пісаць скаргу на кіраўніцтва РАУС — на дзеянні іх падначаленых. Іх дзеянні насілі дыскрымінацыйны характар і выходзілі за прававыя межы. У гутарцы з намі Вольга адзначала, што пасля смерці супрацоўніка ДАІ ў Магілёве атрымала негатыўную рэакцыю з боку суседзяў», — сказаў прадстаўнік Гомельскага цэнтру стратэгічнай цяжбы Васіль Палякоў.

Ён мяркуе, што такія дзеянні міліцыі падобныя да аперацыі запалохвання.

Установа адукацыі «Рамано дром» садзейнічае нефармальнай адукацыі дарослых, сацыяльнай адаптацыі рома, прававой адукацыі, працаўладкаванню, захаванню і развіццю культурных традыцый.