25 красавiка 2024, Чацвер, 13:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У што чыноўнікі ператвараюць беларускае багацце?

11
У што чыноўнікі ператвараюць беларускае багацце?

Прыклад вёскі на мяжы з Нацыянальным паркам Нарачанскі - паказальны.

Жыхары вёскі Брусы Мядзельскага раёна ўжо забыліся, што такое свежае паветра. Мікалай Калачоў тлумачыць, чаму так здарылася, паведамляе сайт тэлеканалу «Белсат».

«Тут ёсць гаспадарка свінагадоўлі. Вось гэта сапраўдны бізун для ўсяго наваколля. Як толькі задзьме вецер з поўначы, усё набягае сюды!», – кажа Мікалай.

Смурод узмацняецца ўвечары. Ды так, што немагчыма ўратавацца анідзе.

«Нават у хаце! Калі вопратку сушым, апранаеш яе на працу, а яна смярдзіць… гэным, – распавядае жыхар в. Брусы Казімір Таразевіч. – У машыне едзеш, нібы таксама ў машыне гэта… ну, вы самі разумееце! Такі смурод…»

Уладзімір Ільяш кажа, што паходы да мясцовых чыноўнікаў праблемы не развязваюць.

«Мы не ведаем, куды нават звяртацца. Калі ірвуцца да ўлады, усе абяцаюць: вось мы вам зробім… Калі прыйшлі да ўлады, яны на людзей забываюцца!», – абураецца мужчына.

Яшчэ нядаўна чыстая, вада ў вясковых студнях цяпер мае сур’ёзнае перавышэнне нітратаў. Станіслаў Таспаеў, каардынатар «Зялёнага дазору», разам з вяскоўцамі бярэ пробы вады.

«Ну вось, мы ўжо бачым, у вас ужо норма, а яшчэ мінула менш за хвіліну. Вось ужо пачынае перавышаць. То недзе ўдвая ў вас будзе перавышэнне. Адназначна я б такую ваду піць не стаў!», – кажа адмыслоўца.

За дзень да прыезду здымачнай групы «Маю права» навакольныя палеткі пачалі араць. Да гэтага іх даслоўна залівалі гноем. Разам са Станіславам Таспаевым накіроўваемся ў бок свінакомплексу. Па дарозе наведваем лясное возера – раней улюбёнае месца вяскоўцаў павудзіць карася. Цяпер сюды ўжо ніхто не ходзіць.

«Усё тут заліта гноем. І даслоўна за некалькі метраў месціцца сам свінакомплекс і ачышчальныя збудаванні. Бачна, што нават сосны не вытрымліваюць – выгарае ўся расліннасць, дрэвы. Тут папросту нейкія могілкі…», – здзіўляецца Станіслаў.

Каб даведацца, чаму такая колькасць гною трапляе ў навакольнае асяроддзе, мы патэлефанавалі галоўнаму інжынеру гаспадаркі «Брусы» Аляксандру Ціхічу.

«Нас кантралююць усе органы: інспекцыя пры прэзідэнце, Менская абласная інспекцыя, санстанцыя… У нас бяруць аналіз паветра. Мы працуем паводле закону Рэспублікі Беларусь», – запэўнівае Аляксандр Ціхіч.

Наталля Парэчына з Цэнтру экалагічных рашэнняў раіць вяскоўцам штодня пісаць калектыўныя скаргі ў Раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі ды не забываць пра іншыя інстанцыі. Працаўнікі Цэнтру экалагічных развязанняў ужо некалькі разоў выязджалі на свінакомплекс «Брусы» і фіксавалі нямала парушэнняў.

«Сітуацыя ніякім чынам не змянілася, праблема застаецца на тым самым узроўні, на якім яна была ў мінулым годзе. Таму мы таксама будзем дзейнічаць у гэтым напрамку – дапамагаць мясцовым жыхарам вырашаць іхныя пытанні», – адзначае Наталля Парэчына.

Атрутная вада стала апошняю кропляй для жыхароў вёскі Брусы. Найбліжэйшым часам яны накіруюць калектыўны зварот ува ўсе органы кантролю.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках