29 сакавiка 2024, Пятніца, 16:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Берасцейскі дэтэктыў: як маці дваіх дзяцей спыняе акумулятарны завод

6
Берасцейскі дэтэктыў: як маці дваіх дзяцей спыняе акумулятарны завод

Марыя кожную ноч дзяжурыць ля завода АКБ.

Кожны дзень - удзень або ўначы - Марыя прыязджае на дзяжурства да акумулятарнага заводу пад Берасцем, дзе актывісты арганізавалі 24-гадзіннае назіранне за прадпрыемствам.

Марыі 31 год, у яе двое дзяцей. Малодшы сын - з рэдкім генетычным захворваннем, ён цалкам не рухаецца. Марыя знаходзіць час і сілы не толькі на падтрымку дзяцей, якія маюць патрэбу ў паліятыўнай дапамозе. Надоечы яна далучылася да актывістаў, якія сочаць, што адбываецца на заводзе, супраць якога ўжо другі год пратэстуюць жыхары Берасця.

- Я ведаю, як гэта страшна, калі хварэюць дзеці. Мне вельмі блізкая тэма генетыкі. Я перакананая, што нашае пакаленне пажынае плады Чарнобыля, - распавядае Марыя ў інтэрв'ю «Салідарнасці».

Калі ў яе родным Берасці пачаліся пратэсты супраць будаўніцтва акумулятарнага завода, Марыя не магла выйсці на плошчу: яна патрэбная была сыну, які быў у шпіталі.

- Калі пачалі актывістаў штрафаваць, затрымліваць, то за балонікі, то яшчэ за нешта, некаторыя людзі падумалі, што нічога зрабіць нельга, і перасталі выходзіць на плошчу. Тады я першы раз выйшла на плошчу. Калі мне кажуць, усё безнадзейна, нічога зрабіць нельга... Не, кажу, хлопцы, гэта няпраўда. Нічога нельга зрабіць, калі на таблічцы другая дата напісана... Можна зрабіць хоць штосьці заўсёды. Для гэтага людзям трэба аб'ядноўвацца.

Калі ля завода актывісты арганізавалі дзяжурства, Марыя звярнула ўвагу на тое, што людзей не стае, і далучылася да «свінцовай аховы».

- Езджу практычна кожны дзень, дзяжуру ўдзень ці ўначы, калі дазваляе час і магчымасць. Кожны чалавек павінен нешта зрабіць для таго, каб мы жылі ў чыстым горадзе, і нашы дзеці былі здаровыя.

Як і іншыя актывісты, Марыя ўпэўненая: акумулятарны завод ужо працуе. На мінулым тыдні яна была сведкай затрымання фуры, якая ехала з заводу. Затрымлівалі фуру супрацоўнікі ДАІ, выкліканыя актывістамі. У кузаве выявілі акумулятары.

- Я была шакаваная, калі на свае вочы ўбачыла гатовую прадукцыю, - кажа Марыя. - Завод у рэжыме запуску і наладкі не мае права выпускаць ні гатовую прадукцыю, ні «паўфабрыкаты». Кажуць, што батарэйкі прывозілі з Пінска нібыта на падзарадку. Але я бачыла на драўляных паддонах этыкеткі з надпісам «прадукт гатовы да абклейвання і ўпакоўкі».

Праз некалькі дзён Марыя зноў удзельнічала ў гонцы за чарговай фурай, якая выехала з тэрыторыі завода. На гэты раз пагоня не мела поспеху.

- Нас спыніла міліцыя - амаль на хвіліну. Фура вырвалася наперад, не паспелі дагнаць.

Марыя паведаміла аб тым, што здарылася ў РАУС.

- Папрасіла правесці праверку, куды накіраваўся грузавік. У кузаве магла быць гатовая прадукцыя або «паўфабрыкаты». Міліцыянты кажуць, што па заявах актывістаў можна пісаць дэтэктыў.

Актывістка падкрэслівае: берасцейцы са «свінцовай аховы» не робяць нічога супрацьзаконнага. Ахова прадпрыемства на прысутнасць актывістаў рэагуе нервова.

- Мяне шмат разоў папярэджвалі, што я павінна хадзіць толькі па дарожках, не выходзіць на праезную частку.

Дзяжурствы ля тэрыторыі завода актывістаў, якія выступаюць супраць яго запуску, вымушаюць кіраўніцтва прадпрыемства прымаць меры:

- Уначы мінімальнае асвятленне, каб складаней было ўбачыць дым. Вокны гараць прыглушаным святлом толькі ў цэхах. Калі фура заязджае на тэрыторыю, нават шчылінкі не застаецца, каб не ўбачылі з боку, што прывезлі.

Марыя падае і іншыя сведчанні працы акумулятарнага завода.

- Кожную ноч дымяць трубы завода. Чаму яны працуюць па начах? Памятаю, як прыязджаю да заводу, выходзіць начальнік аховы і запэўнівае: няма ніякага дыму. Калі б я не бачыла гэтага на свае вочы! Таму я тут кожны дзень, каб бачыць, чуць, назіраць, фіксаваць на фота і відэа ўсё, што адбываецца, каб не было такога беззаконня.

Марыя ўспамінае, як нядаўна ў яе начную змену пачула гук, падобны на шум балгаркі. Неўзабаве з труб пайшоў першы выкід, а да паўночы яна ўбачыла белы густы дым.

- Ад гэтага дыму жудасна баліць галава, - кажа Марыя. - Калі міліцыя прыехала, прапанавала ім вызначыць, што гэта за пах. Супрацоўнікі апускалі вочы, садзіліся ў машыну і пісалі пратаколы.

Яшчэ адзін доказ таго, што завод працуе, мяркуе актывістка, гэта колькасць рабочых на змене.

- Мы налічылі да 70 чалавек на змене ў пятніцу. Хіба трэба такая колькасць людзей пры рэжыме запуску і наладкі? Рабочыя выходзяць у курыльню на вуліцы. Яны з'яўляюцца ў рэспіратарах. Некаторыя на тэрыторыі працуюць у іх. Пры гэтым працоўныя з нас смяюцца. Кажуць, маўляў, вы дурні, вам няма чым заняцца.

Марыя вітаецца з работнікамі завода, пытаецца, як яны сябе адчуваюць.

- У асноўным яны маўчаць. Адзін адказаў, што ў яго ўсё добра: «Я лекар, магу і табе парэкамендаваць».

Начальства пад'язджае да заводу на дарагіх аўто, рабочыя - на маршрутках. На тэрыторыі чутная ўкраінская гаворка. Марыя бачыла машыну з украінскімі нумарамі, якая кожны дзень прывозіла людзей.

- Выходзяць з заводу маладыя хлопчыкі, у маршрутку садзяцца. Думаю, Божа мой, хлопцы, у вас яшчэ няма ні сям'і, ні дзяцей. Такое пачуццё, што яны не разумеюць, што робяць.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках