24 красавiка 2024, Серада, 8:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Яны паводзіліся ў нашай кватэры як фашысты»

«Яны паводзіліся ў нашай кватэры як фашысты»

Гомельскія ромы скардзяцца на дзеянні міліцыянтаў.

Муж і жонка Вольга Нячаева і Мікалай Ануфрыеў звярнуліся са скаргай у пракуратуру Гомеля на неправамерныя дзеянні супрацоўнікаў Цэнтральнага РАУС, піша «Гомельская вясна».

Як паказалі ў скарзе жонкі, на наступны дзень пасля забойства аўтаінспектара ў Магілёве, да іх у кватэру ўвайшлі трое міліцыянтаў, не прадставіўшыся, пачалі аглядаць усе пакоі і памяшканні ў кватэры, не паведамілі чаму яны прыйшлі і ў чым падазраюць.

«Патрабавалі ў мяне пашпарт, - усхвалявана распавядае Вольга Нячаева, - я адмовілася даваць ім у рукі, яны заламалі мне рукі і адабралі яго, дапытвалі маю непаўналетнюю дачку без маёй згоды, ціснулі псіхалагічна, пагражалі разабрацца з маёй сям'ёй, рабілі фотаздымкі без майго дазволу, забралі ў РАУС Цэнтральнага раёна, трымалі там 5 гадзін, адабралі тэлефон, ужо 5 дзён не аддаюць, прымушалі здаваць адбіткі пальцаў».

Мікалай і Вольга перакананыя, што грубае стаўленне да іх з боку міліцыі абумоўлена тым, што яны ромы і займаюцца грамадскай дзейнасцю абароны правоў і інтарэсаў гэтай этнічнай групы. Пара - кіраўнікі цыганскай грамадскай арганізацыі.

«Мы дагэтуль не можам адысці ад стрэсу, звязанага з наведваннем нашай кватэры міліцыянтамі, - кажа Мікалай Ануфрыеў. - Яны сябе так нахабна і бесцырымонна паводзілі - такое адчуванне было, што фашысты ў дом да партызанаў уварваліся. Бандыты і тыя можа прыстойней паводзяцца».

Пара мужа і жонкі мае намер скардзіцца на дзеянні міліцыянтаў, бо мяркуе, што з іх боку было перавышэнне службовых паўнамоцтваў. Мікалай і Вольга звярнуліся па прававую кансультацыю да праваабаронцаў Леаніда Судаленкі і Васілю Палякова, маюць намер скардзіцца ў Генеральную пракуратуру, на кіраўніка РАУС Цэнтральнага раёна, шырока асвятляць гэтую сітуацыю ў СМІ.

«Мы гэта так не пакінем, - кажа Вольга Нячаева, - вінаватыя ў гвалце з нас, павінны панесці пакаранне, але гэтага недастаткова: міліцыя павінна папрасіць прабачэння ва ўсіх ромаў, якіх яны незаконна прэсавалі і пераследвалі ў рамках расследавання абставін смерці супрацоўніка ДАІ ў Магілёве».

Вольга і Мікалай маюць інфармацыю пра іншыя выпадкі ўварвання міліцыі ў дамы, дзе пражываюць ромы ў Гомелі, але наракаюць, што пацярпелыя ад міліцэйскага беззаконня баяцца помсты з боку міліцыі ў выпадку абвяшчэння фактаў супрацьпраўных дзеянняў міліцыянтаў. Разам з тым, дыяспара ромаў у абласным цэнтры мае намер звярнуцца ў кантрольныя органы з калектыўнай скаргай на дзеянні міліцыі.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках