20 красавiка 2024, Субота, 12:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Шуневіч: Няма нагоды і падстаў прасіць прабачэння ў цыганоў

Шуневіч: Няма нагоды і падстаў прасіць прабачэння ў цыганоў
ІГАР ШУНЕВІЧ

Кіраўнік МУС назваў аблавы на цыганоў «абгрунтаванымі».

Перад пасяджэннем у «парламенце» журналісты пацікавіліся ў міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча, як ён ацэньвае сітуацыю вакол цыганскай дыяспары ў Магілёве пасля гібелі супрацоўніка ДАІ, паведамляе tut.by.

- Я ацэньваю дзеянні сваіх падначаленых у гэтай частцы як абсалютна абгрунтаваныя, якія адпавядаюць тым абставінам, у якіх праводзілася раскрыццё гэтага асабліва цяжкага злачынства. Былі падставы і прычыны, чаму мы адпрацоўвалі асобную групу выключна на падставе атрыманых на той час довадаў. Крыніцай довадаў была інфармацыя ад ахвяры, таму нейкіх сумненняў на той момант у дакладнасці гэтых звестак у нас не было, і мы былі абавязаныя праверыць усе гэтыя версіі, у тым ліку і тую, на якой была заснаваная пастанова аб праверцы часткі дыяспары некаторых нашых грамадзян.

Ігар Шуневіч сказаў, што «ў міністра няма ні нагоды, ні падстаў прасіць прабачэння ў цыганоў».

Адказваючы на пытанні, міністр заўважыў, што яго не раз спрабавалі абвінаваціць у ксенафобіі.

- Гэта бескарысна. Я разглядаю кожнае сваё выказванне з пункту гледжання выканання сваіх функцыянальных абавязкаў.

Паведамленне аб тым, што ў Магілёве выкрадзены супрацоўнік міліцыі, з'явілася ўвечары 16 траўня. Увесь асабовы склад міліцыі Магілёўскай вобласці паднялі на трывогу, на дарогах усёй краіны выставілі блокпасты. Шукалі чорную «Волгу» з расейскім рэгістрацыйным нумарам. Паводле першапачатковай версіі, супрацоўніка ДАІ ў чорную «Волгу» заштурхалі тры невядомыя асобы цыганскай або каўказскай знешнасці ў мікрараёне Чапаеўка і вывезлі ў невядомым кірунку. Таму ўночы 17 траўня ў мікрараёне міліцыя абшукала дамы прадстаўнікоў цыганскай нацыянальнасці, якіх тут нямала. На допыты вывозілі ўсіх: падлеткаў, жанчын, мужчын. Апошніх пакінулі ў РАУС, СІЗА мінімум на дзень, жанчын адпусцілі а 4 гадзіне раніцы.

20 траўня СК паведаміў, што асноўная версія загубы супрацоўніка ДАІ ў Магілёве - суіцыд.

Старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі накіраваў у Генеральную пракуратуру заяву з просьбай правесці праверку законнасці затрыманняў грамадзян цыганскай нацыянальнасці 16 траўня ў Магілёве.

Цыганы Магілёва пасля жорсткай аблавы напісалі зварот памочніку Лукашэнкі Міхаілу Русаму з просьбай абараніць іх.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках