29 сакавiка 2024, Пятніца, 0:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Што адбываецца ў гандлі паміж Беларуссю ды Расеяй?

9
Што адбываецца ў гандлі паміж Беларуссю ды Расеяй?

Беларускія тавары ўсё складаней прадаюцца ў РФ.

Сітуацыя з экспартам павінна быць выпраўленая ў першым паўгоддзі, заявіў прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Румас на пасяджэнні Савета Міністраў аб выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця, піша «Заўтра тваёй краіны».

За студзень-сакавік экспарт тавараў знізіўся на 250 мільёнаў даляраў — гэта на 3,2% ніжэй, чым у аналагічным перыядзе 2018 года. Знізіліся аб'ёмы экспарту прадуктаў нафтаперапрацоўкі, грузавых аўтамабіляў, машын для ўборкі сельгаскультур, электрычных трансфарматараў і гэтак далей.

Дзе ўрад збіраецца шукаць выхад з сітуацыі? Як і за кошт чаго павялічыць беларускі экспарт і ці магчыма гэта наогул?

Злотнікаў: патрабаваць павелічэння экспарту не ўваходзіць у кампетэнцыю прэм'ера Румаса

Кандыдат эканамічных навук Леанід Злотнікаў звяртае ўвагу, што беларускі экспарт зніжаецца, найперш, у Расею. Гэта звязана з абмежаваннем продажу сельгаспрадукцыі. Сёння гаворка ідзе пра забароны на пастаўку ва ўсходнюю суседку прадукцыі блізу 60 беларускіх прадпрыемстваў. Ды і ў свеце наогул ужо другі год запар зніжаюцца тэмпы эканамічнага росту, і попыт на беларускую прадукцыю таксама падае.

Што тычыцца нафты, то, адзначае экспэрт, у Беларусі прадаўжаецца рэканструкцыя двух НПЗ, і экспарт нафтапрадуктаў знізіўся.

— Але выраслі кошты, і тут нафта не асабліва і адбіваецца на паказчыках. Сусветны рынак уплывае яшчэ на нашы металаканструкцыі. Сёлета знізіліся кошты і на сельгаспрадукцыю, якая ў нас з'яўляецца пасля нафты другім артыкулам паступленняў у бюджэт, — адзначае суразмоўца «Заўтра тваёй краіны».

Паводле ягоных ацэнак, вытворчасць апрацоўчай прамысловасці ў гэтым годзе павялічылася, і ў той жа час на 5% выраслі запасы гатовай прадукцыі на складах, што таксама ўплывае на аб'ём экспарту. Эканаміст не бачыць на гэты момант чыннікаў, якія маглі б палепшыць сітуацыю з экспартам.

- Калісьці, годзе ў 2009-м, урад ужо даваў прадпрыемствам загад адгружаць сваю прадукцыю ўсялякімі коштамі, нават ніжэйшымі за сабекошт. Калі і цяпер даць такую каманду, то цяперашнія ўказанні можна выканаць, але гэта выкананне горшае, чым невыкананне. І яшчэ. Мы ў свой час адгружалі прадукцыю сваім зборачным або гандлёвым прадпрыемствам у Расеі, гэтая прадукцыя як бы ішла на экспарт, але фактычна яна ішла беларускім дылерам, якія знаходзяцца ў Расеі. Цяпер у гэтай галіне сітуацыя таксама пагоршылася для Беларусі, — канстатуе Леанід Злотнікаў.

Ён мяркуе, што патрабаваць павелічэння экспарту не ўваходзіць у кампетэнцыю ні прэм'ера Румаса, ні нават Лукашэнкі.

- У эканоміцы можна дамагчыся паказчыка на адзін месяц, а потым стане яшчэ горш. Напрыклад, як з продажам неліквіднай прадукцыі, якая назапашваецца на складах. А ў сусветнай эканоміцы пачаўся цыклічны спад, акрамя таго, вядзецца гандлёвая вайна паміж Кітаем і ЗША, так што нічога добрага, - наракае экспэрт.

Чалы: ёсць і прадузятае стаўленне да Беларусі з боку іншых дзяржаў

Эканаміст Сяргей Чалы мяркуе, што Беларусь сёння нічога новага не можа прапанаваць сусветнаму рынку, акрамя прадукцыі першага перадзелу - гэта нафтахімія, хімія, дрэваапрацоўка, угнаенні, прадукцыя сельскай гаспадаркі.

- Новыя заводы ўводзяцца так, што лепш бы гэтага не рабілася, бо адразу ж пачынаюцца праблемы. Гэта і кардонны камбінат, і завод вытворчасці цэлюлозы, - нагадвае суразмоўца.

На ягоную думку, у Беларусі мае месца дзіўная логіка прыняцця пастаноў: заданні ў экспарце звязаныя з нелюбоўю да імпарту. Беларусь усё адно выдаткоўвае валюту ў выглядзе крэдытаў на вытворчасць уласнай прадукцыі, прычым гэтыя крэдыты бяруцца, як правіла, пад гарантыі дзяржавы.

Экспэрт кажа, што ёсць і прадузятае стаўленне да нашай краіны з боку іншых дзяржаў.

- У першую чаргу, з боку Расеі. У нас доўгі час меркавалася, што Расея - гэта бяздонная бочка, куды мы можам паставіць столькі, колькі захочам, але гэта сустрэла супраціў. Можна нагадаць гісторыю з цукровымі заводамі, калі мы знахабіліся настолькі, што выраблялі прадукцыю не толькі са сваёй вырашчанай сыравіны, але і з кубінскага трыснягу, што прывяло да гандлёвых войнаў, якія скончыліся падпісаннем славутых ўзаемных балансаў, — нагадвае Сяргей Чалы.

Добрай дынамікі пакуль няма, дадае ён, паколькі сусветны гандаль запавольваецца з-за напружаных стасункаў паміж ЗША і Кітаем. Краіны, якія развіваюцца, якія пабудавалі сваю стратэгію росту на экспартнай арыентацыі, будуць пакутаваць больш за ўсё. Акрамя таго, гамуе і Расея, якая паступова спаўзае ў рэцэсію: даходы грамадзян і іх пакупніцкая здольнасць падаюць, дзель пастаўленых МАЗаў і іншай тэхнікі зніжаецца, у тым ліку і аб'ёмы беларускай сельгаспрадукцыі.

— Раней раслі і аб'ёмы расейскіх сельгасвытворцаў, а прыбыткі расейцаў дазвалялі не асабліва звяртаць увагу на беларускую прадукцыю. Але калі рынак з нулявой сумай, тады яны пачынаюць глядзець на нас як на канкурэнтаў. Таму беларускае ўсё складаней прадаецца ў Расею — рэзюмаваў эканаміст.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках