19 красавiка 2024, Пятніца, 18:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Запазычанасці беларускіх прадпрыемстваў перавысілі аб'ём ВУП краіны

32
Запазычанасці беларускіх прадпрыемстваў перавысілі аб'ём ВУП краіны

Люстэрка беларускай «эканамічнай мадэлі».

Экспэрты мяркуюць, што высокая закрэдытаванасць беларускіх прадпрыемстваў – следства эканамічнай мадэлі іх развіцця, у аснове якой ляжыць даўгавое, а не долевае фінансаванне, піша Таццяна Манёнак у артыкуле для «Белрынка».

Прамысловыя прадпрыемствы заплацілі за крэдыты на чвэрць больш, чым зарабілі

На 1 студзеня 2019 года агульная запазычанасць прадпрыемстваў краіны дасягнула 123,6 млрд рублёў, што на 2 млрд рублёў больш, чым гадавы ВУП Беларусі. Пры гэтым больш за 60% гэтай сумы прыпадае на запазычанасць у крэдытах і пазыках. Гэта азначае, што большую частку свайго даходу прадпрыемствы вымушаныя накіроўваць на кампенсацыю пазык.

У 2018 годзе на выплату крэдытаў і пазык прадпрыемствы накіравалі 60,7 млрд рублёў - гэта 27,3% агульнага даходу або 58,3% валавога дададзенага кошту.

Такія шакавальныя лічбы агучыла дырэктарка Бізнэс-саюза прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя М. С. Куняўскага (БСПН) Жанна Тарасевіч на ХХV з'ездзе Бізнэс-саюза 16 траўня. І дадала, што ў прамысловай галіне гэтыя лічбы выглядаюць яшчэ больш катастрафічна.

У 2018 годзе прамысловыя прадпрыемствы Беларусі пры гадавым аб'ёме валавой дададзенай вартасці 31,8 млрд рублёў накіравалі на выплату крэдытаў 39,8 млрд рублёў. Гэта на 8 млрд рублёў або на 25,4% больш, чым яны змаглі зарабіць. Для параўнання: у 2017 годзе прырост такіх запазычанасцяў, гэта значыць, звыш заробленага, складаў 3,9 млрд рублёў.

Да такога сумнага выніку беларуская эканоміка рухалася цягам некалькіх апошніх гадоў. У 2011-2017 гадах сярэднегадавы прырост сумарнай пратэрмінаванай запазычанасці складаў 41,5%, у тым ліку пратэрмінаванай запазычанасці ў крэдытах і пазыках – 64%. У 2018 годзе тэмпы крыху знізіліся: у сумарнай пратэрмінаванай запазычанасці яны склалі 15,5%, у тым ліку па крэдытах і пазыках – 17,5%. Аднак сама тэндэнцыя росту запазычанасці не можа не выклікаць ва ўрада сур'ёзнай заклапочанасці.

У БСПН мяркуюць, што гэтая праблема шмат у чым з'яўляецца следствам недастаткова абгрунтаванай макраэканамічнай, і, перш за ўсё, фіскальнай палітыкі. Бізнэс-саюз неаднаразова прапаноўваў варыянты яе развязання. Аднак прыкметна знізіць падатковую нагрузку на прадпрыемствы не атрымалася. Гэта пацвярджаюць і вынікі нядаўняга апытання, праведзеныя БСПН сярод прадпрыемстваў Саюза. Прынамсі, на пытанне, які ўплыў зробіць новая рэдакцыя Падатковага кодэкса на іх фінансавае становішча, 82,3% прадпрыемстваў адказалі: «нейтральны, істотна не паўплывае».

Прадпрыемствы павінны развівацца за кошт долевага, а не пазыковага фінансавання

Высокая закрэдытаванасць беларускіх прадпрыемстваў шмат у чым абумоўленая спецыфікай самой беларускай эканамічнай мадэлі, адзначыў ганаровы старшыня БСПН Георгій Бадзей на канферэнцыі «Сацыяльны дыялог і эфектыўнае карпаратыўнае кіраванне як фактар устойлівага асяроддзя» 16 траўня.

«Раней у нас думалі, што ўсё павінна быць дзяржаўным, у тым ліку і інвестыцыі. Гэта і прывяло да такога стану. Перакананы, што новы этап развіцця беларускай эканомікі павінен быць накіраваны на рост не пазыковага, а долевага фінансавання», — заявіў ён.

Але каб прадпрыемствы маглі атрымаць шанец на развіццё за кошт долевага фінансавання, яны павінны паклапаціцца аб укараненні карпаратыўнага кіравання. «Інвестары могуць прыйсці толькі на тыя прадпрыемствы, дзе ёсць нармальнае эфектыўнае кіраванне з тымі стандартамі, якія прынятыя ў цывілізаваных краінах», — адзначыў Г. Бадзей.

Сусветная практыка кажа пра тое, што карпаратыўнае кіраванне павышае інвестыцыйную прывабнасць, а значыць, дапамагае прадпрыемствам прыцягнуць доўгатэрміновых інвестараў, таксама дазваляе ім знізіць кошт крэдытавання, бо долевы ўдзел у фінансаванні не патрабуе аплаты адсоткаў за крэдыты. Укараненне карпаратыўных элементаў кіравання з'яўляецца адной з асноўных умоў выхаду прадпрыемстваў на міжнародны фондавы рынак. Акрамя таго, яно павышае рынкавы кошт кампаніі.

«Нават на самым высокім узроўні ў дыскусіях мы ніколі не гаворым аб кошце кампаній, бо для многіх інвестараў гэта вельмі важна. Інвестар павінен разумець: колькі ён інвеставаў у прадпрыемства і колькі можа атрымаць у выніку росту кошту кампаніі ў перспектыве», — сказаў Г. Бадзей.

У той жа час, падкрэсліў ён далей, для ўкаранення практыкі эфектыўнага карпаратыўнага кіравання на беларускіх прадпрыемствах дзяржава павінна змяніць свае падыходы.

У сувязі з гэтым экспэрт нагадаў пра ўказ №637, які быў прыняты ў мэтах папаўнення дзяржбюджэту. Падыходы, закладзеныя ў гэтым указе, прыводзяць да абсурдных сітуацый. І дыскрэдытуюць карпаратыўнае кіраванне ў АТ.

«Мне давялося прысутнічаць на сходзе ў адным з АТ, дзе была прынятая пастанова аб налічэнні дывідэндаў пры стратах прадпрыемства. Пытаюся: з якіх крыніц будзеце выплачваць дывідэнды? Адказваюць: давядзецца браць крэдытныя рэсурсы. І правадніком такой пастановы становяцца прадстаўнікі дзяржавы ў гэтым АТ», - распавёў Г. Бадзей.

Напісаць каментар 32

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках