19 кастрычнiка 2019, Субота, 23:56
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Менскае «Дынама» пад патранажам Менгарвыканкама - гэта законна?

4
Менскае «Дынама» пад патранажам Менгарвыканкама - гэта законна?

У рэгламенце чэмпіянату Беларусі на 2019 год ёсць пункты, якія выклікаюць пытанні.

Эканамічны суд Менска пастанавіў, што кампаніі бізнэсоўца Юрыя Чыжа 20 гадоў таму незаконна завалодалі акцыямі менскага «Дынама». Цяпер сталічны футбольны клуб апынецца пад крылом Менгарвыканкама, піша tut.by.

Праўда, у рэгламенце чэмпіянату Беларусі на 2019 год ёсць пункты, якія выклікаюць пытанні аб правамернасці пераходу менскага «Дынама» пад апеку сталічных уладаў. Бо сёння Менгарвыканкам ужо з'яўляецца заснавальнікам аднаго футбольнага клуба - ФК «Мінск».

У рэгламенце ж з гэтай нагоды гаворыцца так:

Артыкул 3 «Удзельнікі чэмпіянату», пункт 3.8.2:

- Ніводная фізічная або юрыдычная асоба не можа адначасова наўпрост

ці ўскосна ўдзельнічаць ва ўсякай якасці ў кіраванні, адміністраванні больш чым аднаго клуба, які бярэ ўдзел у чэмпіянаце, у тым ліку ўсякім спосабам уплываць на прыняцце ім пастаноў.

Артыкул 3 «Удзельнікі чэмпіянату», пункт 3.9:

- Калі 2 і больш за два клубы не будуць адпавядаць патрабаванням, выкладзеным у п.3.8, то адзін з іх, які мае больш нізкае месца ў выніковай турнірнай табліцы мінулага футбольнага сезону, можа быць не дапушчаны да ўдзелу ў наступным чэмпіянаце ў гэтай лізе.

У прэс-службе АБФФ адказалі, што пакуль не могуць каментаваць сітуацыю, бо пастанова суда не ўвайшла ў дзеянне.

Аднак старшыня АБФФ Уладзімір Базанаў выказаўся пра лёс менскага «Дынама» і запэўніў, што юрыдычных праблем не ўзнікне.

- Вядома, мяне турбуе гэтая сітуацыя. «Дынама» - клуб з імем, які трэба падымаць. Атрымалася так, як атрымалася. Менгарвыканкам возьме яго і будзе займацца яго лёсам. Паверце, «Дынама» не будзе кінутае! Самі разумееце, усімі беларускімі клубамі займаюцца мясцовыя органы ўлады.

- Пры гэтым цяпер Менгарвыканкам з'яўляецца заснавальнікам футбольнага клуба «Мінск». Ці не паўстане юрыдычных супярэчнасцяў, калі мэрыя будзе займацца яшчэ і менскім «Дынама»?

- Юрыдычна ўсё будзе нармальна, бо кожная юрыдычная асоба існуе асобна.

- Вы ў курсе, што ў менскім «Дынама» гульцам тры месяцы не выплачваюць заробак?

- Пакуль у мяне няма такіх звестак, але я ў курсе, што ў клуба ёсць праблемы з фінансаваннем. Думаю, праз гэта і пачаліся судовыя цяжбы. Калі клуб канчаткова пяройдзе да Менгарвыканкама, усё стане на свае месцы, - сказаў Уладзімір Базанаў.