24 красавiка 2024, Серада, 23:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Накіруем зварот у АБСЕ і ААН»

«Накіруем зварот у АБСЕ і ААН»
Фота: «Радыё Свабода»

Праваабаронцы збіраюць звесткі пра ціск на ромаў.

Пасля гібелі лейтэнанта ДАІ Яўгена Патаповіча ў Магілёве сілавікі правялі маштабныя затрыманні ромаў у магілёўскіх раёнах Чапаеўка і Грабянёва, паведамляе «Белсат».

Некаторыя затрыманыя скардзіліся на збіццё і абразы з боку міліцыі. Версію аб датычнасці ромаў да смерці Патаповіча неўзабаве зняпраўдзілі, аднак прыносіць прабачэнні за беспадстаўны гвалт міністр Шуневіч адмовіўся.

Беларускія праваабаронцы маюць намер сабраць усе факты рэпрэсій праз ананімнае анкетаванне пацярпелых, прааналізаваць іх і накіраваць адпаведныя звароты ў міжнародныя структуры.

Пра гэта распавяла прадстаўніца ініцыятывы Romaintegration Наталля Кутузава. Паводле яе слоў, праваабаронцы Беларускага Хельсінскага камітэта супольна з кіраўніцтвам Беларускай цыганскай дыяспары плануюць выехаць у Магілёў, каб пагутарыць з жыхарамі Чапаеўкі і Грабянёва.

«Пакуль што мы абапіраліся толькі на эмоцыі і сведчанні ў СМІ, але варта паехаць на месца, правесці сход у камернай абстаноўцы, каб разгаварыць людзей. Чакаецца, што праваабаронцы выедуць туды заўтра. А потым на базе сабранай інфармацыі мы зможам падрыхтаваць звароты як у Генпракуратуру, так і ў міжнародныя структуры - АБСЕ і спецдакладчыку ААН у правах меншасцяў» – патлумачыла Наталля.

Сёння ў адказах на пытанні журналістаў у кулуарах «палаты прадстаўнікоў», міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч заявіў, што «няма прычыны прасіць прабачэння ў цыганоў» за дзеянні міліцыі, ён разглядае іх як абгрунтаваныя. «Мы адпрацоўвалі асобную групу выключна на падставе атрыманых доказаў», - заявіў Шуневіч.

«Нічога дзіўнага ў тым, што міністр так мяркуе, няма. Гаворка ідзе не проста аб прадузятым стаўленні да ромаў - у МУС існуе службовая інструкцыя, якая прадугледжвае этнічнае прафіляванне», - сцвярджае экспэрт.

Вядома, што раней кіраўнік праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі накіраваў у Генпракуратуру просьбу правесці праверку законнасці затрыманняў ромаў у Магілёве, уважліва разгледзець выпадкі выкарыстання фізічнай сілы, а таксама ўмовы ўтрымання ў ізалятары. На думку Бяляцкага, ціск ажыццяўляўся менавіта паводле нацыянальнай прыкметы пасля таго, як у сетцы з'явілася паведамленне аб магчымым дачыненні ромаў да гібелі лейтэнанта Патаповіча.

Як распавялі самі ахвяры міліцэйскага рэйду ў Чапаеўцы, позна ўвечары 16 траўня АМАП уварваўся ў некалькі дамоў, усіх паклалі на падлогу (у тым ліку жанчын і людзей сталага веку), мужчын збівалі прыкладамі аўтаматаў. Усяго за некалькі гадзін затрымалі дзясяткі ромаў, некаторым інкрымінавалі «дробнае хуліганства». Пазней затрыманых адпусцілі. 21 траўня ў Грабянёве памерла 67-гадовая жанчына, якая хварэла на анкалогію. Сваякі намагаюць: яна не змагла перажыць стрэс ад рэйду АМАП.

Вядома, што праваахоўныя органы зацікавіліся не толькі магілёўскімі ромамі, але і прадстаўнікамі гэтай нацыянальнай меншасці ва ўсёй краіне. Пры гэтым, як адзначае віцэ-старшыня Беларускай цыганскай дыяспары Артур Гоманаў, звестак канкрэтна аб фізічным гвалце ў іншых рэгіёнах пакуль няма.

«Агулам па рэспубліцы міліцыя ставілася карэктна: заходзілі, пыталіся, ці былі нейкія неправамерныя дзеянні ў самім Магілёве. Гэта было проста апытанне, я не чуў, каб у Менску быў хтосьці з цыганоў затрыманы», - сказаў Гоманаў.

Разам з тым кіраўніца ромскай грамадскай арганізацыі «Рамана Дром» з Гомеля Вольга Нячаева паведаміла праваабаронцам «Вясны», што яе разам з мужам Мікалаем Ануфрыевым затрымлівала міліцыя. Пара звярнулася ў Генпракуратуру са скаргай на неправамерныя дзеянні супрацоўнікаў Цэнтральнага РАУС Гомеля. На наступны дзень пасля смерці лейтэнанта ў Магілёве да іх у кватэру ўвайшлі трое міліцыянтаў і, не прадставіўшыся, сталі аглядаць усе пакоі ў кватэры, не паведаміўшы ні прычыну візіту, ні ў чым іх падазраюць.

«Запатрабавалі ў мяне пашпарт, я адмовілася даваць ім у рукі, яны заламалі мне рукі і адабралі яго, дапытвалі маю непаўнагадовую дачку без маёй згоды, псіхалагічна на мяне ціснулі, пагражалі разабрацца з маёй сям'ёй, рабілі фатаграфіі без майго дазволу, забралі ў РАУС і трымалі там 5 гадзін, адабралі тэлефон, ужо 5 дзён не аддаюць, прымушалі здаць адбіткі пальцаў», – пералічвае жанчына спіс усіх парушэнняў яе правоў з боку сілавікоў.

Нагадаем, пасля смерці 16 траўня лейтэнанта ДАІ ў Магілёве міліцыя зладзіла зачыстку ромскіх сем'яў у пасёлку Чапаеўцы. Са слоў мясцовых, супрацоўнікі АМАП уварваліся ў некалькі дамоў, ужывалі фізічную сілу і затрымалі дзясяткі мужчын.

Цыганы апынуліся пад ударам, бо спачатку меркавалася, што да смерці Патаповіча могуць быць датычныя ромы. Вядома, што перад знікненнем з нумара міліцыянта ягоным калегам прыйшло паведамленне ў вайберы: «Тэрмінова. Чорная «Волга». Тры цыганы. Рэгістрацыйны знак расейскі».

20 траўня прадстаўнікі Следчага камітэта і Міністэрства ўнутраных спраў правялі брыфінг, на якім заявілі, што асноўная версія прычыны смерці міліцыянта Яўгена Патаповіча – суіцыд.

Інфармацыя аб выкраданні 22-гадовага інспектара ДАІ Яўгена Патаповіча невядомымі людзьмі на чорнай «Волзе» афіцыйна не пацвердзілася, адзначылі ў СК.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках