28 сакавiка 2024, Чацвер, 11:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Абяцалі $700, пералічылі $80: беларусаў вярбуюць збіраць камяні з расейскіх палеткаў

16
Абяцалі $700, пералічылі $80: беларусаў вярбуюць збіраць камяні з расейскіх палеткаў

Людзям прапануюць збіраць камяні на палетках у Ленінградскай вобласці.

У Полацку і Новаполацку беларусаў запрашаюць на працу ў Расею. Аб'явы з вакансіямі вісяць на прыпынках і на слупах, а таксама распаўсюджваюцца праз сацсеткі. Людзям прапануюць збіраць камяні на палетках у Ленінградскай вобласці. Тым, хто пагодзіцца, абяцаюць аванс, спецвопратку і харчаванне, паведамляе euroradio.fm.

Тэлефануем на нумар аб'явы.

«Колькі гадоў, вы адзін? - цікавіцца суразмоўца. - Магу прапанаваць найлепшы варыянт недалёка ад Цверы. Там мясакамбінат, вытворчасць каўбасы. На палетках 1000 рублёў [расейскіх. - Заўвага.] змена, а на камбінаце - 1200. У Цверы ўмовы пражывання трохі лепшыя. Глядзіце самі, месца пакуль і там, і там ёсць.

Праца з 8 раніцы да 20:00 з перапынкам на абед, 6 дзён на тыдзень. У нядзелю таксама можаце выходзіць, па жаданні. Калі вахту дапрацаваць, то блізу 38 тысяч можна зарабіць [блізу $590. - Заўвага.]. Хто вахту адпрацоўвае добрасумленна, з тых грошы за дарогу не вылічваем».

- А чаму можна не дапрацаваць?

- Не дапрацоўваюць, бо некаторыя пачынаюць піць. Праз п’янства не выходзяць на працу.

У гутарцы высвятляем, што на працу ў Расею ўладкоўвае кадравае агенцтва. Паслуга каштуе «рэкруту» 30 рублёў, а фірма мае ліцэнзію, запэўнівае суразмоўца.

«Засялілі ў інтэрнат. Гэта быў жах!»

На першы погляд, умовы не самыя найгоршыя. Зарабіць такія ж грошы, застаўшыся ў Полацку, няпроста. Але ці ўсё, што абяцае расейскі працадаўца, праўда?

«Еўрарадыё» знайшло жыхара Віцебскай вобласці Аляксандра, які спакусіўся на працу ў Расеі паводле падобнай аб'явы. Хлопец вытрымаў у Падмоскоўі 45 дзён.

«У Падмаскоўі жылі і працавалі, - распавядае Аляксандр. - Заробак абяцалі 45 тысяч расейскіх [амаль $700. - Заўвага.] За вахту. Пасля прыезду нас засялілі ў інтэрнат. Гэта быў жах! Вакол цвіль, шчыліны і гэтак далей. На ўнітазы нават немагчыма прысесці, яны разламаныя і ўсе чорныя. Кухня ўвесь час цякла.

Некалькі спробаў было выйсці на працу, але ўсё няўдала, бо мяне адпраўлялі назад у інтэрнат на падставе таго, што і так шмат рабочых. Гэта прадаўжалася два тыдні.

Нарэшце мы выйшлі на працу. Прайшла вахта, нам скінулі на карткі па 5 тысяч расейскіх [амаль $80. - Заўвага.] і сказалі, што астатняе аддадуць па прыездзе на іншую вахту. Павінны былі 15 тысяч адправіць праз тыдзень пасля ад'езду, але я іх так і не дачакаўся».

Аляксандр дадае, што ні ён, ні ягоныя знаёмыя другім разам працаваць не паехалі. Надзеі атрымаць заробленыя грошы ў хлопца няма. А пра ўмовы працы ён распавядае так:

«З работнікамі добра ўсё было, а вось прарабы ўвесь час шукалі, за што б накласці штраф. Напрыклад, не надзеў пальчаткі ці камізэльку - штраф 500 расейскіх [амаль $8. - Заўвага.]».

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках