25 красавiка 2024, Чацвер, 15:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Навукоўцы знайшлі лекі ад супербактэрый

15
Навукоўцы знайшлі лекі ад супербактэрый

Адкрыццё было зробленае ў баявой аптэчцы амерыканскіх канфедэратаў.

Настольная кніга медыкаў войска Канфедэрацыі дапамагла малекулярным біёлагам адкрыць наймагутнейшы раслінны сродак, здольны знішчаць нават самыя непаражальныя калоніі супермікробаў. Першыя вынікі яго выкарыстання былі прадстаўленыя ў часопісе Scientific Reports, піша ria.ru.

«Мяне заўсёды цікавіла гісторыя гэтай вайны. Я цвёрда ўпэўнены ў тым, што мы павінны цалкам вывучаць наша мінулае і атрымліваць максімальную карысць ад тых адкрыццяў, які рабілі нашы продкі. Мы спадзяемся, што зможам вызначаць тыя малекулы, якія адказваюць за дзеянне гэтых раслін, і праверыць іх на рэальных інфекцыях», - распавядае Дэніэл Жураўскі (Daniel Zurawski) з універсітэта Эмары ў Атланце (ЗША).

У апошнія гады перад медыкамі ўсё шырэй і вастрэй стаіць праблема з'яўлення так званых «супербактэрый» - мікробаў, стойкіх да дзеяння аднаго або некалькіх антыбіётыкаў.

Сярод іх ёсць як рэдкія ўзбуджальнікі інфекцый, так і вельмі распаўсюджаныя і небяспечныя патагены, такія як залацісты стафілакок (Staphilococcus aureus) або пнеўмакок (Klebsiella pneumoniae). Узнікла рэальная небяспека таго, што ўсе антыбіётыкі страцяць сваю эфектыўнасць і медыцына вернецца ў «цёмныя стагоддзі».

На гэтую прычыну малекулярныя біёлагі і іншыя навукоўцы сёння не толькі актыўна распрацоўваюць новыя антыбіётыкі, але і спрабуюць знайсці аналагічныя паводле дзеяння малекулы, не падобныя да іх паводле прынцыпаў дзеяння.

Жураўскі і ягоныя калегі адкрылі вельмі просты, але пры гэтым вельмі эфектыўны прэпарат, здольны знішчаць калоніі і біяплёнкі як мінімум трох вельмі небяспечных мікробаў, вывучаючы гісторыю Грамадзянскай вайны ў ЗША.

Навукоўцаў цікавіў адзін з самых трагічных момантаў у гісторыі гэтага канфлікту, звязаны з медыцынай. Справа ў тым, што флот Канфедэрацыі прыкметна саступаў у моцы вайскова-марскім сілам ЗША, у выніку чаго фактычна ўсе яе парты былі заблакаваныя ў першыя два гады пасля пачатку вайны.

Блакада прывяла да таго, што прыток медыкаментаў з Еўропы цалкам спыніўся, што прывяло да вялізных праблем для вайскоўцаў і грамадзянскіх шпіталяў садружнасці паўднёвых штатаў, якія страцілі і абязбольвальныя, і антысептычныя сродкі.

Нарастаючы крызіс і рост колькасці страт прымусілі Сэмюэля Мура, галоўнага лекара Канфедэрацыі, звярнуцца па дапамогу да батаніка Фрэнсіса Порчэра. Мур папрасіў яго скласці каталог раслін, якія растуць на тэрыторыі поўдня ЗША, якія можна было б выкарыстоўваць у медыцынскіх мэтах. Сабраныя ім звесткі былі выкарыстаныя для напаўнення «баявой аптэчкі» і даведніка для медыкаў войска канфедэратаў.

Калі навукоўцы пачалі вывучаць гэтыя рэцэпты, іх увагу прыцягнуў «тонік ад змярцвення тканак», для падрыхтоўкі якога выкарыстоўваліся тры расліны - кара белага дуба (Quercus alba), лісце «кія д'ябла», араліі калючай (Aralia spinosa) і парасткі і карані цюльпанавага дрэва (Liriodendron tulipifera).

Гэтыя прадстаўнікі флоры, як адзначаюць даследчыкі, шырока выкарыстоўваюцца ў народнай медыцыне індзейцаў. Яны не знішчаюць мікробы самі па сабе, але перашкаджаюць ім прыстасоўвацца да новых умоў асяроддзя і фармаваць біяплёнкі, асабліва ўстойлівыя да дзеяння антыбіётыкаў.

Усё гэта прымусіла Жураўскі і ягоную каманду рушыць услед рэкамендацыям Порчэра, Мура і іх сучаснікаў, падрыхтаваць эліксіры і праверыць, ці сапраўды яны будуць перашкаджаць росту мікробаў. Для гэтага навукоўцы выгадавалі некалькі культур супербактэрый і звычайных штамаў гэтых мікробаў і апрацавалі іх рознымі версіямі «тоніка» канфедэратаў.

Як выявілася, настойкі Порчэра надзвычай добра душылі рост многіх «супермікробаў», у тым ліку калоній сінягнойнай палачкі, залацістага стафілакока, пнеўмакокаў і іншых бактэрый, устойлівых да дзеяння карбапенемаў, «лекаў апошняй надзеі», і большасці іншых сучасных антыбіётыкаў.

Што яшчэ цікавей, рэчывы, якія змяшчаліся ў гэтым «тоніку», перашкаджалі мікробам абменьвацца сігналамі і каардынаваць свае паводзіны, што важна для хуткай выпрацоўкі «імунітэту» да новых антыбіётыкаў і барацьбы з імуннай сістэмай чалавека. Блакаванне гэтай здольнасці, так званага «адчування кворуму», робіць сінягнойную палачку і пнеўмакок прыкметна менш небяспечнымі для людзей.

Пакуль навукоўцы не ведаюць, якія менавіта кампаненты гэтых экстрактаў такім чынам уплываюць на бактэрый. Пры гэтым, Жураўскі і ягоныя калегі ўжо вызначылі два дзясяткі перспектыўных малекул з кары белага дуба, патэнцыйна звязаных з іх дабратворным дзеяннем. Яны плануюць праверыць іх працу на жывёлінах у найбліжэйшы час, а таксама прадоўжаць аналіз «аптэчкі» канфедэратаў у надзеі знайсці ў ёй іншыя цікавыя зёлкі.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках