29 сакавiка 2024, Пятніца, 9:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аповед рома з Магілёва: Пісталеты да галоў прыставілі і загадалі маўчаць усім

Аповед рома з Магілёва: Пісталеты да галоў прыставілі і загадалі маўчаць усім
ФОТА: «РАДЫЁ СВАБОДА»

Што магілёўскія ромы думаюць пра МУС, нягледзячы на выбачэнне Качанавай.

Узброеныя людзі ў масках урываліся ў дамы, пагражалі дзецям пісталетамі, затрымалі сотні грамадзян з прычыны іх нацыянальнасці - так выглядалі міліцэйскія рэйды па смерці інспектара ДАІ ў Магілёве. Спецвойскі шукалі «цыганоў-забойцаў» на чорнай «Волзе», а цяпер, калі Следчы камітэт адхіліў гэтую версію, перад ромскай дыяспарай просяць прабачэння магілёўскія чыноўнікі і кіраўніца адміністрацыі Лукашэнкі, паведамляе «Белсат».

А вось міністр унутраных спраў не бачыць нічога дрэннага ў дзеяннях падначаленых.

За некалькі гадзін да смерці, 16 траўня, малады інспектар ДАІ Яўген Патаповіч, як мяркуецца, сеў у чорную “Волгу”. У будынку насупраць гэтага месцы з дэлегацыяй чыноўнікаў сустрэліся ўскосныя ахвяры гэтага здарэння - цыганы, якіх першымі падазравалі ў забойстве маладзёна.

«Нам не патрэбныя ніякія прабачэнні, мы просім абароны, каб жыць у ціхай вольнай краіне, як жылі дагэтуль. Больш нам нічога не трэба. Яны нам гэта паабяцалі». «Прасілі яны ў нас прабачэння, і сказалі: будуць разбірацца», - кажуць магілёўскія ромы.

Кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Наталля Качанава, улады Магілёўшчыны, Леанід Заяц і Уладзімір Цумараў занялі свае месцы на сустрэчы, а шыльды прадстаўнікоў МУС давялося прыбраць.

Міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч за сябе выказаўся з раніцы: «Міністар не мае ні прычыны, ні падстаў прасіць прабачэнняў у ...цыганоў. Ясна?»

Ясна, што няёмка браць на сябе адказнасць за здзекі, праз якія прайшлі звыш 100 ромаў увечары і ўночы пасля выяўлення ў лесапаласе цела Яўгена Патаповіча. Магілёўскія ромы сведчаць:

«Яны не былі карэктнымі, паважлівымі. Я пачувалася зняважанай, абражанай. Я жыву ў прававой дзяржаве, і як такія рэчы наогул могуць адбывацца?» «Уляцеў, з лаянкай, нагамі па дзецях, з ложкаў іх паскідаў, пісталеты да галоў прыставілі і загадалі маўчаць усім».

Прычынай ператрусаў і масавых затрыманняў стала паведамленне, якое атрымалі на «Вайбер» калегі загінулага: «Пільна. Чорная "Волга". Тры цыганы. Рэгістрацыйны знак – расейскі». Адпрацаваць трэба кожную версію, але пытанне - якім чынам гэта рабіць?

«Галоўная прэтэнзія, на мой погляд, не ў тым, што праводзіліся такія маштабныя дзеянні, а ў тым, як яны праводзіліся. Калі гэтыя аперацыйна-пошукавыя акцыі былі больш падобныя да карнай аперацыі, гэта значыць, пытанне да міністра ўнутраных спраў», - кажа былы падпалкоўнік міліцыі Мікалай Казлоў.

Ацэнку гэтым дзеянням мае даць пракуратура. Бо ромы публічна выставілі свае прэтэнзіі да міліцыянтаў. Міністр Шуневіч апроч гэтай ацэнкі абяцаў журналістам іншую - довады, паводле якіх следчыя адкінулі версію «забойства» Яўгена Патаповіч і абвясцілі адзінай суіцыд.

«Спачатку была адна версія, мы яе спраўдзілі, зняпраўдзілі, высветлілі праўду ў справе» - задаволена кажа Ігар Шуневіч.

Але ягонымі следчымі і ім асабіста не задаволеная грамадскасць і экспэртнае асяроддзе. Былы падпалкоўнік міліцыі Мікалай Казлоў вяртаецца ў дзень пахавання дзецюка, калі версія забойства яшчэ разглядалася:

«Калі вы мяркуеце, што гэта забойства, і міліцыянт загінуў на баявой варце, першае, што мае зрабіць міністр, - належным чынам адрэагаваць. Выйшла, што адрэагавалі толькі затрыманнямі цыганоў, а што да блізкіх - неяк міністр Шуневіч прапусціў».

Мноства алагізмаў, бачныя простым грамадзянам, і адсутнасць тлумачэння ствараюць ўрадлівую глебу для абвінавачванняў і падазрэнняў. Жыхары Магілёва кажуць:

«Мне здаецца, вінаватыя проста адкупілася, такая мая думка. Бо вельмі шмат пра гэта казалі, шмат бачылі відавочцы, а потым навіна пра суіцыд - гэта нейкі смех». «Мне пашчасціла некалі быць пры затрыманні, і адсюль выснова, што яны з усімі так агрэсіўна абыходзяцца. Тое, што ў гэтым выпадку справа тычылася цыганоў, ні пры чым».

У надзвычайных медыйных справах адказы заўсёды стараюцца даць як мага хутчэй. Але ступень даверу да іх не заўсёды высокая.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках