24 красавiка 2024, Серада, 15:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алесь Бяляцкі: МУС зараджанае ксенафобіяй

Алесь Бяляцкі: МУС зараджанае ксенафобіяй
АЛЕСЬ БЯЛЯЦКІ
ФОТА: FACEBOOK

Актыўныя варожыя дзеянні супраць групы цыганоў праводзіліся менавіта паводле нацыянальнай прыкметы.

Кіраўнік Праваабарончага цэнтра "Вясна" Алесь Бяляцкі кажа, што міліцыя фактычна абвясціла цыганам вайну.

Міліцэйскае беззаконне ў дачыненні да цыган Алесь Бяляцкі пракаментаваў у праграме Віталя Цыганкова "Інтэрв'ю тыдня" на "Радыё Свабода".

Актыўныя варожыя дзеянні супраць групы людзей праводзіліся менавіта паводле нацыянальнай прыкметы.

- Беларускае грамадства ўзрушанае дзеяннямі праваахоўных органаў у дачыненні да цыганоў падчас расследавання смерці супрацоўніка ДАІ ў Магілёве. Вы надоечы адправілі зварот у Генпракуратуру з просьбай праверыць законнасць затрыманняў міліцыяй цыганоў 16 траўня ў Магілёве і прыняць патрэбныя меры. Вы спадзеяцеся на нейкую грунтоўную рэакцыю - ці, як часта гэта бывае, пракуратура прышле адпіску?

- Гэты зварот меў дзве мэты. Першая - звярнуць увагу органаў пракуратуры, якія павінны рэагаваць і адказваць на такія звароты. Спадзявацца на шчырую рэакцыю не даводзіцца. Але, улічваючы тое, што мой зварот не адзіны, - пракуратура фармальна будзе звяртацца ў МУС з просьбай патлумачыць сітуацыю.

У кожным выпадку такія звароты важныя і сваю ролю адыграюць. Улічваючы закрытасць нашай сістэмы, ніколі не ведаеш, як яна адгукнецца. Часам такія звароты выклікалі рэакцыю, якая дапамагала спыніць рэпрэсіі. Улічваючы, што гэта адзін з нямногіх вагароў, якія могуць паўплываць на сітуацыю, - трэба выкарыстоўваць усё, што ёсць.

На жаль, у Беларусі няма грамадскіх радаў пры сілавых міністэрствах, як гэта ёсць ва Украіне і Расеі. Улады таксама не вельмі звяртаюць увагу на дзейнасць незалежных журналістаў, якія пішуць на гэтыя тэмы. Але агульнымі намаганнямі нечага дамагчыся можна.

- На вашу думку, чым былі выкліканыя такія дзеянні з боку міліцыі ў дачыненні да цыганоў? Ці было гэта дэманстрацыяй сілы? Ці, можа, наадварот - помста ад бяссілля, жаданне спагнаць сваю злосць на безабаронных людзях?

- Па-першае, гэта паказвае ўзровень непрафесіяналізму ў сістэме рэгіянальных аддзяленняў МУС. Паводле недакладнага (як пазней высветлілася) падказу былі зроблены арганізаваныя дзеянні супраць нацыянальнай меншасці.

Плюс гэта паказвае наогул неспрыяльны міжнацыянальны клімат у Беларусі. Калі даходзіць да канкрэтных выпадкаў, то справы ў нас дрэнь, і дзяржава не працуе паслядоўна ў гэтым кірунку. У нас нібыта “няма нацыянальных праблем” - калі няма нацыянальных меншасцяў.

Мы бачым, як ксенафобія, непрыязнае стаўленне, забабоны ў дачыненні да людзей іншых нацыянальнасцей лезуць ва ўсе шчыліны. І дзяржава не гатовая адказваць на гэты выклік, бо няма ніякіх інстытутаў (ні дзяржаўных, ні грамадскіх, якія падтрымоўваюцца дзяржавай), дзейнасць якіх накіравана на адукацыйныя, асветніцкія мерапрыемствы, якія паказваюць, што ўсе людзі роўныя.

Замест гэтага мы бачым, што МУС зараджанае ксенафобіяй, непрыманнем людзей іншай нацыянальнасці і нават забабонамі. У гэтай сітуацыі міліцыя фактычна абвясціла цыганам нябачную вайну. Праводзіліся актыўныя варожыя дзеянні супраць групы людзей менавіта паводле нацыянальнай прыкметы. І я такога не памятаю.

Зразумела, што загаду наўпрост ад кіраўніцтва МУС не было, але тэлефоннае права, негалосныя загады відавочна былі, і магілёўскім міліцыянтам быў дадзены загад здабыць гэтую інфармацыю за ўсялякую плату.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках