25 красавiка 2024, Чацвер, 14:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Менску ўсвядомілі канец нафтавай халявы

25
У Менску ўсвядомілі канец нафтавай халявы
КАРЫКАТУРА: СЯРГЕЙ ЁЛКІН/DW

Ці выбавіць Лукашэнку Казахстан?

Казахстан гатовы пастаўляць нафту ў Беларусь, засталося ўрэгуляваць гэтае пытанне з Расеяй, заявіў 23 траўня казахскі пасол Ермухамет Ертызбаеў пасля сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам.

У сваю чаргу Лукашэнка адзначыў, што адпаведныя перамовы ўжо вядуцца:

- Думаю, гэта пытанне мы можам развязаць. Яно ляжыць у плашчыні не толькі Беларусі і Казахстана, тут праблем няма, але і Расеі па транзіту. Расея - член ЕАЭС. Я думаю, што з блізкай нам краінай мы зможам дамовіцца пра нейкія аб'ёмы паставак нафты з Казахстана.

24 траўня расейская газета «Коммерсантъ» у артыкуле «У Аляксандра Лукашэнкі захісталася «Дружба» звярнула ўвагу, што пытанне аб пастаўках сыравіны з Казахстана было ўзнятае Менскам напярэдадні складаных перамоваў з Расеяй аб кампенсацыях праз забруджаную нафту.

Выданне прыводзіць меркаванні экспэртаў аб тым, што Беларусь публічна падкрэслівае наяўнасць альтэрнатыў у першую чаргу для ўзмацнення пазіцыі ў перамовах. І нагадвае пра ранейшыя спробы беларускіх уладаў дыверсіфікаваць пастаўкі нафты за кошт Азербайджана і Венесуэлы.

У экспрэс-каментары «Салідарнасці» палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі адзначыў, што сённяшняя сітуацыя якасна адрозніваецца ад часоў, калі Беларусь вазіла венесуэльскую і азербайджанскую нафту:

- Тады справа была ў палітыцы, у супярэчнасцях аб бачанні «братэрскай інтэграцыі». І тады расейская нафта была аб'ектыўна таннейшай за венесуэльскую. Прынцыповым адрозненнем сённяшняй сітуацыі з'яўляецца тое, што Расея пачала падатковы манеўр у сваёй нафтавай галіне, і яна поўная рашучасці яго скончыць.

Для Беларусі гэта азначае пераход на сусветныя кошты нафты і знікненне нафтавага афшору, растлумачыў палітычны аглядальнік:

- Калі раней можна было казаць, што беларускае кіраўніцтва робіць чыста палітычныя жэсты, каб напалохаць Маскву, то цяпер загады Лукашэнкі шукаць альтэрнатывы выглядаюць сур'ёзна. У Менску ўсвядомілі, што нафтавая халява заканчваецца.

Экспэрт адзначыў неадназначнасць сітуацыі, якая склалася. Па-першае, падатковы манеўр у Расеі скончыцца не раней за 2024-ы. І ўвесь гэты час расейская нафта для Беларусі будзе крыху таннейшай, чым на сусветным рынку.

Па-другое, на думку экспэртаў, і пасля заканчэння манеўру пастаўкі з Расеі будуць больш прывабныя за нафту з Казахстана або Азербайджана для беларускіх НПЗ - за кошт больш выгаднай лагістыкі.

Акрамя таго, Расеі не выгадная агучаная Менскам нафтавая альтэрнатыва паводле эканамічных і палітычных матывах:

- Гэта і канкурэнцыя. Навошта Расеі пускаць у сваю трубаправодную сістэму Казахстан, каб губляць уласныя пазіцыі ў пастаўках нафты? Другі момант палягае ў тым, што нафтавая залежнасць Менска ад Масквы з'яўляецца і сродкам палітычнага падпарадкавання. Калі беларуская эканоміка завязаная на расейскую нафту, то Расея можа спрабаваць дыктаваць свае ўмовы ў іншых сферах - вайсковай і палітычнай.

Экспэрт нагадаў, што згодна з еўразійскімі дамоўленасцямі да 2025 года павінны быць створаныя адзіныя рынкі энэргарэсурсаў. І вось тады Расея, па ідэі, не зможа чыніць перашкод сваім казахскім партнёрам, якія ўваходзяць у ЕАЭС.

- Але мы бачым, з якім скрыпам ідзе еўразійская інтэграцыя. Таму не факт, што да пазначанага часу гэтыя рынкі будуць створаныя. І мы бачым, што ў рыторыцы беларускіх уладаў адчуваюцца асцярогі на гэты конт. Масква пад нейкай падставай можа сарваць гэтыя дамоўленасці, каб застацца манапольным пастаўшчыком энэргарэсурсаў у Беларусь, - падкрэсліў Аляксандр Класкоўскі. - У агляднай перспектыве, як мінімум да 2025 года, у рэальную плашчыню пытанне пастаўкі ў Беларусь казахстанскай нафты можа не перайсці.

Напісаць каментар 25

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках