23 красавiка 2024, aўторак, 12:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Леанід Барткевіч святкуе 70-годдзе

8
Леанід Барткевіч святкуе 70-годдзе
ЛЕАНІД БАРТКЕВІЧ
ФОТА: PESNYAR.BY

У выканаўцы знакамітых песняў «Белавежская пушча», «Вераніка» і «Купалінка» сёння юбілей.

Заслужанаму артысту Беларусі эстраднаму спеваку Леаніду Барткевічу сёння спаўняецца 70 гадоў.

Леанід Барткевіч нарадзіўся 25 траўня 1949 г. у Менску. Музыкай пачаў захапляцца яшчэ ў дзяцінстве: быў салістам у хоры хлопчыкаў Палаца піянераў, іграў на гітары і скончыў музычную школу ў класе трубы. Падчас вучобы ў архітэктурным тэхнікуме з'яўляўся салістам мясцовага аркестра, а пасля – вакалістам ансамбля "Залатыя яблыкі", піша БелТА.

У 1970 годзе Уладзімір Мулявін паклікаў спевака выступаць у свой ансамбль "Песняры". Леанід Барткевіч стаў голасам папулярнай групы. У ягоным выкананні слухачы запомнілі такія хіты, як "Александрына", "Алеся", "Бярозавы сок", "Белавежская пушча", "Вераніка", "Купалінка" і многія іншыя.

З 1971 года пачаліся першыя замежныя паездкі ансамбля. "Песняры" выступілі на Міжнародным фестывалі песні ў Сопаце (Польшча), у 1973 годзе ансамбль перамог на Усесаюзным конкурсе савецкай песні ў Менску. А ў 1976 годзе з вялікім поспехам прайшлі гастролі "Песняроў" у ЗША. Менавіта "Песняры" былі першым у СССР вакальна-інструментальным ансамблем, які гастраляваў у ЗША. Яны сталі першымі ўладальнікамі "Залатога дыска" СССР.

У 1980 годзе Барткевіч паступіў у Расейскі інстытут тэатральнага мастацтва (ГИТИС) на курс легендарнага эстраднага рэжысёра, прафесара Ёакіма Шароева. У тым самым годзе праз немагчымасць сумяшчаць гастролі і вучобу Леанід пакінуў ансамбль "Песняры".

З 1983 года з'яўляўся салістам Беларускага тэлебачання і радыё. У 1989 годзе з жонкай, алімпійскай чэмпіёнкай у спартовай гімнастыцы Вольгай Корбут і сынам Рычардам пераехаў у ЗША, дзе пражыў каля дзесяці гадоў.

Пасля вяртання ў Беларусь Леанід працаваў у ансамблі "Песняры" да самай смерці Уладзіміра Мулявіна. У 2003 годзе Барткевіч з некалькімі ўдзельнікамі ансамбля "Песняры" стварыў свой калектыў з такой самай назвай, які праіснаваў да 2008 года.

У 2009 годзе музыкі Анатоль Кашапараў, Алег Моўчан і Леанід Барткевіч аб'ядналіся ў ансамбль "Песняры", кіраўніком якога да гэтага дня з'яўляецца Барткевіч.

Леанід Барткевіч з'яўляецца заслужаным артыстам Беларусі (1979), лаўрэатам I прэміі Усесаюзнага конкурсу савецкай песні (1973), а таксама лаўрэатам міжнародных фестываляў і конкурсаў.

Артыст выпусціў аўтабіяграфічную кнігу "Песняры і Вольга", у якой падзяліўся з чытачамі сваім творчым і асабістым жыццём, апавёў пра ўнікальнасць ансамбля "Песняры". Асобную частку прысвяціў свайму сябру і настаўніку Уладзіміру Мулявіну. На аснове дыпломнага праекта Барткевіча быў пабудаваны менскі кінатэатр "Кастрычнік".

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках