19 красавiка 2024, Пятніца, 18:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Літве, Славакіі і на Мальце праходзяць выбары ў Еўрапарламент

У Літве, Славакіі і на Мальце праходзяць выбары ў Еўрапарламент

У Еўразвязе стартаваў трэці дзень галасавання ў Еўрапарламент.

У суботу, 25 траўня, свой голас на выбарах у галоўны заканадаўчы орган Еўразвязу аддадуць грамадзяне Літвы, Мальты і Славакіі. У Чэхіі, дзе выбарчыя ўчасткі былі адчыненыя ўжо ў пятніцу, 24 траўня, грамадзяне краіны змогуць прагаласаваць і ў суботу, піша dw.com.

За чатыры дні выбараў у 28 краінах-сяброўках Еўрапейскага Звязу 427 млн выбарнікаў атрымаюць магчымасць выбраць 751 дэпутата Еўрапарламента новага склікання. Афіцыйныя вынікі ва ўсіх дзяржавах Еўразвязу будуць апублікаваныя толькі пасля заканчэння апошняга дня галасавання 26 траўня.

У Вялікай Брытаніі і Нідэрландах выбары ў Еўрапарламент ужо адбыліся

У першы дзень выбараў, 23 траўня, дэпутатаў новага Еўрапарламента выбіралі грамадзяне Вялікай Брытаніі і Нідэрландаў. Паводле прагнозаў, большасць галасоў грамадзянаў Злучанага каралеўства можа атрымаць партыя ініцыятара "Брэкзіта" Найджэла Фараджа, заснаваная на пачатку 2019 года. Паводле звестак экзітполаў у Нідэрландах, у лідарках сацыял-дэмакратычная Партыя працы, якая набрала 18,4 адсотка галасоў. Адзін з яе лідараў Франс Тымерманс – кандыдат еўрапейскіх сацыял-дэмакратаў на пасаду кіраўніка Еўракамісіі.

У большасці краінаў ЕЗ, у тым ліку і ў Нямеччыне, выбары адбудуцца ў нядзелю, 26 траўня. Прэзідэнт ФРГ Франк-Вальтэр Штайнмаер (Frank-Walter Steinmeier) запісаў відэазварот, у якім заклікаў грамадзянаў краіны актыўна ўдзельнічаць у выбарах. Відэаролік быў выкладзены на афіцыйнай інтэрнэт-старонцы кіраўніка дзяржавы, а таксама на ягоных старонках у Instagram і Facebook.

Прадмет турботы еўрапейскіх палітыкаў – яўка выбарнікаў

На апошніх выбарах у 2014 годзе яна была рэкордна нізкая і склала 42,6 адсотка. Адзін з самых нізкіх паказнікаў быў зарэгістраваны ў Чэхіі – тады ўдзел у галасаванні ўзялі толькі 18,2 адсотка грамадзянаў краіны.

Паводле папярэдніх звестак, апублікаваных на грамадска-прававым чэшскім тэлеканале CT, на гэты раз яўка будзе крыху вышэйшай: чакаецца, што на выбары пойдуць не больш за 20 адсоткаў выбарнікаў. Падобная сітуацыя назіраецца і ў Славакіі, якая дэманструе самую нізкую актыўнасць выбарнікаў на ўсіх папярэдніх выбарах у Еўрапарламент.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках