24 красавiка 2024, Серада, 10:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Мы такія, як беларусы»: Як жыве цыганскае паселішча ў Магілёве

«Мы такія, як беларусы»: Як жыве цыганскае паселішча ў Магілёве
ФОТА: SVABODA.ORG

Міліцэйскія рэйды тут былі і раней, але не такія масавыя.

Пасля смерці магілёўскага інспектара ДАІ міліцыя правяла рэйды і масавыя затрыманні ў паселішчах, дзе кампактна жывуць цыганы. Гэтыя падзеі прывабілі ўвагу да цыганскай этнічнай меншасці.

Звычайныя беларусы ў паўсядзённым жыцці з цыганамі сутыкаюцца нячаста. Адасоблены і закрыты для чужых побыт сфармаваў нямала стэрэатыпаў пра цыганскую суполку. У крымінальнай хроніцы нярэдка паведамляецца пра злачынствы, учыненыя «асобамі цыганскай нацыянальнасці». Гэта ўмацоўвае ў свядомасці беларуса негатыўныя ўяўленні пра цыганоў.

«Радыё Свабода» распытала цыганоў з магілёўскага пасёлку Грабянёва пра іхняе жыццё і стасункі з беларусамі. У аповедах яны спрабуюць разбурыць трывалыя стэрэатыпы пра сябе.

Коратка пра цыганоў

Першыя звесткі пра цыганоў на тэрыторыі Беларусі зафіксаваныя ў прывілеі Аляксандра Ягелончыка 1501 года. Згодна з граматай вялікага князя літоўскага цыганам дазвалялася качаваць па землях княства.

Паводле перапісу насельніцтва 2009 года, цыганоў у Беларусі больш за 7 тысячаў. Самі цыганы называюць іншы лік – блізу 60 тысячаў.

Самая вялікая цыганская супольнасць – на Гомельшчыне: больш за 2,5 тысячы чалавек.

Афіцыйна працаўладкаванымі ўважаюцца блізу 10 адсоткаў цыганоў. Цыганы наракаюць, што іх не бяруць на працу праз нацыянальнасць.

Міліцэйскія рэйды былі і раней, але не такія масавыя

Грабянёва – пасёлак з найвялікшай у Магілёве цыганскай дыяспарай. Паводле словаў мясцовых цыганоў, першым упадабаў гэтае месца больш за сто гадоў таму цыганскі род Русаковых. Яны перабраліся ў Беларусь са Смаленшчыны. У цяперашні час у пасёлку блізу 100 цыганскіх сем'яў. З іх сядзібамі суседнічаюць дамы беларусаў.

Міліцэйскі рэйд 16 траўня застаецца адной з галоўных тэмаў у размовах мясцовых цыганоў. Познім вечарам таго дня ўзброеныя амапаўцы не прапусцілі ніводнага цыганскага дому.

«Па вуліцы ехаў аўтазак, а за ім, як у вайну, цягнуўся натоўп цыганоў. Ездзілі некалькі БТРаў. Па хатах хадзілі ўзброеныя, у масках людзі. У кожнай чуўся мат, пагрозы, крыкі перапалоханых гаспадароў і іхніх дзяцей. Затрыманых звозілі ў Кастрычніцкі аддзел міліцыі», – кажа адзін з першых суразмоўцаў Вячаслаў.

Паводле ягоных словаў, міліцэйскія рэйды ў Грабянёве былі і раней, але не такія маштабныя. Звычайна пад іх падпадалі асобныя сядзібы. Паводзіны міліцыянтаў заўсёды былі бесцырымоннымі, кажа ён.

«Калі адчыніў дзверы і цябе адразу не адштурхнулі, то просіш паводзіць сябе цішэй, каб не палохаць дзяцей, але на такія просьбы міліцыянты не звяртаюць увагі. Калі не паспеў адчыніць дзверы, то выламалі або вокны павыбівалі. У дамах шукаюць наркотыкі ці крадзенае», – кажа Вячаслаў.

Ён кажа, што не можа растлумачыць, чаму распаўсюд наркотыкаў звязваецца з цыганамі. Дапускае, што прычына ў стэрэатыпах, якія сфармавалі прадузятае стаўленне да цыганскай суполкі.

У войска цыганоў забіраюць, а на працу не бяруць

Грабянёва расцягнулася ўздоўж Дняпра на паўднёвай ускраіне Магілёва. Цыганы дагэтуль пасвяць на дняпроўскіх лугах кароваў, козаў, коней.

Вячаслаў і ягоная сям'я гадуюць жывёлу і з гэтага жывуць. Як ён кажа, шмат цыганоў вымушаныя ехаць на заробкі ў Расею, бо ў Беларусі ўладкавацца цыгану цяжка.

«У адкрытую не кажуць, што не бярэм, бо цыган. Але як толькі ўбачаць, хто прыйшоў уладкоўвацца, то заяўляюць: вакансіі больш няма. Чамусьці мяркуецца: калі цыган, то абавязкова злодзей», – кажа Вячаслаў.

Паводле ягоных словаў, у Расеі такога стаўлення няма. Там цыганы працуюць грузчыкамі, будаўнікамі. Уладкоўваюцца на заводы. Заробак – 1000 даляраў. Апошнія некалькі гадоў цыганы выязджаюць на заробкі ў еўрапейскія краіны. У прыярытэце – Польшча. Некаторыя ў Беларусь не вяртаюцца.

Сястра Вячаслава заканчвае Магілёўскі ўніверсітэт харчавання. Ці атрымаецца знайсці занятак паводле прафесіі, дзяўчына не ведае. Кажа, што прадузятага стаўлення ў навучальнай установе з прычыны цыганскага паходжання няма. Умовамі навучання задаволеная.

Вячаслаў кажа, што цыганоў, як і беларусаў, выклікаюць служыць у войска. Паводле ягоных словаў, гэта ці не адзінае месца, дзе на нацыянальнасць не звяртаюць увагі.

Цыганы як беларусы

Суродзіч Вячаслава, 62-гадовы Уладзімір – на пенсіі. Гадуе быкоў і свінняў. Раней іх здаваў мясакамбінату. Цяпер прадае бізнэсмэнам. Плаціць падаткі. Паводле прыбытку ўважае сябе серадняком.

Як і многіх іншых грабянёўскіх цыганоў, яго затрымалі 16 траўня. Потым іншыя міліцыянты выламалі дзверы ягонага дому, шукаючы ўжо затрыманага гаспадара.

«Мы ж такія, як беларусы. Тут нарадзіліся. Хрысціліся і працуем. Але, чаго хаваць, прыніжэнне нас як цыганоў існуе», – кажа ён.

Як і папярэдні суразмоўца, Уладзімір наракае, што цыгану знайсці працу вельмі цяжка, а «калі няма на што жыць, то ён адважваецца на незаконны занятак».

«Безумоўна, у цыганоў ёсць зладзейская жылка, і гэта не таямніца. Але, як кажуць, не роўны лес, не роўныя людзі. У кожнай нацыі ёсць свае вырадкі, але, паверце, сярод цыганоў большасць – добразычлівыя людзі, хоць і закрытыя ад астатняга свету», – кажа суразмоўца.

У прытулках цыганскіх дзяцей няма. Старыя не бадзяюцца па свеце

Уладзімір кажа, што ў яго з жонкай няма сваіх дзяцей, але яны выгадавалі дзвюх пляменніцаў. Дзяўчаткі апынуліся сіротамі. Цяпер яны дарослыя і маюць сваіх дзяцей. Адна пляменніца – адміністратарка ў рэстаране, а другая кухарка.

«Цыганы не аддаюць сваіх дзяцей у прытулкі. У нас гэта ўважаецца вялікім грахом. Яны не блукаюць па свеце. Калі дзіця апынулася без бацькі і маці, то яго забяруць сваякі. Ні адной гісторыі, калі хто-небудзь з цыганоў выкінуў сваё дзіця або, не дай Бог, забіў», – кажа Уладзімір.

Паводле ягоных словаў, старыя нямоглыя цыганы таксама не застаюцца без догляду. Пра іх клапоцяцца да смерці, калі няма дзяцей, то сваякі. Павага да старэйшых – для цыгана норма.

Цыганы самі караюць злачынцаў

60-гадовы Анатоль да пенсіі працаваў цесляром, бетоншчыкам у ПМК. Кажа, што ў савецкі час цыгану было прасцей знайсці працу. Тады на цыганскае паходжанне не вельмі звярталі ўвагу.

«Калі б у свеце былі ўсе такія злодзеі, як цыганы, то свет нашмат лепшым быў бы», – кажа ён. Паводле ягоных словаў, у цыганскай суполцы існуюць звычаі, якія прадугледжваюць жорсткую кару за злачынствы. Ён настойвае, што ў кодэксе паводзінаў цыгана няма месца гвалту і забойству.

«Зламысніка могуць нават выгнаць з супольнасці, і ні адзін з цыганоў не прыме яго ў сябе дома», – тлумачыць Анатоль.

Паводле ягоных словаў, нярэдкія выпадкі, калі міліцыя звяртаецца да барона, каб той паспрыяў вызначэнню злачынцы.

Калі беларуска хоча выйсці за цыгана, павінна быць гатовая стаць цыганкай

Аліна жыве са сваёй сям'ёй у двухпавярховым катэджы. На прыбытак не скардзіцца. Адзначае цяжкасці ў працаўладкаванні. Паводле ейных словаў, нямала цыганоў наймаецца на сезонныя працы ў калгасы. Там працуюць у кароўніках і свінарніках. У горадзе ж уладкоўваюцца тыя, каму пашанцуе.

І цыганы, і беларусы настойваюць, што міжнацыянальных канфліктаў паміж імі не ўзнікае. Часам бываюць побытавыя сваркі, якія развязваюцца па-суседску. Такога ж меркавання прытрымліваецца Аліна.

Паводле ейных словаў, доўгае сужыццё цыганоў з беларусамі ўсё часцей прыводзіць да змяшаных шлюбаў, якія яшчэ дзясяткі два гадоў таму не віталіся. Нават уважаліся ганьбай, дадае яна. Дзяўчыне, якая адважылася выйсці за цыгана, давядзецца вучыць мову мужа.

«Ёй трэба будзе вучыцца цыганскім традыцыям», – кажа Аліна.

Разам з тым яна адзначае, што пад такое патрабаванне падпадаюць не ўсе жанчыны, якія выйшлі за цыганоў. Некаторыя абмяжоўваюцца разуменнем мовы і веданнем найважнейшых побытавых цыганскіх фразаў. Сваякі мужа не настойваюць на поўнай асіміляцыі.

На думку Аліны, насцярожанае стаўленне да цыганоў тлумачыцца тым, што яны доўгі час не мелі сталага прытулку, бо вандравалі. Такі лад жыцця навучыў цыганоў зарабляць па-рознаму.

«Вядома ж, цыган здольны падмануць, і гэта ён умее рабіць добра. На крадзеж мы здольныя. Магчыма, на неадназначнае ўспрыманне цыганак паўплывала тое, што нямала іх умее варажыць. Гэтае рамяство перадаецца ад бабуляў і матуляў», – кажа суразмоўца.

Расейская мова цыганоў – з ладнай прымешкай беларускай

Цыганскія дзеці ходзяць у 13-ю школу – адзіную ў пасёлку. Вучацца ў ёй на расейскай мове. Палова вучняў – дзеці з цыганскіх сем'яў.

«Быць непісьменным цяпер цяжка, але калі бацькі не насядаюць, то дзеці пасля 9 класаў вучобу кідаюць. Тыя, хто хоча дасягнуць у жыцці поспеху, прадаўжаюць навучанне. Атрымліваюць вышэйшую адукацыю» – кажа Аліна.

Паміж сабой цыганская дзятва гаворыць па-цыганску. Як і дарослыя, з лёгкасцю пераходзяць на расейскую.

У Грабянёве мала хто з цыганоў называе беларусаў беларусамі. Для іх гэта «расейцы». Беларускую мову разумеюць, але не гавораць, хоць іх расейская мова – з ладным дамешкам беларускай.

Якім будзе стаўленне да цыганоў пасля міліцэйскіх рэйдаў

Грабянёўскія цыганы рады, што кіраўніца адміністрацыі Лукашэнкі Наталля Качанава выбачылася за некарэктныя паводзіны міліцыянтаў падчас расследавання справы аб смерці інспектара ДАІ Яўгена Патаповіча. На іхнюю думку, аднак, гарантый таго, што падобнае абыходжанне не паўторыцца, няма.

Факту масавага затрымання прадстаўнікоў цыганскай дыяспары не прызнаюць ні Следчы камітэт, ні Міністэрства ўнутраных справаў. Там сцвярджаюць, што з цыганамі, магчыма, праводзілі гутаркі.

Міністр унутраных справаў заявіў, што ў яго «няма ні прычынаў, ні падставаў прасіць прабачэння ў цыганоў».

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках