20 красавiка 2024, Субота, 8:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Скончыліся медыкі - пайшлі па дырэктараў заводаў

21
Скончыліся медыкі - пайшлі па дырэктараў заводаў

Што стаіць за масавымі арыштамі дырэктараў у Гомелі, Віцебску і Воршы?

Новая хваля затрыманняў паводле падазрэння ў карупцыі. На падставе звестак інфармаваных крыніц «Белсата», у аўторак і сераду затрымалі дырэктараў станкабудаўнічых заводаў у Гомелі, Віцебску і Воршы.

Інфармацыя неафіцыйная, але досыць аператыўная. Адразу некалькі кіраўнікоў беларускіх станкабудаўнічых заводаў сядзяць цяпер у следчым ізалятары КДБ у Менску. Яшчэ напярэдадні на працоўным месцы адсутнічалі віцебскія дырэктары: завода заточных станкоў - цяпер гэта ААТ «ВІЗАС» - і станкабудаўнічага завода «Вістан». Аналагічная сітуацыя з дырэктарамі на гомельскім ААТ «СтанкаГомель» і ў Воршы, на станказаводзе «Чырвоны барацьбіт».

«Яго затрымалі пасля камандзіроўкі. Рабочыя завода казалі - не, ніхто нічога не чуў, а бліжэй да кіраўніцтва казалі - так, такое было», - пацвердзіў «Белсату» неафіцыйную інфармацыю Ігар Казмерчак, рэдактар Orsha.eu.

Таксама крыніцы «Белсата» паведамілі, што сілавікі цікавіліся працай кіраўніцтва Гомельскага завода станочных вузлоў, Менскага завода аўтаматычных ліній, Менскага завода Кастрычніцкай рэвалюцыі і пінскага «Кузлітмаша». Гэтыя прадпрыемствы раней уваходзілі ў склад холдынгу «Белстанкаінструмент» на базе Менскага станкабудаўнічага завода, але холдынг ужо распаўся.

«Станкабудаўнічыя прадпрыемствы даўно не прыбытковыя, ледзь жывыя. Былі спробы стварыць беларуска-расейскі станкабудаўнічы холдынг, але не мелі поспеху», - мяркуе эканамічны аглядальнік Аляксандр Заяц, намеснік галоўнага рэдактара Tut.by.

Непрыбытковыя, бо рэгулююцца дзяржавай. Сістэма, калі прадпрыемствы належаць або кантралююцца дзяржавай, узмацняе карупцыйныя настроі, сцвярджае Сяргей Скрабец, былы «дэпутат палаты прадстаўнікоў».

«Вялізныя запазычанасці прадпрыемстваў у аднаго перад адным. І каб атрымаць грошы пасля паставак, трэба даваць хабар. І каб былі пастаўкі, павінен даваць хабар. І гэта не залежыць нават ад дырэктара, бо хабары бяруць галоўны інжынер, начальнік забеспячэння, начальнік збыту, тыя, ад каго залежаць тэндэры і тэхэкспэртыза», - мяркуе Скрабец.

Карупцыяй працятыя ўсе сферы жыцця ў Беларусі, мяркуе экс-дэпутат: «Гэта там, дзе існуе дзяржуласнасць, прадпрыемствы, дзе была пасадка дырэктараў, гэта там, дзе бюджэтныя грошы: медыцына, пенсіі, ЖКГ, сельская гаспадарка».

Затое ў тэлевізары барацьба з карупцыяй і халатнасцю выглядае эфектыўна.

«Скончыліся медыкі, з'явіўся час, пайшлі ў новую сферу. Цяпер на носе выбары, уладам выгадна падымаць тэму барацьбы з карупцыяй», - мяркуе Андрэй Заяц.

Следчы камітэт і КДБ пакуль не пракаментавалі інфармацыю аб затрыманні кіраўнікоў станкабудаўнічых прадпрыемстваў.

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках