29 сакавiка 2024, Пятніца, 15:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як доктар навук зь Беларусі зрабіў кар'еру ў Даніі пасля 40 гадоў

4
Як доктар навук зь Беларусі зрабіў кар'еру ў Даніі пасля 40 гадоў
Андрэй Лаўрыненка з жонкай Марыяй
Фота: svaboda.org

Андрэй Лаўрыненка прасоўвае новыя тэхналёгіі ў Даніі.

Доктар фізыка-матэматычных навук Андрэй Лаўрыненка апошнія паўтара дзесяцігодзьдзя прасоўвае новыя тэхналёгіі ў Даніі. А вось беларускай фізычнай галіне варожыць доўгую барацьбу за колішні аўтарытэт, перадае «Радыё Свабода».

Андрэй Лаўрыненка (трэці справа) са сваімі асьпірантамі

Андрэй Лаўрыненка з жонкай Марыяй жывуць у гарадку Біркерод на поўнач ад Капэнгагену. Краіна прачынаецца рана, і штодня а 7-й раніцы навуковец выбіраецца ў напрамку сталіцы, дзе ўзначальвае групу дасьледаваньня мэтаматэрыялаў у Тэхнічным унівэрсытэце Даніі. У любое надвор’е — амаль паўтара дзясятка кілямэтраў роварам у кожны бок. Марыя займаецца домам, шмат валянтэрыць, вывучае дацкую мову.

Андрэй Лаўрыненка з жонкай Марыяй

Каманда Лаўрыненкі спэцыялізуецца на біясэнсінгу: стварае нанаструктураваную плятформу, якая можа дапамагчы ідэнтыфікаваць цяжкія захворваньні — напрыклад, папярэдзіць разрыў сардэчнай мышцы, то бок інфаркт. Дзяржава і камэрцыйныя фонды сродкаў на вынаходніцтва не шкадуюць — столькі, колькі патрабуецца для глыбокіх і грунтоўных дасьледаваньняў. Даводзіцца вытрымліваць вострую канкурэнцыю зь іншымі навуковымі групамі, але ў цэлым гэта станоўча адбіваецца на якасьці праектаў.

Карэспандэнт сустрэўся з навукоўцам у Біркеродзе, патрымаў у руках ягоны атэстат дацэнта з «Пагоняй» і папрасіў параўнаць стан фізычнай галіны ў Даніі і Беларусі.

Гістарычны будынак вакзалу ў Біркеродзе

Менскія фізыкі-«шасьцідзясятнікі»

Андрэй Лаўрыненка нарадзіўся ў Менску ў 1960 годзе ў інтэрнацыянальнай сям’і вайскоўца — тата з Украіны, мама з Эстоніі. Яшчэ ў школе пачаў наведваць гурток юных фізыкаў, адтуль — на фізфак Белдзяржунівэрсытэту. Ягонымі аднакурсьнікамі былі Леанід Лозьнер, адзін з заснавальнікаў кампаніі Epam, Леў Перэльман, прафэсар Гарвардзкага ўнівэрсытэту, іншыя таленавітыя і ў будучым пасьпяховыя фізыкі родам з шасьцідзясятых.

Вось ужо больш за 40 гадоў ён ня здраджвае любімай справе, хоць тая і не заўсёды адказвала ўзаемнасьцю. Асабліва на пачатку кар’еры.

Андрэй Лаўрыненка

«Было цяжка, асабліва на пачатку 1990-х — дзікая нястача, — згадвае Андрэй Лаўрыненка. — Каб хоць неяк выжыць, я працаваў на стаўцы дацэнта ў БДУ, на паўстаўкі дацэнта ў Міжнародным экалягічным інстытуце імя Сахарава, у ліцэі БДУ і на падрыхтоўчых курсах пры ім, з алімпіяднікамі, даваў прыватныя ўрокі. Бо асноўная стаўка — 30 даляраў, палова стаўкі — 15. Там 10, недзе яшчэ 10. Браўся літаральна за ўсё».

У 1989 годзе Лаўрыненку прысудзілі навуковую ступень кандыдата фізыка-матэматычных навук. А ўжо ў часы незалежнасьці прысвоілі званьне дацэнта з уручэньнем рарытэтнага па сёньняшнім часе атэстату — зь цісьнёным золатам гербам «Пагоня» на вокладцы.

Атэстат дацэнта (да рэфэрэндуму траўня 1995 году)

«Я, скажам так, „навуковы ўнук“ акадэміка Фёдарава, гэта сын Янкі Маўра, — расказвае ён. — Вучань Фёдара Іванавіча — прафэсар Леанід Баркоўскі, мой навуковы кіраўнік, доўгі час загадваў катэдрай тэарэтычнай фізыкі БДУ. А я ўжо ад іх трэцяй генэрацыяй. Абодва, на жаль, сышлі, вялікія людзі. Фёдараў — наогул глыба ў маштабах савецкай навукі, ягоныя кнігі перакладаліся на ангельскую мову, чаго ўдастойваліся адзінкі».

Як і ягоныя настаўнікі, Лаўрыненка вылічваў паказчыкі анізатропнага асяродзьдзя, у тым ліку вадкіх крышталёў. Веды пра гэта прысьпешваюць прагрэс у самых розных сфэрах чалавечай дзейнасьці.

Грашовая прыбаўка ад Казуліна

Фінансавыя і побытавыя праблемы не астудзілі імпэт маладога фізыка. Да таго ж «навуковы бацька» Леанід Баркоўскі пераканаў, што трэба ўдасканальвацца і рушыць у дактарантуру. Вучань пагадзіўся, але з аб’ектыўных прычынаў затрымаўся там толькі на год.

Дыплём кандыдата навук узору БССР

«У 1996 годзе рэктарам БДУ стаў Аляксандар Казулін, — кажа Андрэй Лаўрыненка. — Ня ведаю, як яму ўдалося, але выбіў унівэрсытэту адчувальную прыбаўку ў заробках: мы мелі, пэўна, на 50% больш за іншыя ВНУ. А вось калі пайшоў у дактарантуру, стаўкі ўжо былі прэрагатывай Мінадукацыі — пачаў атрымліваць меней за ўнівэрсытэцкіх асьпірантаў. У выніку зноў вёў вялізную колькасьць заняткаў, каб хоць неяк зарабіць».

Недасканалая сыстэма і эканамічная сытуацыя заганялі ў тупік: нібыта маеш час займацца навукай, але думкі пра матэрыяльны стан не давалі на ёй нават засяродзіцца. Ад безвыходнасьці Андрэй Лаўрыненка ўпершыню задумаўся пра навуковае «гастарбайтэрства». Вялікіх ілюзій не жывіў: набліжаўся 40-гадовы юбілей, а ў такім узросьце некага ўразіць цяжка. Але тут спрацавалі адукацыйныя «інвэстыцыі».

З вучнем Дзьмітрыем Чыгрыным на сымпозіюме ў Сынгапуры

«Падрасьлі вучні, якіх гадаваў яшчэ ліцэістамі. Хто ня біў лынды, тых зваў да сябе на фізфак, мы нешта лічылі. Сярод іх і Дзіма Чыгрын, я ім апекаваўся 10–11 клясы, а пасьля 5 гадоў унівэрсытэту. Таленавіты хлопец, дапытлівы, яшчэ за студэнцкім часам публікаваўся. На 4 курсе ён сказаў: „Андрэй Уладзімеравіч, не крыўдуйце, асьпірантуру буду рабіць на Захадзе“. Гэта якраз тое маладое пакаленьне, якое адпачатку расставіла прыярытэты».

Маючы добрыя веды, малады чалавек без праблемаў знайшоў вакансію ў Нямеччыне ва ўнівэрсытэце Эсэну. На адной з канфэрэнцый сышоўся з калегамі з Даніі, якія прапанавалі далучыцца да эўрапейскага праекту з добрым фінансаваньнем. Дзьмітрый мяняць месца не захацеў і парэкамэндаваў свайго навуковага кіраўніка — Андрэя Лаўрыненку. Ужо ў сярэдзіне 2000 году той паехаў на інтэрвію ў Капэнгаген.

Краявіды Капэнгагену

«У ліпені прайшоў гутарку, а 10 лістапада прыехаў на працу, — кажа навуковец. — Вельмі добры кантракт на паўтара года, не „постдокаўскі“ (для тых, хто нядаўна атрымаў ступень PhD. — РС), а паўнавартасны Senior Researcher (вядучы дасьледчык. — РС). Асабліва з улікам узросту, бо ў 40 гадоў быць запатрабаваным за мяжой праблематычна, а цяпер увогуле нерэальна. Патрэбныя 22—25-гадовыя, якія там жа і абараняюцца».

Транзытам праз Оксфард, Вупэрталь, Канбэру

Калі акрэсьлены тэрмін скончыўся, 1 траўня 2002 году Андрэй Лаўрыненка вярнуўся дадому. Па-першае, існавала дамова з кіраўніцтвам факультэту, па-другое, трэба было завяршыць доктарскі «даўгабуд».

Неўзабаве эўрапейскія партнэры зноў выйшлі на сувязь. Сказалі, што засталіся грошы ад праекту і ёсьць магчымасьць камэрцыялізаваць унікальны код разьліку шматмерных структураў, які беларус стварыў у Даніі. На пачатку 2003-га Лаўрыненка выпраўляецца на паўгода ў Брытанію, дзе на базе ІТ-кампаніі ў Оксфардзе пачаў лічыць у трохмерным фармаце фатонныя крышталі.

Беларускае партфоліё

Яшчэ некалькі месяцаў ён адпрацаваў у Аўстраліі і Расеі, паўдзельнічаў у канфэрэнцыях на Азорскіх астравах і ў Сынгапуры. У гэты ж час вопытнага «лічыльніка» запрашаюць на год у нямецкі Вупэрталь — удасканаліць майстэрства ў мясцовым унівэрсытэце. А па вяртаньні акурат пасьпеў на цырымонію свайго ўганараваньня.

«Прафэсара ў Беларусі я так і не атрымаў (у Тэхнічным унівэрсытэце Даніі ён Associate Professor, аналяг дацэнта катэдры. — РС), а доктарскую ўрэшце абараніў. 2004 год, толькі прыехаў зь Нямеччыны, атрымліваю ліст: прыходзьце на ўручэньне дыплёма. Цырымонія праходзіць двойчы на год у малой залі Акадэміі навук, прычым на Дзень навукі „корачкі“ ўручае Аляксандар Лукашэнка. Але ў мяне, летам, было спакойна: прыйшоў, забраў і да пабачэньня».

Калі яшчэ працаваў у Вупэрталі, паступілі адразу дзьве сур’ёзныя прапановы, якія вымагалі тэрміновага рашэньня — з Даніі і Ірляндыі. А паколькі менавіта Скандынавія стала трамплінам для міжнароднай актыўнасьці, спыніўся на першым варыянце. І вось ужо 15 гадоў працуе ў Тэхнічным унівэрсытэце Даніі.

З інтэрнацыянальнымі асьпірантамі

«Раней я быў чыстым вучоным, займаўся дасьледчымі праектамі. А цяпер большая частка нагрузкі — выкладчыцкая. У мяне група дасьледаваньня мэтаматэрыялаў з 4–5 асьпірантаў, „постдокаў“, якую я захоўваю больш за 10 гадоў. У нашым разуменьні гэта як катэдра, лябараторыя — структурнае падразьдзяленьне факультэту інжынэраў па фатоніцы. Толькі падзел не на катэдры, а на 15 групаў. Я кіраўнік і матэрыяльна адказная асоба: выкладаю, маю права подпісу, прыёму на працу».

Склад падначаленых страката-інтэрнацыянальны: за апошні час праз групу Лаўрыненкі прайшлі выхадцы зь Беларусі, Бразыліі, Індыі, Італіі, Кітаю, Румыніі, Турэччыны, Украіны, Філіпінаў, Эстоніі, Японіі. І, само сабой, Даніі, хоць цяпер мясцовы асьпірант толькі адзін. Некалькі чалавек разам з бацькамі прайшлі празь лягеры ўцекачоў.

Мільён даляраў на праект

Андрэй Лаўрыненка расказвае, як дзейнічае ўнівэрсытэцкі мэханізм у Даніі і якія структуры зацікаўленыя ў фінансаваньні навуковых праектаў.

З «правай рукой», маладым навукоўцам з Румыніі Раду Малурэану

«50% сродкаў выдзяляе ўнівэрсытэт, астатнія павінны знайсьці самі. Хто дае? Аналяг у Беларусі — Фонд фундамэнтальных дасьледаваньняў. Мы пішам праекты, яны там адсочваюцца. Да 90% прапаноў адкідваецца, але некаторыя праходзяць. Сярэдні праект у Даніі — недзе 1 мільён даляраў. Насамрэч ня так і шмат, бо тэрмінам на 3 гады і пры гэтым можаш наняць двух чалавек. Прыплюсуем лябараторыю, абсталяваньне, паездкі — лічы, што мільёна няма».

Ягоная група засяроджаная на так званым біясэнсінгу — стварае нанаплятформу распазнаваць спэцыфічныя біямаркеры. Раней такія дасьледаваньні былі прэрагатывай біёлягаў, цяпер на падмогу прыходзіць фізыка.

Давядзеньне тэарэтычнага матэрыялу

«Наша плятформа здольная вызначаць канцэнтрацыю біямаркера ў вадкасьці аптычным мэтадам. То бок, калі рвецца сардэчная мышца, у кроў выкідваецца спэцыфічнае хімічнае злучэньне. Як толькі сэнсар яго вызначыць, лекар па гэтым аналізе пацьвердзіць дыягназ — інфаркт. Задача — распазнаць хвалямі біямаркер у малой канцэнтрацыі вадкасьці. Калі ўсё атрымаецца, папросім у мэдыкаў сам біямаркер і антыцелы да яго: пасадзім апошнія на нашую структуру і аптычным мэтадам вызначым канцэнтрацыю», — тлумачыць нюансы Андрэй Лаўрыненка.

Паводле суразмоўцы, калі дасьледаваньне сапраўды важнае і тычыцца сфэры мэдыцыны, пытаньняў зь фінансаваньнем не існуе. Галоўнае — мэтазгоднасьць інвэстыцый.

Адзін з кампусаў Тэхнічнага ўнівэрсытэту Даніі

«Біяраспрацоўкі — бадай, асноўная рэч, на што цяпер ідуць грошы, — канстатуе экспэрт. — Усё, што зьвязана з аховай здароўя, суправаджаецца фантастычнымі па беларускіх мерках укладаньнямі. І калі фізыкі часам туды „прымазваюцца“, гэта выгадна ўсім. Наогул у Эўропе (і Данія тут не выключэньне) галоўныя грошы круцяцца менавіта ў галіне фармацэўтыкі, мэдыцыны, біяхіміі».

Цікаўлюся ў навукоўца: якая працоўная мова ў ягоным калектыве і на якім узроўні за гэты час ён сам засвоіў дацкую? Ці ёсьць моўны бар’ер з падначаленымі?

«У мяне сярэдняя дацкая з той простай прычыны, што ва ўнівэрсытэце асноўная мова — ангельская, — прызнаецца ён. — Каб была жонка датчанка, або гёрлфрэнд, натуральна, падцягнуў бы нашмат хутчэй. Маша, як і я, зь Менску, таму дацкую практыкую перадусім у стасунках зь мясцовымі — на працы з сакратаркай, калегамі, у крамах і г.д. Але калі ты сюды прыяжджаеш і ведаеш ангельскую, то цалкам самадастатковы».

З асьпірантамі групы мэтаматэрыялаў

Пакутлівыя праблемы беларускай навукі

Маючы магчымасьць на ўласным досьведзе параўноўваць узровень навукі ў розных частках сьвету, Андрэй Лаўрыненка характарызуе працэсы ў Беларусі без аптымізму.

«Фізычная навука ў Беларусі ў стагнацыі. Тое было зразумела яшчэ ў 1990-х. Каб навука не памірала, неабходная пераемнасьць пакаленьняў: 30-гадовыя зьмяняюць 40-гадовых, постдокі становяцца дацэнтамі, тыя прафэсарамі і г.д. Зрабіце зрэз фізфаку ці Акадэміі навук. Пік — 60–70 гадоў. Але яны адыдуць, хто застанецца? Толькі ня слухайце акадэмікаў і рэктараў, што ўсё пад кантролем. Насамрэч нічога добрага».

Выступ на канфэрэнцыі TEDхNiamiha ў Менску

Паводле Андрэя Лаўрыненкі, адсутнасьць замены старым навукоўцам зусім не азначае, што няма годных кандыдатаў. Але рэшткавы прынцып фінансаваньня і, як вынік, адсутнасьць стымулаў прымушаюць маладых людзей глядзець туды, дзе больш стабільна і прадказальна. Кажа, што на міжнародных канфэрэнцыях па фатоніцы і лазэрнай фізыцы рэдка сустракае калегаў зь Беларусі. А вось беларускіх фізыкаў, якія прадстаўляюць заходнія ўнівэрсытэты, усё больш. У ліку апошніх — і ягоныя вучні з БДУ ды ліцэю.

«Ёсьць разумныя дзеці ў ліцэях і гімназіях, алімпіяднікі, але іх перахоплівае Расея, — гаворыць суразмоўца. — Нягледзячы на выбрыкі расейскай улады, куды дарваліся зусім пазбаўленыя розуму, нават там зразумелі сур’ёзнасьць сытуацыі і пачалі даваць грошы ўнівэрсытэтам. Так, частка раскрадаецца, без гэтага аніяк. Тым ня меней, у МГУ, МФТИ, ИТМО, МИСИС рэальна пайшла моладзь. Іх касьмічныя ракеты падаюць і гараць, і гэта будзе працягвацца, бо інжынэрная навука — шлях доўгі. Але фізычная галіна шмат у якіх ВНУ на прыстойным узроўні».

Навуковы сымпозыюм у Будапэшце

А вось пра застой у беларускай вышэйшай школе, перакананы доктар навук, сьведчыць, сярод іншага, месца галоўнай навучальнай установы краіны ва ўсясьветнай адукацыйнай герархіі. І яго абурае, што «топ-1000» Міністэрства адукацыі Беларусі падае як дасягненьне — пры тым, што ў сьвеце ўсяго 4,5 тысячы ўнівэрсытэтаў.

«Беларусь — краіна ў Эўропе з 9,5 мільёнамі жыхароў — ганарыцца тым, што БДУ ў канцы першай тысячы! Ну чым ганарыцца? Тым, што беларуская навука адмірае, як гангрэнавая тканка? Рэгрэс будзе працягвацца, калі кардынальна не зьмяніць падыход да фінансаваньня навукі і навучальных устаноў. Бо грошы трэба даваць так: вось табе 1000 баксаў (як у сярэднім па ПВТ), расьці і прагрэсуй. А праз 5 гадоў дай справаздачу публікацыямі і вучнямі...».

Айцішнікі як нацыянальны праклён

Як тады расцаніць фэномэн беларускай ІТ-сфэры? Праграмісты — «каста» выбраных, хто зарабляе паводле ўсясьветных стандартаў дзякуючы не бюджэтным уліваньням, а сваім здольнасьцям. Андрэй Лаўрыненка лічыць сытуацыю ненармальнай і прагназуе, чым пагражае падобны перакос.

Дома за працай

«ІТ-галіна жыве па белай схеме і адчувае сябе камфортна. Але ў доўгатэрміновай пэрспэктыве гэта заняпад: самыя талковыя студэнты з навуковых і інжынэрных спэцыяльнасьцяў сыходзяць у праграмаваньне. Мой прынцып такі: калі праграмісты атрымліваюць на парадак больш за выкладчыка ці інжынэра, гэта дрэнна. Ліфт у доме айцішніка не паедзе, калі ня даць грошай БНТУ; без інжынэра ня будзе камунікацый; бязь сьлесара ягоная машына стане мэталаломам; без пэдагогаў і фізыкаў ня будзе айцішнікаў».

Грамадзтва павінна функцыянаваць раўнапраўна, і такое зарабляньне, на ягоную думку, — «малаэфэктыўны выкід». Калі разглядаць «айцішнікаў» у пэрспэктыве, даўжэйшай за пяцігодку, — гэта контрапрадуктыўна для Беларусі. Выпячваньне адной галіны, нават не на шкоду іншым, — тормаз.

Да Парку высокіх тэхналёгій зь легалізаваным падатковым «афшорам» ня так даўно дадаўся індустрыяльны кітайска-беларускі «Вялікі камень». Навуковец настойвае, што ствараць «дзяржаву ў дзяржаве» — заганная практыка.

Андрэй Лаўрыненка падчас камандзіроўкі ў Стэнфард

«Павызвалялі ад падаткаў, панадавалі прэфэрэнцый. А куды далей рухацца? Станавіцца рэспублікай у рэспубліцы, замыкацца ў сабе? Яны ж хочуць хадзіць па нармальных вуліцах, разьлічваюць, што дзеці будуць вучыцца ў добрых школах. Усе тыя выключэньні маюць кароткатэрміновы эфэкт. Хвораму ці параненаму ўкалолі прамэдол, у яго раз — ачысьцілася сьвядомасьць, зьявіліся сілы. Ён можа прабегчы 100 мэтраў ці стрэліць. Але калі не займацца плянавым лячэньнем, фінал відавочны».

Жыльлё і машына пад сымбалічныя працэнты

А што можа сабе дазволіць у Даніі запрошаны паводле кантракту адмысловец зь іншай краіны? Як вырашаюцца пытаньні зь нерухомасьцю, банкаўскімі крэдытамі?

Паштовая скрыня прафэсара Лаўрыненкі ў пад’езьдзе дому

«Калі ў 2004-м я тут асеў і зьявіліся пэўныя пэрспэктывы, гады праз чатыры задумаўся пра жыльлё. Ну і якраз грымнуў крызіс дырэватываў у ЗША, калі нерухомасьць пад залогавыя дакумэнты раздавалі ўсім запар. У выніку банкі мелі залогі на залогі і піраміда рухнула. Таму нам адразу сказалі: давайце палічым ваш прыбытак, расходы, адпачынак і г.д. На жаль, дом дазволіць сабе ня можаце. Праз паўгода нагледзелі кватэру, яшчэ раз пералічылі — «А вось гэта іншая рэч, бярыце іпатэку».

Кошт трохпакаёвай кватэры Андрэй і Марыя будуць выплочваць 30 гадоў пад сымбалічныя працэнты. Прычым стаўку банк ад першапачатковых фіксаваных 7,5% пасьля падпісаньня дамовы зьнізіў, зрабіўшы яе гнуткай — цяпер яна ня можа перавышаць 4,5%, а фактычна на сёньня складае ўсяго 0,5%.

«Натуральна, можаш сабе дазволіць аўтамабіль, у гэтым выпадку тэрмін крэдытаваньня карацейшы, — працягвае ён. — Можна заплаціць цалкам, але навошта? У Даніі машыны дарагія, падатак даходзіў аж да 180%, цяпер крыху зьнізіўся. Чаму не скарыстацца і ня ўносіць часткамі? Калі ёсьць заробак, аўто не праблема. Зрэшты, у Біркеродзе я стаў амаль прафэсійным раварыстам: штодня накручваю пад 30 кілямэтраў на працу і назад».

Датчане шмат увагі аддаюць здароваму ладу жыцьця, заражаючы гэтым нават тых, хто ня надта абцяжарваў сябе фізычнымі нагрузкамі. Таму і Андрэй Лаўрыненка ў свае 58, апрача штодзённых велавандровак, займаецца вялікім тэнісам, гольфам, футболам. З дачкой Марыяй і ўнукам Пецем ладзяць выезды на марское ўзьбярэжжа і ў гістарычныя мясьціны. А ў восеньскі сэзон па беларускай звычцы выбіраюцца ў грыбы, што мясцовыя лічаць поўным дзівацтвам.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках