24 чэрвеня 2019, панядзелак, 19:41
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Генадзь Фядыніч: У міліцыі дрэнна ведаюць працоўнае заканадаўства

6
ГЕНАДЗЬ ФЯДЫНІЧ
ФОТА: GAZETABY.COM

Лідар незалежнага прафесійнага звязу дамогся выканання сваіх законных правоў.

Лідар прафзвязу РЭП Генадзь Фядыніч апавёў сайту palitviazni.info пра змяненне рэжыму адбыцця пакарання паводле «справы прафзвязаў» і невяртанне кампутарнай тэхнікі.

Нагадаем, што лідары прафзвязу РЭП Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік былі прызнаныя вінаватымі паводле ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу Беларусі («ухіленне ад выплаты падаткаў у буйным памеры»).

Суд Савецкага раёна асудзіў кіраўнікоў прафзвязу РЭП на 4 гады абмежавання волі без накіравання ва ўстановы адкрытага тыпу.

Згодна з умовамі «хатняй хіміі» Генадзь Фядыніч не меў права знаходзіцца за межамі сваёй кватэры пазней за 19-ю ў будні і не мог пакідаць кватэру ў выходныя. Таксама забароненае ўжыванне алкаголю на ўвесь тэрмін пакарання – 4 гады. Супрацоўнікі міліцыі падчас усяго тэрміну кантралююць выкананне гэтых умоваў, таму могуць прыйсці дадому да Фядыніча ў любы час дня і ночы.

Але на пачатку гэтага месяца крымінальна-выканаўчая інспекцыя Цэнтральнага РУУС Менска азнаёміла Фядыніча з унесенымі зменамі. Інспекцыя вызначыла новую адлегласць для выхаду з жылля (плошча пашыраная ад кватэры да паштовых скрыняў), а таксама вызначыла нормы, калі нельга выйсці з кватэры – з 21-й да 6-й гадзіны раніцы (раней было з 19-й да 6-й).

– Некаторыя называюць гэта прыніжэннем для мяне, але ніякага паслаблення тут няма з той простай прычыны, што паводле закону так і павінна быць, – кажа Генадзь Фядыніч. – У мяне працоўны дзень ненармаваны, а супрацоўнікі інспекцыі не могуць парушаць працоўнае заканадаўства паводле гэтага артыкула.

Я двойчы звяртаўся ў інспекцыю, звярталася кіраўніцтва нашага прафзвязу, і, урэшце, яны зрабілі тое, што павінны былі прапісаць з першага дня адбыцця пакарання.

Таксама я звяртаўся, каб далі дазвол прынамсі раз на месяц з'ездзіць у выходныя дні на лецішча, каб дапамагчы цешчы, але пакуль дазвол не даюць. Да гэтага часу звяртаўся ў вуснай форме з гэтай нагоды, але цяпер напішу заяву. Хай дадуць у адказе афіцыйныя тлумачэнні, на якой падставе адмаўляюць.

– Чаму Вам са студзеня вызначылі рэжым, які не суадносіцца з працоўным кодэксам?

– Мабыць, думаюць, што ім дазволена рабіць усё што заўгодна. У міліцыі ўвогуле дрэнна ведаюць працоўнае заканадаўства, бо ніяк не маглі зразумець, што такое ненармаваны працоўны дзень. У іх адзін адказ: "Мы так пастанавілі".

– Кампутарную тэхніку, якую забралі падчас ператрусаў у жніўні 2017 года, да гэтага часу не вярнулі?

– Не вярнулі, і мы нават не ведаем, дзе яна і што з ёй робіцца. Некалькі разоў звярталіся, але ў адказ таксама маўчанне. Так што куды ні кінь, а ўсюды беззаконне. Што хочуць, тое і робяць.