16 красавiка 2024, aўторак, 20:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Карозія трубы: Ці будзе хлор раз'ядаць нафтаправод «Дружба»

8
Карозія трубы: Ці будзе хлор раз'ядаць нафтаправод «Дружба»

Ці пагражае цяпер іржа галоўнай нафтаправоднай сістэме Расеі, рэзервуарам, танкерам і цыстэрнам?

У нафтаправод "Дружба" трапіла вялізная колькасць хлорутрымных злучэнняў. Забруджаная імі нафта, а гэта некалькі мільёнаў тонаў, ужо цэлы месяц забівае тысячы кіламетраў трубаў на тэрыторыі шэрагу краінаў, асабліва Беларусі, Украіны, Польшчы і Расеі, яе заліваюць у танкеры, адпампоўваюць у рэзервуары, вязуць у цыстэрнах. І паўсюль каразійна-небяспечная хлорарганіка датыкаецца са сталлю, піша "Нямецкая хваля".

Наколькі вялікая пагроза для наяўнай інфраструктуры і тэхнікі? Ці будзе цяпер іржа ўзмоцнена раз'ядаць найбуйнейшую транспартную сістэму для экспарту расейскай нафты, якой забяспечваецца, сярод іншых, Нямеччына? Па тлумачэнні журналісты звярнуліся да Ральфа Беслера (Ralph Bäßler), спецыяліста ў карозіі і антыкаразійнай абароне Федэральнай установы даследавання і выпрабавання матэрыялаў (BAM), якая ўваходзіць у структуры Міністэрства эканомікі і энэргетыкі ФРГ.

Дыхлорэтан не павінен датыкацца з вадой

У ходзе інтэрв'ю размова не ішла і не магла ісці пра ацэнку магчымых пашкоджанняў на канкрэтных аб'ектах "Дружбы": суразмоўца не валодае адпаведнай інфармацыяй. Ёй, хутчэй за ўсё, у поўным аб'ёме не валодаюць пакуль нават самі аператары трубаправодаў. Таму размова датычылася тых патэнцыйных пагрозаў, якія ўяўляе для сталёвых вырабаў хлорарганіка, сярод іншага – дыхлорэтан. Менавіта гэтае рэчыва, паводле паведамленняў расейскіх СМІ, і трапіла ў нафтаправод.

Галоўная небяспека, растлумачыў Ральф Беслер, узнікае тады, калі дыхлорэтан датыкаецца з вадой. Ён пачынае раскладацца і вылучаць хларыды, якія і выклікаюць карозію. "Пачынаецца класічнае выкрошванне металу – разбурэнне ягонай паверхні", – растлумачыў эксперт. Вада ў нафце заўсёды прысутнічае, таму ў тых партыях, дзе яе асабліва шмат, назапашваюцца хларыды.

У сутнасці гаворка ідзе пра саляную кіслату. Яна стымулюе працэс карозіі, які і без таго зазнае любая "звычайная" сталь. Аднак павышаную небяспеку хлорарганіка мае для легіраванай сталі, напрыклад, для нікель-хром-малібдэнавых сплаваў. Легіраваная сталь шырока выкарыстоўваецца ў абсталяванні нафтаперапрацоўчых заводаў.

Пры росце тэмпературы павялічваецца каразійная актыўнасць

На пытанне, якую ролю мае пры гэтым тэмпература, Ральф Беслер адказаў, што яе павышэнне вядзе да ўзмацнення каразійнай атакі. Так што на тых адрэзках трубаправода, якія пракладзеныя пад зямлёй, дзе тэмпература наўрад ці перавышае 10 градусаў паводле Цэльсія, пэўная канцэнтрацыя хларыдаў з'яўляецца "адносна бясшкоднай", мяркуе эксперт. Значна больш высокую небяспеку зазнае надземны трубаправод, асабліва пад уздзеяннем летняга сонца.

Крытычная сітуацыя ўзнікае тады, калі нафта з высокай канцэнтрацыяй хлорарганікі трапляе на нафтаперапрацоўчыя заводы (НПЗ), дзе тэмпература некаторых працэсаў істотна перавышае 100 градусаў. Але самую вялікую небяспеку з гледзішча карозіі, падкрэсліў эксперт, мае спальванне той нафты, у якую патрапіла хлорарганіка.

Ці, адпаведна, спальванне вырабленых з яе нафтапрадуктаў. Ральф Беслер, паводле ягоных словаў, цвёрда зыходзіць з таго, што НПЗ пры вытворчасці бензіну або, да прыкладу, прызначанага для ацяплення дамоў мазуту строга сочаць за тым, каб у іх не трапілі хларыды, хоць гэта і звязанае з дадатковымі выдаткамі. Але калі вытворчыя працэсы і кантроль якасці раптам дадуць збой і, тэарэтычна, у бензабак аўтамабіля патрапіць паліва з хлорам, то "матор зламаецца", прызнаў эксперт.

Для бруднай нафты патрэбныя рэзервуары са спецыяльным пакрыццём

На пытанне, як на стане трубаправода можа адбіцца тое, што забруджаная хларыдамі нафта тыднямі стаіць без руху, суразмоўца адзначыў, што сталая пратока для ўнутраных сценак трубы, вядома ж, лепш, чым стаялая нафта. Бо ўзрастае небяспека, што на тых адрэзках, дзе ў ёй асабліва шмат вады, карозія пойдзе паскоранымі тэмпамі. Тым больш калі гаворка ідзе пра адрэзкі надземнага трубаправода, якія награваюцца пад сонцам. Прычым награваецца ў асноўным верхняя частка трубы, куды вада пры цяжкай нафце якраз і падымаецца.

Падсумоўваючы сказанае, суразмоўца адзначыў, што месяц прастою трубаправода, запоўненага забруджанай хларыдамі нафтай, яшчэ нельга назваць крытычным тэрмінам. Працэс разбурэння ўнутраных сценак звычайных сталёвых трубаў трохі паскорыцца, але не больш. Значна больш небяспечна, паўтарыў ён, траплянне хларыдаў у абсталяванне НПЗ, якое працуе з высокай тэмпературай.

"Варта толькі пачацца паскоранаму выкрошванню металу, і яно ўжо не спыніцца, нават калі зноў пачне паступаць нафта стандартнай якасці", – падкрэсліў эксперт. Што ж тычыцца выкачвання забруджанай нафты з трубаправода ў рэзервуары, то ім варта было б мець спецыяльнае пакрыццё, якое абараняе іх ад дыхлорэтану, калі, паводле словаў суразмоўцы, менавіта ён з'яўляецца асноўнай праблемай.

"Наколькі я ведаю, звычайныя рэзервуары для нафты такога пакрыцця не маюць, яго хутчэй ужываюць на хімічных прадпрыемствах", – указаў у гутарцы з DW спецыяліст у карозіі нямецкай Федэральнай установы даследавання і выпрабавання матэрыялаў Ральф Беслер.

З ягоных словаў можна зрабіць выснову, што выцясненне, выпампоўванне забруджанай нафты з трубаправода "Дружба", якім цяпер, мяркуючы з паведамленняў СМІ, узмоцнена займаюцца расейскі, беларускі і ўкраінскі бакі, будзе спрыяць аднаўленню экспарту нафты, але не знізіць каразійную небяспеку. Толькі падвышаную рызыку зазнае ўжо не столькі сам нафтаправод, колькі задзейнічаныя ў ягонай ачыстцы рэзервуары, танкеры, чыгуначныя цыстэрны. Тым больш, што сценкі ў іх нашмат танчэйшыя, чым у трубаў. І ад уздзеяння летняга сонца яны не абароненыя.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках