28 сакавiка 2024, Чацвер, 21:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Паркоўку ля Нацыянальнай бібліятэкі нечакана аддалі сербскім сябрам Лукашэнкі і зрабілі платнай

16
Паркоўку ля Нацыянальнай бібліятэкі нечакана аддалі сербскім сябрам Лукашэнкі і зрабілі платнай

Менскія кіроўцы абураныя.

Няма тэмы сярод мінчукоў-аўтамабілістаў больш актуальнай, чым нястача паркавальных месцаў. Заўсёды і ўсюды. Увечары па вяртанні дадому і раніцай ля канторы. Хоць апошняе ўжо стала раскошай, вядома. Людзі пакідаюць свае аўтамабілі ў дварах, на зялёных зонах, на ходніках і паркоўках каля вялікіх гандлёвых цэнтраў. Але "кола" з кожным годам звужаецца, піша abw.by.

Прыклад - стаянка ў ГЦ Dana Mall, якая хутка стала транзітнай для ўсіх, хто заязджае ў места з боку Уручча. Ва ўсякім разе, так было да лютага 2019 года. Але потым кіраўніцтва цэнтра ўстала на абарону інтарэсаў уласных пакупнікоў, і пляцоўка ля метро "Усход" стала платнай. На ўездзе ў падземны паркінг і далей на адкрытую паркоўку былі ўсталяваныя шлагбаўмы і аўтаматы для выдачы талонаў. Дзве гадзіны стаянкі для наведвальнікаў гандлёвага цэнтра бясплатныя, а далей трэба плаціць па 2 рублі за гадзіну.

Меркаванні людзей з гэтай нагоды падзяліліся: хтосьці ўважаў такую развязку за справядлівую, бо амаль уся паркоўка была занятая аўтамабілямі, якія стаялі там не адну гадзіну і нават не адзін дзень. А нехта разважыў, што спагнанне платы з людзей - гэта занадта:

"Нягоднікі!.. У Беластоку ўсе паркінгі дармовыя, каму ваша "Дана" патрэбная?"

"Праязджаў увечары там. Жудасці. Уезд на паркоўку з вуліцы цалкам складаўся з стаялых аўто. Затор ніштаваты такі быў. Аб'ехаў бокам".

"Там у святы люд задушыцца ў падземным паркінгу. І так там душагубка была, нават з адкрытым выездам. А калі хтосьці на мяжы бясплатнага часу патрапіць у затор на выездзе, а потым будзе бегаць туды-сюды, каб аплаціць, то будзе поўны жах".

Пакрысе людзі прыстасаваліся да змен, а новым улюбёным месцам для ахвочых перасесці на грамадскі транспарт стала паркоўка каля Нацыянальнай бібліятэкі.

Акрамя работнікаў з размешчаных побач будынкаў дарэмнай паркоўкай актыўна карысталіся кіроўцы маршрутных таксовак, якія бавілі час да свайго наступнага рэйсу, а таксама ўсе жыхары найбліжэйшых абшараў і паселішчаў - і цяпер ужо пляц ля бібліятэкі стаў класічным прыкладам транзітнай паркоўкі.

Якое ж было здзіўленне людзей, калі ў сярэдзіне траўня на ўсіх уездах тут пачалі з'яўляцца шлагбаўмы. Паўтор зімовага эксперыменту? Па інфармацыю журналісты звярнуліся ў Нацыянальную бібліятэку.

"Пакуль падрабязнай інфармацыі мы не маем, - расказалі ў адміністрацыі бібліятэкі. - Прыблізна паркоўка стане платнай з 1 ліпеня, але гэтыя пытанні лепш задаваць "Зомэксу" (ЗТАА "Зомэкс Інвэстмэнт"). Яны будавалі ўвесь гэты квартал, яны ж і выкупілі гэтую тэрыторыю, а мы валодаем інфармацыяй рыхтык гэтак жа, як і ўсе астатнія.

Нібыта размова пакуль ідзе. Спадзяемся, што нам дадуць нейкі лапік паркоўкі для супрацоўнікаў і наведнікаў, але пакуль мы не маем аніякіх правоў на гэтую паркоўку. Больш падрабязная інфармацыя будзе тады, калі паркоўка пачне працаваць. Там ужо з'явяцца і інфармацыйныя плакаты што да наведнікаў і супрацоўнікаў бібліятэкі".

Атрымаць хуткі каментар у кампаніі ЗТАА "Зомэкс Інвэстмэнт" не выпала - замест тлумачэння падзей дыялог звёўся да стандартнай просьбы скласці запыт. Што ж, з нецярплівасцю будзе чакаць адказ на яго.

Нагадаем, "Зомэкс Інвэстмэнт" з'яўляецца забудоўнікам кварталу "Маяк Менска" - вялікага жылога раёна, які размясціўся адразу за гандлёвым цэнтрам.

Роўна гэтак жа мы не здалелі датэлефанавацца і ў адміністрацыю Першамайскага раёна.

Кампанію кантралююць сербскія мільянеры Драгамір і Багалюб Карычы.

Сербскія бізнэсоўцы даўно вядомыя і сяброўскімі сувязямі з Аляксандрам Лукашэнкам. Як паведамляюць сербскія СМІ, на запрашэнне Карычаў беларускі дыктатар у сакавіку 2009 года пабываў на самым папулярным сербскім гарналыжным курорце Капаоніку. Карычы ўважаліся за адных з самых уплывовых бізнэсоўцаў Сербіі за часам кіравання Слабадана Мілошавіча.

Афіцыйных адказаў пакуль няма, аднак усе ідзе да таго, што паркоўка з 1 ліпеня сапраўды стане платнай, а ўсім тым, хто налюбаваў гэта зручнае месца, давядзецца шукаць нешта новае.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках